Інфармацыйную кампанію “Рэкі без фасфатаў” праводзяць у Гудагайскай сярэдняй школе

13:50 / 13.04.2018

Цягам чатырох месяцаў вучні Гудагайскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі і геаграфіі Таццяны Станіславаўны Азацян праводзяць  інфармацыйна-экалагічную кампанію “Рэкі без фасфатаў”.

IMG-123280844852149d9c7efcc0a90ab5d7-V.jpg

Гудагайская школа не раз была ўдзельнікам экалагічных праектаў і станавілася  іх пераможцамі.  І сёння настаўніца біялогіі і геаграфіі Таццяна Станіславаўна Азацян ўспамінае, як школьнікі перамаглі ў рэспубліканскім праекце “Малым рэкам – вялікае жыццё”, як потым яны з жаданнем і цікавасцю ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях і інавацыйнай дзейнасці. І зусім не дзіўна, калі ў студзені выпаў шанс далучыцца да інфармацыйнай кампаніі “Рэкі без фасфатаў”, арганізатарамі якой сталі Цэнтр экалагічных рашэнняў і  Кааліцыя Чыстая Балтыка, настаўніца разам з юнымі эколагамі ўзяліся за работу.

– Удзельнікамі праекта з’яўляюцца 10 раёнаў з усёй рэспублікі, прычым тры з іх – Астравецкі, Смаргонскі і Лідскі – прадстаўляюць Гродзеншчыну,  – расказвае Таццяна Станіславаўна. – Пасля навучальнага семінара, які праходзіў у Мінску, мы са школьнікамі  ўзяліся за справы.

 А іх – цікавых, пазнавальных і карысных – было шмат.

– Не раз мама мне расказвала пра невялічкі вадаём, які быў  непадалёк ад нашай вёскі. Вада ў ім была чыстая і рыба вадзілася, –  расказвае адна  з удзельніц інфармацыйнай кампаніі Паліна Вянгроўская. – З цягам часу вада пазелянела, а рыба знікла. Чаму так адбылося? Гэтым пытаннем не раз задаваліся мае бацькі і суседзі.

І большасць з іх вінавацілі воды, якія сцякалі з палёў, ківалі на жывёлагадоўчую ферму, якая стаяла побач,  і ніхто нават не задумаўся, што прычына  можа хавацца ў фасфатах, якія ўтрымліваюць  мыючыя  сродкі, парашкі, гелі.

Школьнікі разам з настаўніцай  з галавой акунуліся ў інфармацыйную кампанію. Правялі анкетаванне  педагогаў і бацькоў, апрацавалі анкеты – і зразумелі, што не ўсе дарослыя ведаюць пра шкоду фасфатаў. І ўзяліся за наступны этап рэалізацыі экалагічнай кампаніі – інфармацыйна-прапагандысцкую работу.

–  У першую чаргу мы звярнуліся да кіраўніцтва дыскаўнтара “Остров Чистоты” і папрасілі дазволу  правесці інвентарызацыю ўсіх мыючых сродкаў, якія ёсць у магазіне, –  гаворыць  Таццяна Станіславаўна. – Нашу просьбу ўспрынялі станоўча і на працягу некалькіх дзён мы “працавалі” ў магазіне.

IMG-867ec127c0dfbaf1d86e80c46e119eda-V.jpg

–  Мы не раз звярталі ўвагу, што большасць пакупнікоў цікавіцца  коштам тавара, яго аб’ёмам і амаль ніколі не глядзіць на складнікі. Таму было прынята рашэнне  растлумачыць наведвальнікам  магазіна шкоду фасфатаў і іх уздзеянне на прыроду і здароўе чалавека, –  расказвае ўдзельніца праекта Вікторыя Гук.

Пакупнікі з удзячнасцю ўспрынялі парады школьнікаў. Вынікам работы ў магазіне стала размяшчэнне плаката аб тым, што ў магазіне прадаюцца безфасфатныя тавары, якія не шкодзяць нашым рэкам і азёрам,  – такіх было большасць,   і  запіс у Кнізе заўваг і прапаноў з просьбай прывозіць у магазін як мага больш безфасфатных тавараў.

IMG-54b62effeff31bab58173347c4d90abd-V.jpg

IMG-769be99f7c05f708ced8a6e17ec739c4-V.jpg

– Мы наведалі тры сельскія магазіны, размешчаныя ў нашай мясцовасці, пабывалі на ачышчальных збудаваннях, правялі майстар-класы, дзе вучылі  чытаць  этыкеткі,  наладзілі  водныя эстафеты для дзяцей і дарослых, арганізавалі флэшмоб “Рэкі без фасфатаў”, Максім Пятровіч зняў відэаролік “Куды сцякае вада з майго дома”, выпусцілі буклет і распрацавалі “Зялёныя парады” – словам,  чатыры месяцы мы стараліся рабіць усё магчымае, каб растлумачыць шкоду фасфатаў для прыроды і нашага арганізма. Па тых водгуках, якія мы атрымлівалі падчас наведванняў магазінаў, сустрэч і мерапрыемстваў, праведзеных у рамках кампаніі, можна меркаваць, што многае ў нас атрымалася, –  упэўнена настаўніца.

Але спыняцца на дасягнутым гудагайцы не збіраюцца – наперадзе яшчэ шмат работы. Толькі разам, упэўнены юныя эколагі, можна захаваць чыстыя рэкі, азёры і ўвогуле прыроду  для сваіх нашчадкаў.


Текст:
Фото: з архіва Гудагайскай СШ