Ваш участок формирует лицо нашего города - наведите порядок около своего дома

09:21 / 02.08.2017

Большасць гаспадароў імкнецца даглядаць і трымаць свае ўладанні ў чысціні і парадку. Аднак, наводзячы прыгажосць на сваім участку, не варта забываць і пра навакольную тэрыторыю, бо нават самы шыкоўны і арыгінальны дызайн на падвор’і сапсуе няскошаная за плотам трава.

Стан прылягаючай ля прыватных участкаў тэрыторыі – менавіта гэта стала аб’ектам увагі раённай санітарнай камісіі падчас чарговага выезду.

На гэты раз члены камісіі, у якую ўвайшлі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі рай­вы­­кан­кама Вік­тар Пашкевіч і памочнік урача-гі­гіе­ніста Астравецкага раённага ЦГЭ Ганна Вашчылка, адправіліся на вуліцу Бялькішкі рай­цэнтра.

trava1.jpg

trava2.jpg

Вуліца, якая не­калькі гадоў назад яшчэ была вёскай, уяўляе сабой прыватны сектар горада. Дамы розных памераў і планіроўкі адрозніваюцца і пры­­сядзібнымі ўчасткамі. Адны абмяжоўваюц­ца акуратна пастрыжаным газонам, у дру­гіх большую частку займае ага­род, трэція дэманструюць арыгінальны дызайн і разнастайнасць кветнікаў. Ёсць таксама ўчасткі, на якіх толькі будуюцца дамы – зразумела, што замест клумбаў тут пакуль «красуюцца» цэгла, дошкі, пясок і іншыя будматэрыялы.

Аднак кучы пяску ля плота сустрэліся не толькі на такіх пляцоўках, але і каля жылых дамоў – яны і выклікалі ўвагу санітарнай камісіі. Гара пяску і няскошаная трава «красаваліся» і ля будынка магазіна райспа­жыўтаварыства. Пункт гандлю не працуе, але гэта не значыць, што ён не павінен быць добраўпарадкаваны.

– Дровы, пясок і іншыя рэчы могуць знаходзіцца на прылягаючай тэрыторыі не больш трох сутак, – тлумачыць Ганна Вашчылка. – За гэты час іх трэба прыбраць ці перамясціць на тэрыторыю свайго ўчастка, дзе яны не будуць перашкаджаць іншым. У такіх выпадках мы накіроўваем гаспадарам рэкамендацыі, нагадваючы, што зрабіць гэта трэба своечасова.

Наступнае, што прыцягнула ўвагу рэйдавай брыгады – нескошаная трава ля плота аднаго з дамоў. Ніколі не разумела людзей, якія скрупулёзна акрэсліваюць і даглядаюць сваю тэрыторыю, не клапоцячыся аб тым, што за іх межамі. Маўляў, мае ўладанні заканчваюцца – а далей хай хоць бур’яном усё зарастае! Аднак за травой у пояс не будзе бачна і прыгажосці прысядзібнага ўчастка. Дык хто застаецца ў выйгрышы? І, можа, лепш усё ж абкасіць тых паўметра «нічый­най» прылягаючай тэрыторыі?

Справядлівасці дзеля трэба сказаць, такіх крытычных выпад­каў людской неахай­насці па вуліцы Бялькішкі было няшмат.

– Дажджы сёлета праходзяць часта, вось і расце трава як на дражджах, – скардзіцца адзін з жыхароў вёскі. – Рукі не даходзяць у парадак усё своечасова прывесці. Але заўтра-паслязаўтра абавязкова ўсё абкашу.

Асаблівых пару­шэнняў парадку мы не заўважылі. Але хочацца звярнуць увагу тых, хто вырашыў пашырыць межы сваіх клумбаў і за плотам: у такім выпадку даглядайце за кветкамі.

trava3.jpg

– А зараз давайце прой­дзем па вуліцы з боку шашы, – прапаноўвае Віктар Пашкевіч.

З гэтага ракурсу перад вачыма паўстаюць агароды, сады, неапрацаваныя палеткі, гаспадарчыя пабудовы – словам, тое, што з боку цэнтральнай вуліцы хавалася за сценамі дамоў.

– Усё, што знаходзіцца на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка – прыватная ўласнасць. Аднак, у адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, гаспадары павінны трымаць іх у парадку, – кажа Ганна Вашчылка. – У адваротным выпадку мы выпішам рэкамендацыі (падчас рэйду было выпісана 15 рэкамендацый) і калі іх не выканаць – можна быць прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці.

А яшчэ не варта забывацца, што ад  жадання ці нежадання гаспадароў навесці парадак на сваіх участках залежыць агульны выгляд нашага горада.

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.matskevich@tut.by

Текст: