Астравеччына на атамным форуме

15:41 / 05.04.2012
23 сакавіка ў футбольным манежы беларускай сталіцы завяршыла работу IV Міжнародная спецыялізаваная выстава-канферэнцыя Атамэкспа-Беларусь-2012”.

Астравецкі раён на выставе прадстаўлялі ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, завод “Радыёдэталь” і ўпершыню ў складзе асобнай экспазіцыі – раённы выканаўчы камітэт, які не толькі змястоўна пазнаёміў наведвальнікаў з месцам размяшчэння будучай АЭС, але і прадэманстраваў інвестыцыйную прывабнасць раёна.



Астравеччына – рэгіён прывабны

Зразумела, у сувязі з пераўтварэннем цяперашняга гарадскога пасёлка ў будучы горад энергетыкаў першай беларускай АЭС, шэраг сацыяльназначных пытанняў, такіх, як будаўніцтва школ, дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя, возьме на сябе дзяржава. Разам з тым жыхарамі будучага горада, безумоўна, будуць запатрабаваны і магазіны, і кафэ, і салоны прыгажосці, і забаўляльныя ўстановы, і фітнэс-залы...
Аднак было б у вышэйшай ступені няправільна, не па-гаспадарску, калі б ўсё гэта, і яшчэ, да прыкладу, які-небудзь боўлінг-клуб, таксама будаваліся выключна за бюджэтныя сродкі. Вось тут і павінен сказаць сваё важкае фінансавае слова прыватны бізнес. А ён, наш, беларускі, пакуль чамусьці вагаецца, нечага чакае. У адрозненне ад турэцкіх інвестараў, якія ўжо сёння не толькі выказалі дзелавы інтарэс да нашага рэгіёна, а і прыступілі да рэалізацыі канкрэтных праектаў.






Аб усім гэтым гаварыў падчас канферэнцыі, якая праходзіла ў кангрэс-холе бізнес-цэнтра “Вікторыя”, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
– Раённы выканаўчы камітэт гатовы пайсці насустрач любым інвест-праектам, за выключэннем незаконных, – падкрэсліў у сваім выступленні дакладчык.
Пераканацца ў тым, што Астравеччына сапраўды мае вялікую інвестыцыйную прывабнасць, можна было, наведаўшы экспазіцыю райвыканкама.
Яе непасрэдныя арганізатары, у ролі якіх выступілі аддзелы па справах моладзі, спорту і турызму, эканомікі, а таксама Дырэкцыя будаўніцтва АЭС, пастараліся, каб у наведвальнікаў склалася па магчымасці найбольш поўнае і грунтоўнае ўяўленне аб Астравеччыне – пачынаючы ад сімволікі, турыстычнай карты, адметнасцяў раёна і завяршаючы праектамі будучай забудовы горада.
Трэба адзначыць, прэзентацыя нашага раёна ў наведвальнікаў карысталася вялікай папулярнасцю. Вельмі часта ля астравецкага стэнда назіралася нават больш людзей, чым ля экспазіцыі “Росатама”. Прыхопленыя з сабой некалькі дзясяткаў турыстычных буклетаў і сувеніраў з раённай сімволікай разышліся за некалькі гадзін ужо ў першы дзень работы выставы.
Нехта прыходзіў да экспазіцыі з канкрэтнымі дзелавымі прапановамі, а многія і з жаданнем даведацца аб месцы сваёй будучай працы.
“У Астравец бы я паехаў!”





Гэта сённяшнія студэнты “атамных” спецыяльнасцей, якім праз нейкі дзясятак год прыйдзецца кіраваць рэактарам і турбінай, а перад тым прыняць удзел у будаўніцтве АЭС.
– У гэтым – ваша вялікая перавага ў параўнанні са студэнтамі анагалічных расійскіх факультэтаў, якія адправяцца працаваць на дзеючыя станцыі, – заўважыў у гутарцы з будучымі калегамі намеснік начальніка рэактарнага цэха Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Сяргей Горын. – Кіраваць рэактарам, абапіраючыся на тэарэтычныя веды – гэта адно. А калі табе яшчэ пашчасціла заспець стадыю будаўніцтва і ты, да прыкладу, ведаеш, дзе знаходзіцца той ці іншы трубаправод не толькі па падручніку, а і бачыў яго сам, удзельнічаў у яго мантажы – то гэта ўжо спецыяліст зусім іншага ўзроўню!
Маладыя людзі з вялікай увагай слухалі вопытнага прафесіянала, а затым углядваліся ў карту Астравецкага раёна, намагаючыся зразумець, дзе ж знаходзіцца тое месца, куды ім неўзабаве ехаць на працу.
Дарэчы, нікога факт пераезду на Астравеччыну не засмуціў. Хоць сярод нашых патэнцыяльных суседзяў па гораду было нямала як сталічных жыхароў, так і выхадцаў з не менш маляўнічых, чым наша радзіма, мясцін.
Менавіта з такога прыгожага горада Мазыра Марыя Алексіна, будучы інжынер паратурбінных установак АЭС, што само па сабе з’яўляецца фактам адметным: дзяўчына – інжынер атамнай элекрастанцыі.
– Не скажу, што бацькі адразу ўхвалілі мой выбар, – распавяла нам Марыя. – Але і не пярэчылі, хоць і жадалі бачыць мяне настаўніцай ці ўрачом. Мне ж заўсёды падабалася нешта новае, незвычайнае. Атамная энергетыка для нашай краіны якраз такой і з’яўляецца. А яшчэ я так падумала: чым сядзець і па прыкладу некаторых біцца ў істэрыцы – “Што ж яны там пабудуюць і як будуць станцыяй кіраваць?!” – дык лепш я сама буду ўдзельнічаць у будаўніцтве і працаваць на нашай беларускай АЭС.



Сфера новых тэхналогій і кантактаў

Трэба заўважыць, што падобныя спецыялізаваныя выставы – гэта не столькі дэманстрацыя “дасягненняў народнай гаспадаркі” з наступнай “раздачай” узнагарод, колькі месца для ўсталявання неабходных дзелавых кантактаў, заключэння дамоў і пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Таму з улікам атамнага характару мерапрыемства, усе прадпрыемствы і арганізацыі, якія заявіліся на ўдзел у выставе, маюць намер у той ці іншай ролі прыняць удзел у будаўніцтве атамнай электрастанцыі. І не абавязкова гэты ўдзел павінен тычыцца непасрэдна ўзвядзення ядзернага рэактара ці вырабу спецыяльнага абсталявання будучай АЭС.
Мінскі гадзіннікавы завод, напрыклад, дэманстраваў распрацаваную на прадпрыемстве сістэму спадарожнікавага назірання за рухам транспарту на будаўнічай пляцоўцы з улікам колькасці рэйсаў, месцаў прыпынку і г.д. Заўважым, што дадзеная сістэма выклікала высокую ацэнку Першага віцэ-прэм’ера Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ільіча Сямашкі, які на месцы даў даручэнне адпаведным службовым асобам дэталёва яе вывучыць і ўнесці прапановы аб мэтазгоднасці яе выкарыстання на будаўніцтве станцыі.
Інстытут ядзерных даследванняў “Сосны” знаёміў наведвальнікаў з найноўшымі тэхналогіямі бяспечнага захоўвання радыеактыўных адходаў.
Гіганты беларускага машынабудавання: МАЗ, БелАЗ, МТЗ дэманстравалі навінкі мадэльнага рада.
Вытворчае аб’яднанне “Інтэграл” вельмі зацікавілася прапановай, зробленай супрацоўнікамі Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, аб распрацоўцы электронных інфармацыйных табло, з указаннем бягучага радыяцыйнага фону. Пакуль выпускам дадзеных прыбораў у нашай краіне не займаецца ніхто. А ў недалёкай перспектыве іх неабходна ўстанавіць і ў Астраўцы, і ў буйнейшых населеных пунктах раёна. Ды і ў нашых суседзяў, думаецца, яны таксама будуць запатрабаваны. Прычым рабіць гэта трэба ўжо сёння, а не пасля пуску станцыі. Для таго, каб людзі вучыліся разумець, што гэта за рэч такая – радыяцыйны фон – і бачылі, як ён зменіцца пасля таго, як АЭС пачне дзейнічаць.



Экалогія ўжо пад кантролем

Экспазіцыя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыцягнула асаблівую ўвагу аўтара гэтых радкоў.
А прычынай стала віртуальная карта на вялікім плазменным экране, з абазначэннем на ёй дужа знаёмых населеных пунктаў: Міхалішкі, Гервяты, Трокенікі-1. Побач высвечваліся паказчыкі бягучага радыяцыйнага фону. Гэта не магло не здзівіць. Няўжо ў названых аграгарадках ужо дзейнічае аўтаматычная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі (АСКРА)? Тлумачэнні даў намеснік начальніка службы радыяцыйнага кантролю Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя Уладзімір Леанідавіч Самсонаў.
– Гэта яшчэ не АСКРА. Гэта – яе першыя звенні. У дадзеных населеных пунктах устаноўлены першыя аўтаматычныя пункты вымярэння магутнасці дозы гама-выпраменьвання. Працуюць яны ў рэжыме рэальнага часу. Таму тыя значэнні радыяцыйнага фону, якія мы бачым на экране, адпавядаюць дадзенаму канкрэтнаму моманту.





Чаму ў Гервятах 0,05 мікразівертаў у гадзіну, а ў Трокеніках 0,15? Гэта настолькі малыя значэнні, што іх можна лічыць аднолькавымі, адпавядаючымі натуральнаму фону, які характэрны для гэтага раёна.
У будучым мы плануем павялічыць колькасць пунктаў вымярэння ў вашым рэгіёне да 15. Размяшчацца яны будуць у найбольш буйных населеных пунктах.
Акрамя сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў зоне назірання АЭС будзе задзейнічана яшчэ адна вельмі эфектыўная сістэма аэразольных станцый, якая дазволіць, зноў жа ў рэжыме рэальнага часу, рабіць спектраметрычны аналіз паветра. Асобныя элементы гэтай сістэмы ў нашай краіне дзейнічаюць. Праўда, пакуль не ў пастаянным рэжыме. Аднак гэта не перашкодзіла з іх дапамогай адсачыць падзеі ў Фукусіме.
Поўную версію інтэрв’ю з прадстаўнікамі Мінпрыроды, у якім яны падрабязна раскажуць аб сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў рэгіёне АЭС і тым, як будзе ўплываць на яе “чалавечы фактар”; уплыве на прыроду Ігналінскай атамнай электрастанцыі і “слядах” Фукусімы ў Беларусі, чытайце ў адным з наступных нумароў “Астравецкай праўды”.


Што да вынікаў трохдзённай работы выставы, то яна пакінула станоўчыя ўражанні. Удзел у ёй каля ста прадпрыемстваў і арганізацый краіны, многія з якіх атрымаюць падрады на выкананне работ, пастаўку матэрыялаў і абсталявання для будаўніцтва і дзейнасці АЭС, яшчэ раз наглядна паказаў, наколькі значны і важны праект рэалізуецца ў Беларусі.


Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.