З берагоў Лошы да Нявы адправілася дэлегацыя прадстаўнікоў грамадскасці Астравеччыны ў пошуку адказаў на “атамныя” пытанні

08:05 / 14.11.2011

Па праўдзе кажучы, першапачаткова паездка задумвалася як экскурсія на дзеючую АЭС. Прычым менавіта такога праекта, які будзе будавацца ў Беларусі. Мэта цалкам зразумелая – пабываць там, чым нас так палохаюць праціўнікі атамнай энергетыкі, малюючы змрочнымі фарбамі сумныя перспектывы Астравеччыны. Убачыць на свае вочы, як і чым жыве мясцовы люд, пазнаёміцца з экалагічнай абстаноўкай рэгіёна, горадам энергетыкаў, якім неўзабаве мяркуецца стаць Астраўцу…
На жаль, пакуль гэтыя планы так і засталіся планамі. Бліжэйшы аналаг будучай беларускай станцыі – Калінінская АЭС. А там якраз “гарачая пара” – пуск чацвёртага энергаблока. Адным словам, не да экскурсій і “разявяк” з фотаапаратамі.
Прыняўшы да ўвагі абяцанні калінінскіх атамшчыкаў сустрэць астраўчан у наступным годзе, вырашылі час не губляць і адправіцца для пачатку ў адзін з інфармацыйных цэнтраў дзяржкарпарацыі “Росатам”. Усяго іх у Расіі 14. Ну а чаму выбар паў менавіта на той, што знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, думаю, тлумачыць не трэба.
Дарога – адзінае непрыемнае ўражанне ад гэтай паездкі. 13 гадзін у крэсле аўтобуса, хоць і камфартабельнага, не асалода. Тым больш ноччу. Лістападаўскі вечар шчыльна завесіў вокны транспартнага сродку яшчэ перад Полацкам – і экскурсантам нічога не засталося, як усю ноч беспаспяхова шукаць зручнае палажэнне для сваёй спіны ў аўтобусным крэсле.
Доўгачаканы прыпынак у Піцеры таксама мала суцешыў, таму што вадзіцелі астравецкага аўтапарка так разлічылі час у дарозе, што прывезлі астраўчан у паўночную сталіцу за чатыры гадзіны да прызначанага часу – ажно ў 5 гадзін раніцы! Зрэшты, акрамя аўтара гэтых радкоў, гэтым фактам, здаецца, ніхто больш не засмуціўся. Народ дружна высыпаў на вуліцу для начнога знаёмства з горадам.
Трэба прызнаць, што Санкт-Пецярбург ад бясонніцы не пакутуе. На вуліцах было не так шматлюдна, як можна было чакаць ад пяцімільённага горада. Бліжэй да 8-мі гадзін раніцы беларусы нават сталі сумнявацца, ці не ў святочны дзень – балазе, іх у Расіі нямала – яны прыехалі. А можа, уся справа ў тым, што, як заўважыў герой культавага фільма “Брат”, “Піцер, хоць і прыгожы горад, але – правінцыя”?
Спіны за некалькі газдзін хады размяліся, а вось ногі добра стапталіся. Не дзіва – асабліва дапытлівым прагулка на золку абышлася, па самых сціплых падліках, у дзесятак кіламетраў шляху. Тым не менш ніхто не выказаў жадання застацца ў аўтобусе – і ў прызначаны час экскурсанты ў поўным складзе ўваходзілі ў дзверы Інфармацыйнага цэнтра.
Размяшчаецца ён у адным з карпусоў тэхналагічнага ўніверсітэта. Знешне выглядае, мякка кажучы, не вельмі. Дарэчы, гэтакі ж некалькі неахайны выгляд мае большасць будынкаў агульнаграмадскага прызначэння ў цэнтры горада. Вядома ж, гэта не тычыцца тых збудаванняў, якія адносяцца да “залатога фонду” Санкт-Пецярбурга і якія мы маем магчымасць бачыць на глянцавых фотаздымках. Хачу заўважыць, што ў суб’ектыўнай выснове няма і блізка бурчання прыдзірлівага госця, які ў чужым воку “парушынку” заўважыў. Проста канстатацыя факта, які мае рацыянальнае тлумачэнне. Калі ў нас добраўпарадкаванне – гэта банальны рамонт, то ў Піцеры – рэстаўрацыя. Усё ж да будынкаў, якія памятаюць Пятра І і Кацярыну Вялікую, так проста з будаўнічымі рыштаваннямі не падступішся. Таму і здзіўляцца не прыходзіцца, што ў гарадской адміністрацыі адразу і да ўсяго адначасова рукі не даходзяць.
А вось інтэр’ер Інфармацыйнага цэнтра прыемна ўразіў – сучасны, адметны стыль афармлення; сонечныя, прывабныя колеры; мяккае асвятленне; багатае ІТ-начынне ў складзе сэнсарных і панарамных экранаў, інтэрактыўных рабочых месцаў наведвальнікаў.
У фае цэнтра нас сустрэла яго кіраўнік Алена Іванаўна Сімфероўская – мілая добразычлівая жанчына. Дарэчы, з беларускімі каранямі.
Пасля слоў вітання памятныя падарункі цэнтру – раённую кнігу “Памяць”, буклет “Астравецкі раён”, вырабы з саломкі Астравецкага дома рамёстваў і сувеніры ад калег з “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” – ад імя гасцей уручылі начальнікі аддзелаў Астравецкага райвыканкама В.І. Дземеш, А.У Трамбовіч і С.Л. Сяўко.
Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі ў Санкт-Пецярбургу – вельмі малады, дзейнічае толькі з красавіка гэтага года. Тым не менш за такі кароткі адрэзак часу ён паспеў заваяваць папулярнасць сярод жыхароў горада. Сеансы – менавіта так тут называюць тое, што прапаноўваюць наведвальнікам — распісаны на некалькі месяцаў наперад. Дзеля гасцей з Астравеччыны работнікі цэнтра мусілі ўнесці змяненні ў графік і адмовіць адной з дэлегацый свайго горада.
Сеанс для астраўчан пачаўся з дэманстрацыі навукова-папулярнага фільма “У міры з радыяцыяй”. Па праўдзе кажучы, для многіх ён стаў сапраўдным адкрыццём. Асабліва ў той частцы, дзе паведамлялася аб велічыні натуральнага радыяцыйнага фону. У Піцеры ён, напрыклад, у 3 разы большы, чым у Астрацы. Аднак не за кошт Ленінградскай АЭС, якая знаходзіцца ў 70-ці кіламетрах, а з-за гранітных берагоў Нявы. А на адным з папулярных бразільскіх пляжаў ён увогуле большы за астравецкі амаль у 100 разоў – і туды ездзяць на адпачынак людзі з усяго свету.
Але найбольш уразіла тое, што каля 60 % гадавой дозы радыяцыі мы атрымліваем не ад атамных электрастанцый і нават не ад рэнтген-кабінета ў паліклініцы, а ў сваіх уласных кватэрах і дамах! Інертныя радыёактыўныя газы, якія ўтвараюцца ў выніку дзялення ядраў урану глыбока ў недрах зямлі, пастаянна трапляюць у наша жытло. Так было заўсёды. З радыяцыяй жылі нашы продкі, з ёю жывём мы. Таму арганізм чалавека даўно прыстасаваўся да жыцця ў міры з радыяцыяй і нават не можа без яе існаваць!
Выступіў перад гасцямі з Астравецкага раёна і выкладчык тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй Акатаў. Яго выступленне было прысвечана праекту будучай беларускай АЭС. Навуковец падрабязна расказаў аб асаблівасцях праекта, бар’ерах бяспекі, якія ў ім прымяняюцца. Уся інфармацыя гучала на даступнай мове.
А яшчэ выкладчык адной з самых знакамітых расійскіх вышэйшых навучальных устаноў Расіі – той самай, дзе Дзмітрый Мендзялееў стварыў сваю перыядычную сістэму хімічных элементаў! – папрасіў перадаць астравецкім абітурыентам запрашэнне да паступлення ў гэты ўніверсітэт. У тым ліку і на “атамныя” спецыяльнасці.
А самае “смачнае” ўсіх чакала напрыканцы сеанса. Тое, што і прываблівае сюды шматлікіх гасцей – інтэрактыўная лекцыя па атамнай энергетыцы з выкарыстаннем найноўшых камп’ютарных тэхналогій.
Пакуль голас дыктара расказваў наведвальнікам аб мірным атаме, на панарамным, закругленым экране плошчай каля 30-ці квадратных метраў змянялі адна другую трохмерныя анімацыйныя карцінкі, якія ілюстравалі змест лекцыі. Блізкасць ад экрана, яго плошча і форма стваралі эфект амаль поўнай прысутнасці ў дзеі. Калі хвалі Нявы нечакана “хлынулі” проста пад ногі, некаторыя нават схапіліся за сталы і крэслы, каб застацца на “паверхні”.
Сур’ёзная лекцыя не стамляла, таму што час ад часу прапаноўвала наведвальнікам розныя інтэрактыўныя заданні. Такія, як віктарына альбо будаўніцтва АЭС уласнымі рукамі. Для гэтага на маніторах патрэбна было выбраць правільны адказ альбо патрэбны блок станцыі і з дапамогай кнопак кіравання вырашыць пастаўленую задачу.
Разлічаны сеанс на дзяцей. Але і дарослыя прынялі ў гульні-навучанні самы жывы ўдзел – успаміналі, спрачаліся, даказвалі, імкнуліся быць першымі… Нібы і не было да гэтага доўгай і стамляючай дарогі праз усю ноч…
Банальныя, як жыццё, словы – але дзве гадзіны адведзенага для нас часу сапраўды праляцелі непрыкметна. І калі б не прыспешваў час і не чакаў наперадзе Санкт-Пецярбург – невядома колькі б яшчэ затрымаліся тут госці з Астравеччыны.



Нова, карысна, даступна, пазнавальна – прыкладна такімі эпітэтамі перадавалі свае ўражанні ад наведвання Цэнтра ўдзельнікі паездкі. І ўсе ў адзін голас настойвалі, прасілі, каб падобная экскурсія не стала апошняй. Значыць, вандроўка ўдалася – і самы час падзякаваць тым, без каго яна не адбылася б увогуле: старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку, які падтрымаў ідэю; аддзелу па справах моладзі райвыканкама, які ўзяў на сябе клопатную справу шэрагу арганізацыйных пытанняў; раённай арганізаццыі ГА “Белая Русь”, якая аплаціла немалую частку дарогі; кіраўнікам практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія дэлегавалі сваіх работнікаў і аказалі ім неабходную фінансавую падтрымку; ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”, якая ўзгадняла пытанні прыёму дэлегацыі са сваімі расійскімі калегамі.
Што тычыцца нерэалізаваных планаў аб наведванні дзеючай АЭС – то яны абавязкова будуць выкананы! Было б толькі жаданне не замыкацца ў палоне догм і забабонаў, навязаных звонку думак і перакананняў, а дайсці да сутнасці сваім розумам…


Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.