Японская дэлегацыя наведала Астравеччыну

16:15 / 16.11.2010
4

У мінулую пятніцу Астравецкі раён наведала японская дэлегацыя, у склад якой уваходзілі сем супрацоўнікаў транснацыянальнай кампаніі “Mitsubishi Heavy Industries” на чале з віцэ-прэзідэнтам Ічыра Фукуе. У інфармацыйным цэнтры дырэкцыі будаўніцтва АЭС замежных гасцей сустракалі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта С.Б. Шапіра, намеснік міністра энергетыкі М.І. Міхадзюк, старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалька, кіраўніцтва дырэкцыі будаўніцтва АЭС.


Напярэдадні прадстаўнікі вядомай японскай кампаніі, якая больш чым стагоддзе працуе на сусветным рынку, сустракаліся з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, і тэма магчымых узаемаадносін была заяўлена не двухсэнсоўна: Беларусь цікавяць напрацоўкі кампаніі ў энергетычным будаўніцтве. Прыезд японцаў у Астравецкі раён, дзе запланавана пабудаваць першую беларускую атамную электрастанцыю і ўжо выкананы немалы аб’ём работ па падрыхтоўцы інфраструктуры, гэтую цікавасць канкрэтызаваў яшчэ больш: магчымы ўдзел у будаўніцтве першай беларускай АЭС кампаніі “Mitsubishi Heavy Industries”.

Але, перш чым размова зайшла пра справы, гасцей з Краіны ўзыходзячага сонца крыху пазнаёмілі з Астравеччынай – спецыяльна для гэтага нядаўна зняты відэафільм “Астравеччына. Пачатак” пераклалі на англійскую мову. Японцы глядзелі, слухалі, ветліва ўсміхаліся… А сапраўдную цікавасць праявілі да помніка Іосіфу Гашкевічу, першаму консулу Расіі ў Японіі: уважліва чыталі іерогліфы, што выбіты на пастаменце, фатаграфаваліся ля помніка.
Такую ж непадробную цікавасць праявілі яны і ў Мальскай бібліятэцы, калі аглядалі музейную экспазіцыю, прысвечаную “белавалосаму консулу”, разглядвалі кнігі, фотаздымкі. Зрэшты, што тут дзівіцца – думаю, кожнаму з нас было б прыемна, прыехаўшы ў Японію ці нейкую іншую краіну, прачытаць хоць слова на роднай мове…
Але гэта была, так бы мовіць, культурная праграма, якая суправаджала візіт японскай дэлегацыі. І ўсё ж не дзеля знаёмства з Астравецкім раёнам ды жыццём і дзейнасцю Іосіфа Гашкевіча ехалі прадстаўнікі вядомай ва ўсім свеце японскай кампаніі. З куды большай увагай яны слухалі ў інфармацыйным цэнтры расповед кіраўніка дырэкцыі будаўніцтва АЭС М.В. Філімонава пра тып атамнай электрастанцыі, якую плануецца пабудаваць у Беларусі, і тую работу, што ўжо зроблена ў раёне і праводзіцца зараз.
Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць. Таму гаспадары доўга стамляць гасцей размовамі не сталі, а прапанавалі экскурсію па аб’ектах будаўніцтва інфраструктуры АЭС. Спачатку японская дэлегацыя ў суправаджэнні адказных работнікаў дырэкцыі будаўніцтва АЭС і Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь наведала прамысловую піянерную базу каля Гудагая, дзе праведзена значная работа па будаўніцтву бетоннага завода для патрэб грандыёзнай будоўлі. Затым шлях гасцей ляжаў непасрэдна на пляцоўку, дзе плануецца пабудаваць атамную электрастанцыю – прычым па новай аўтамабільнай дарозе.
На пляцоўцы прадстаўнікам кампаніі “Mitsubishi Heavy Industries” расказалі і паказалі ўжо выкананы аб’ём работ, і тут размова ішла больш зацікаўленая: спецыялісты абменьваліся думкамі.
І яшчэ адным пунктам прыпынку ў маршруце вандроўкі японцаў па Астравеччыне стаў Гервяцкі касцёл Святой Тройцы – своеасаблівая візітная картка нашага раёна, які нікога не пакідае раўнадушным – так было і на гэты раз.
Дэлегацыя кампаніі “Mitsubishi Heavy Industries” не ўпаўнаважана была прымаць нейкія рашэнні ў працэсе візіту. Але японцы засталіся задаволены той падрыхтоўчай работай, якая ўжо праведзена ў раёне, і паабяцалі паведаміць пра сваё рашэнне аб магчымасці ўдзелу ў будаўніцтве першай беларускай АЭС у бліжэйшай перспектыве.


Ніна РЫБІК.