Астравец. Новы статус - горад!

15:17 / 07.05.2012

26 красавіка 2012 года было афіцыйна апублікавана рашэнне Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў №154 ад 4 красавіка 2012 года, зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 19 красавіка за нумарам 9/49531,  “Аб аднясенні гарадскога пасёлка Астравец Гродзенскай вобласці да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання”.


Такім чынам, згодна з літарай закона, менавіта з 26 красавіка Астравец з’яўляецца паўнапраўным носьбітам статусу горада.


Што ад гэтага набудуць новаспечаныя гараджане, аб чым ім давядзецца паклапаціцца ў бліжэйшы час і аб чым турбавацца не варта – у журналісцкім расследванні “Астравецкай праўды”.



А як у суседзяў?

Для пачатку тэлефануем у Іўеўскі райвыканкам. Усё ж апошнім населеным пунктам Гродзеншчыны, які змяніў статус гарадскога пасёлка на горад, з’яўляецца Іўе. І каму, як не яго жыхарам, ведаць усе перавагі і недахопы гарадскога жыцця?


Быў і час, каб узважыць усе “за” і “супраць” – статус горада Іўе набыў ажно ў 2000 годзе.


– Нічога асабліва не змянілася, – адказаў нам намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Веніямінавіч Чарняк, – Іўе, як быў невялікім гарадком, так і застаўся. У ім пражывае каля 8 тысяч жыхароў. Па гэтаму паказчыку мы адносімся да малых гарадоў. А гэта значыць, карыстаемся ўсімі ўстаноўленымі законам прывілеямі і льготамі, якія тычыцца развіцця гарадоў гэтай катэгорыі.


Адзінае, аб чым прыйшлося пашкадаваць пасля набыцця статусу горада, дык гэта аб страце прывілей выпускнікамі гарадскіх школ, якія раней пры паступленні ў ВНУ праходзілі па “сельскаму” конкурсу і мелі дадатковыя балы.



Нашым выпускнікам турбавацца не варта

У гэтым нас запэўніла намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч.


– На момант набыцця статусу горада Іўе знаходзілася ў іншай сітуацыі, чым сёння Астравец, – удакладніла Наталля Вікенцьеўна. – У пачатку 2000-х гадоў гарадскія пасёлкі сапраўды карысталіся “сельскімі” прывілеямі. Аднак у далейшым правілы паступлення былі зменены. Таму выпускнікі астравецкіх школ, якія не пражываюць пастаянна ў сельскай мясцовасці, ужо даўно лічацца гарадскімі і паступаюць у ВНУ па агульным конкурсе.


Тое ж самае тычыцца і харчавання школьнікаў. Як вядома, у сельскіх школах яно бясплатнае для ўсіх вучняў. А ў гарадскіх – за кошт дзяржаўнай датацыі харчуюцца толькі вучні 1-4 класаў. Так было, ёсць зараз і з набыццём Астраўцом статуса горада гэты парадак, зразумела, захаваецца.



Медыцына спадзяецца на горад энергетыкаў

– Статус горада, як такі, ніяк не адаб’ецца на развіцці сістэмы аховы здароўя нашага раёна – адказаў нам галоўны ўрач Астравецкай ЦРБ Валянцін Ігнатавіч Тачоны. – Колькасць штатных адзінак у бальніцы ці, да прыкладу, колькасць ложкаў залежыць не ад статусу, а ад колькасці насельніцтва горада. Таму нашы спадзяванні больш звязаны з перспектывай развіцця Астраўца як горада энергетыкаў беларускай атамнай электрастанцыі. Будзе расці, развівацца горад – будзем развівацца і мы.



А што з рэгістрацыяй?

Ці не прыйдзецца жыхарам горада стройнымі радамі шпацыраваць у накірунку аддзела па грамадзянству і міграцыі (ці “пашпартнага стала”, як прывыклі яго называць), каб замяніць у сваім пашпарце дзве літары – г.п. – на адну – г.? І ці не пацягне гэта за сабой дадатковых выдаткаў?


– Не прыйдзецца, – супакоіла нас начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Наталля Віктараўна Анімуцкая. – Вядома, адпаведнае ўдакладненне ў пашпарце зрабіць прыйдзецца. Дарэчы, працэдура гэта з’яўляецца бясплатнай. Звярнуцца трэба ў наш аддзел альбо да пашпартысткі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак гэта не той клопат, які патрабуе неадкладнай увагі – калі, вядома, у тым няма вострай неабходнасці. Таму, калі грамадзянін не пажадае зрабіць гэта ў асобным парадку, неабходная адзнака будзе зроблена падчас чарговай замены пашпарта.



Дакументы на кватэру

Тэхнічны пашпарт на дом ці кватэру з’яўляецца не менш важным дакументам, чым пасведчанне асобы грамадзяніна. А пры пэўных варунках, калі справа ідзе аб прыняцці ў спадчыну ці куплі-продажу нерухомай маёмасці, адна ці дзве нязначныя ў звычайнай размове літары могуць каштаваць чалавеку вялікіх страт. І добра, калі толькі маральных…


Загадчык Астравецкага бюро Ашмянскага філіяла РУП “Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Марыя Тадэвушаўна Чума патлумачыла, як быць жыхарам горада ў новай сітуацыі.


– Існуе інструкцыя “Аб парадку прысваення адрасоў аб’ектаў нерухомай маёмасці”, у пункце 40 якой гаворыцца: “Адрас нерухомай маёмасці лічыцца прысвоеным (змененым, ануліраваным) з моманту ўнясення адпаведнага запісу ў рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь”.


У сувязі з тым, што наш гарадскі пасёлак стаў горадам, у рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь, ва ўстаноўленым законам парадку будуць унесены адпаведныя змяненні і ў базе дадзеных г.п. Астравец будзе зменены на г. Астравец.


Такім чынам, пры звароце грамадзян з запытамі аб вырабе тэхнічных пашпартоў дамоў і кватэр у дакументах адрас аб’екта нерухомасці будзе ўказаны ў горадзе Астравец.


Дакументацыя на гарадскі пасёлак Астравец, якая была выдадзена намі раней, застаецца сапраўднай.  Таму спяшацца ў БТІ, каб перарабіць тэхнічныя пашпарты, няма неабходнасці.



Кіраўнікам варта паклапаціцца

Каму прыбудзе клопатаў у сувязі з набыццём Астраўцом новага статусу, дык гэта кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Праўда, не ўсім, а толькі тым, у назве якіх прысутнічае словазлучэнне ці абрэвіятура, якая азначае “гарадскі пасёлак”. Напрыклад: “Гімназія №1 г.п. Астравец”. Аб гэтым нам паведаміла загадчык юрыдычнага сектара  раённага выканаўчага камітэта Тамара Мікалаеўна Валэйка.


– Падобнае змяненне тычыцца назвы прадрыемства, арганізацыі ці ўстановы і, з юрыдычнай кропкі погляду, мае вельмі вялікае значэнне. Зразумела, адным росчыркам пяра кіраўніка такія змены не ажыццяўляюцца. Пераўзгадняць найменне прыйдзецца ў Галоўным упраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама ва ўстаноўленым законам парадку. Пячаткі, штампы таксама запатрабуюць унясення адпаведных змяненняў.



Падаткі і крэдыты

Згодна з законам гарады, у якіх пражывае менш за 20 тысяч чалавек, падпадаюць пад катэгорыю малых. Жыхары, прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі гэтых гарадоў карыстаюцца пэўнымі ільготамі ў падаткаабкладанні і крэдытаванні.


Па дадзеных апошняга перапісу, у Астраўцы пражывае каля 8-мі з паловай тысяч жыхароў.


– А гэта значыць, што ў нашым горадзе захаваецца спрошчаная сістэма падаткаабкладання і фіксіраваная стаўка падатку найму жылля – запэўніла нас Алена Генадзьеўна Пілецкая, начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб Астравецкай раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.


Аналагічную выснову зрабілі і ў “Беларусбанку”.


– Паколькі Астравец застаецца малым горадам, усе стаўкі па крэдытах, прадугледжаныя для жыхароў населеных пунктаў гэтай катэгорыі, застаюцца ранейшымі – паведаміла галоўны спецыяліст крэдытавання насельніцтва Алена Пятроўна Грамбоўская.



Падсумуем вынікі

Мы не мелі на мэце адказаць у адным артыкуле на ўсе пытанні, з якімі можа сутыкнуцца кожны асобна ўзяты жыхар Астраўца ў сувязі з набыццём гарадскім пасёлкам новага статусу.


Зразумела, штосьці засталося па-за нашай увагай, нешта, магчыма, яшчэ зменіцца, а нейкія пытанні паставіць перад намі само жыццё.


Тым не менш некаторыя вынікі можна падвесці ўжо зараз.


Сам па сабе статус горада не ўплывае ні на ранейшыя льготы, ні на нейкія новыя клопаты  яго жыхароў.


Дабрабыт горада, развіццё сацыяльнай інфраструктуры залежыць не столькі ад статусу населенага пункта, колькі ад колькасці яго жыхароў.


Неабходныя змяненні ў дакументы можна ўнесці па меры ўзнікнення неабходнасці.



Пасляслоўе

Наіўна было спадзявацца, што наданне Астраўцу статусу горада ўжо на наступны дзень прынясе яго жыхарам мноства нябачаных раней выгод і прывілей. Можа, таму і паціскаюць некаторыя плячыма – маўляў, навошта столькі шуміхі вакол гэтага статусу?


А калі нічога наўкол не змянілася,  то навошта сапраўды было “агарод гарадзіць”? Ну пражылі мы ў г.п. 54 гады і адзін дзень – жылі б і далей.


Жылі б, канешне… Заставаліся б і надалей датацыйным “апендыксам” на ўскраіне вобласці,  марылі б выправіць дзяцей калі не ў сталіцу, то хаця б у Смаргонь ці Ашмяны, а самі дажывалі б век тут, “пераціраючы” с суседам чарговую чутку, што не сёння – заўтра Астравецкі раён ліквідуюць і  далучаць да той жа Смаргоншчыны ці Ашмяншчыны, таму што раён – неперспектыўны.