Японские журналисты узнавали мнения о строительстве первой белорусской АЭС

15:44 / 18.05.2012

На мінулым тыдні Астравецкі раён наведалі японскія журналісты.


Увогуле прадстаўнікі самых розных СМІ апошнім часам бываюць у Астраўцы даволі часта. Але гэта не тычыцца рэпарцёраў і іншых гасцей з краіны ўзыходзячага сонца.


Якім ветрам занесла да нас карэспандэнтаў японскай газеты і адказы на якія пытанні яны шукалі на Астравеччыне высвятлялі іх калегі з  “Астравецкай праўды”.


Па ўсіх прыкметах газета «The Shizuoka Shimbun», журналісты якой і прыехалі ў наш раён – выданне рэгіянальнае. Друкуецца ў прэфектуры Сізуока, галоўным чынам падзеі ў ёй жа і асвятляе. Штосьці кшталту нашай абласной газеты. З той толькі розніцай, што выходзіць друкаванае выданне два разы на дзень – раніцай і вечарам – пяць разоў на тыдзень  і толькі ў суботу і нядзелю – адзін раз у дзень. Агульны наклад – 720 тысяч асобнікаў. Па гэтым паказчыку выданне займае месца ў чацвёртым дзясятку самых масавых газет свету.


Так што выданне, няма слоў, – аўтарытэтнае. Аднак дзе Японія – і дзе Астравеччына?! Якія ж журналісцкія сцежкі прывялі сюды, у няблізкі свет, калег з краіны ўзыходзячага сонца?


Адказ на гэта пытанне становіцца зразумелым, калі даведваешся, што Сізуока, як і Астравеччына — рэгіён атамны. Там, у горадзе Хамаока знаходзіцца АЭС, якую называюць самай небяспечнай атамнай электрастанцыяй Японіі. Падчас апошняга разбуральнага землятрусу і цунамі яна не пацярпела, хоць і знаходзіцца на тым жа самым узбярэжжы Ціхага акіяна, што і Фукусіма, усяго ў некалькіх сотнях кіламетраў ад шматпакутнай станцыі. Аднак мясцовым жыхарам не да спакою. Прычына таму – стык геалагічных пліт, на якім пабудавана АЭС і акіян, воды якога літаральна абмываюць агароджу станцыі.


А яшчэ прагнозы сейсмолагаў, згодна з якімі ў бліжэйшыя 30 гадоў у прэфектуры павінна адбыцца магутнае землетрасенне сілай звыш 8-мі балаў. Прычым верагоднасць прагнозу складае 87 працэнтаў…


Ёсць над чым задумацца. У пошуках адказаў аб будучым уласнай атамнай энергетыкі журналісты і падарожнічаюць па свеце. Адным з пунктаў іх маршруту, па зразумелых прычынах, стала Беларусь і, у прыватнасці, Астравец.


Тут, у Інфармацыйным цэнтры АЭС, карэспандэнты выдання Масашы Сузукі і Такешы Секімота сустрэліся з намеснікам старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Віктарам Збігневічам Свілам і намеснікам галоўнага інжынера Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Уладзімірам Дзмітрыевічам Горыным.


А пачалася размова ля светадыёднай карты, на якой пазначаны ўсе атамныя электрастанцыі свету. Японскія госці заўважылі, што АЭС у Фукусіме пазначана асаблівым указальнікам.


– Усе жыхары Астравеччыны ўважліва сачылі за развіццём сітуацыі ў Фукусіме, суперажывалі, спачувалі японцам, якія мужна трымалі ўдар стыхіі, – перахапіў запытальны позірк японскіх журналістаў Віктар Збігневіч.


Сёння ўсе АЭС Японіі прыпынілі вытворчасць электраэнергіі. Пакуль – часова. Ці стане часовае пастаянным – аб тым гаварыць рана. З уласцівай усходнім людзям няспешнасцю і разважлівасцю японцы ўзялі “тайм-аўт”, каб спакойна ва ўсім разабрацца.


Паездка журналістаў у “атамныя” краіны – адна з такіх спроб. Намаганне зразумець: а як у іншых?


Аб тым, як у нас, падрабязна расказаў Уладзімір Горын. Японскіх журналістаў асабліва цікавілі тэхналагічныя адрозненні праектаў Беларускай і Фукусімскай атамных электрастанцый, сістэмы бяспекі, якія будуць выкарыстаны на Беларускай АЭС, асаблівасці геалагічнай будовы пляцоўкі, якая выбрана для будаўніцтва станцыі, і тое, па якіх крытэрыях яна ўвогуле была прызнана лепшай, яе вышыня над узроўнем мора і многае іншае. Можна нават сказаць, што ўсё астатняе. Усе адказы карэспандэнты ўважліва выслухоўвалі на незразумелай для сябе мове ў выкладанні беларускага атамшчыка, а затым з не меншай увагай слухалі пераклад і старанна вымалёўвалі кожны іерогліф у сваіх самых звычайных папяровых нататніках – а не ў найноўшых планшэтніках, як можна было чакаць.


Калі размова з прадстаўніком дырэкцыі АЭС тычылася тэхнічных асаблівасцей атамнай электрастанцыі, то намесніка старшыні райвыканкама ўсходнія госці распытвалі аб гісторыі Астраўца і перспектыве яго развіцця. Цікавіліся, як успрынялі мясцовыя жыхары паведамленне аб аварыі ў Фукусіме і як увогуле ставяцца да будаўніцтва АЭС у рэгіёне.


У кароткай паўзе паміж інтэрв’ю свае пытанні журналістам з Японіі задаў і карэспандэнт “Астравецкай праўды”.


Як аказалася, нашу краіну супрацоўнікі японскай газеты наведалі ўпершыню. Перад прыездам сюды ведалі аб Беларусі толькі тое, што тут вельмі любяць хакей і што ў нас шмат лясоў, рэк і азёр.


У Мінску іх моцна ўразіла вялікая колькасць дыхтоўных, як даслоўна выказаліся японскія госці – велічэзных  каменных пабудоў.


Нейкага шкоднага ўздзеяння ад АЭС жыхары прэфектуры Сізуока і ўвогуле ўсёй Японіі да землетрасення і цунамі не адчувалі. Таму і стаўленне людзей да атамнай энергетыкі было надзвычай спакойным.


— Нават дакладную колькасць энергаблокаў у краіне мала хто ведаў, — заўважыў спадар Секімота. – Цяпер кожны ведае, што ў Японіі 55 ядзерных энергетычных рэактараў. Адносіны людзей да атамнай энергетыкі пасля аварыі ў Фукусіме, зразумела, змянілася. Аднак сказаць што ўсе сталі “супраць” – таксама нельга. Меркаванне людзей падзялілася на два пункты погляду. Многія лічаць неабходным тэрмінова закрыць усе АЭС. Але нямала і тых, хто выступае за далейшае развіццё атамнай энергетыкі пры ўмове правядзення самай строгай экспертызы ўсіх дзеючых АЭС і выпраўлення тых хібаў у будаўніцтве і праектаванні, якія былі дапушчаны на атамнай электрастанцыі ў Фукусіме.


Па якім шляху пойдзе Японія – з атамнай энергетыкай ці без яе – пакуль невядома. У адным можна не сумнявацца – японцы не прымуць неабдуманага, не ўзважанага, не разгледжанага з усіх бакоў рашэння, абумоўленага нейкімі  кан’юктурнымі меркаваннямі.


Будзем спадзявацца, што паездка ў Астравец дапаможа ім у здзяйсненні няпростага выбару.


Сустрэліся японскія журналісты і са сваімі калегамі з рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”. Найперш ім хацелася пагутарыць з галоўным рэдактарам газеты Н.А. Рыбік, якая прыехала ў Астравец з Хойнікаў пасля аварыі на Чарнобыльскай станцыі. Госці падрабязна распытвалі пра падзеі больш як 25-гадовай даўнасці, а таксама — пра адносіны перасяленцаў да таго факту, што на новым месцы іх жыхарства таксама будзе будавацца атамная электрастанцыя. Японцы з разуменнем  успрынялі паведамленне, што мясцовыя жыхары адносяцца да будаўніцтва АЭС як да дадатковага стымулу для развіцця тэрыторыі, зазначыўшы, што ў Беларусі з яе прыроднымі асаблівасцямі, напэўна, няма іншага выйсця для развіцця энергетыкі – і адначасова няма такой небяспекі, як у астраўной і сейсманебяспечнай Японіі.


Разам з тым японскія журналісты адказалі на шматлікія пытанні беларускіх калег аб дзейнасці свайго выдання, працы журналістаў, асаблівасцях жыцця японцаў. Такім чынам, прэс-канферэнцыя аказалася ўзаемнай.


А завяршылася сустрэча з японскімі журналістамі ля помніка Іосіфу Гашкевічу. Паведамленне аб тым, што на Астравеччыне жыў першы расійскі консул у Японіі, аўтар першага руска-японскага слоўніка з’явілася поўным сюрпрызам для нашых гасцей.


– Вы не ўяўляеце, што адчуваеш, калі пасля 20-гадзіннага пералёту ў невялікім беларускім гарадку бачыш японскія іерогліфы, – гаворыць японскі журналіст.


Так што атамная энергетыка не адзіная кропка судакранання далёкай Японіі і нашай Астравеччыны.



Эдуард Свірыд.