Михаил Филимонов: "Всю жизнь я строил электростанции"

11:30 / 04.05.2012

Вось ужо трэці год як у Астраўцы з’явілася новая ўстанова – Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі. І новыя людзі – яе супрацоўнікі, якія паступова, незаўважна ўліліся ў мясцовае асяроддзе… Пра якіх тым не менш карэнныя жыхары мала што ведаюць: хто яны, адкуль, над чым працуюць, пра што думаюць і мараць?..
“Астравецкая праўда” плануе ліквідаваць гэты прабел і пазнаёміць сваіх чытачоў – ведаем, што сярод іх ёсць нямала і тых самых супрацоўнікаў дырэкцыі, а таксама непасрэдных будаўнікоў атамнай электрастанцыі – з людзьмі, якія добраахвотна змянілі сталічную прапіску на астравецкую.
Першым, каго мы запрасілі ў імправізаваную гасцёўню “Астравецкай праўды”, стаў дырэктар ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” Міхаіл Васільевіч Філімонаў.


– Міхаіл Васільевіч, узнік своеасаблівы парадокс: нягледзячы на тое, што вы сёння – адна з найбольш вядомых асоб на Астравеччыне, бо пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам ажыццяўляецца, бадай, самы маштабны праект на тэрыторыі не толькі нашага раёна, але і ўсёй Беларусі, так званаму “шырокаму колу” жыхароў раёна пра вас мала што вядома. Раскажыце, калі ласка, хто вы, дзе вашы карані, якімі шляхамі-дарогамі прыйшлі да сённяшняй сваёй, не пабаюся гэтага слова, гістарычнай пасады? Адкуль увогуле бяруцца дырэктары такіх будоўляў?
– Ды свой я, дамарошчаны, звычайны беларускі вясковы хлопец…
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Клічаўскім раёне, што на Магілёўшчыне – не трэба блытаць з агульнавядомай “цэментнай” сталіцай – Крычавам. Наш раён знакаміты тым, што ў гады вайны там быў партызанскі край. А мая родная вёсачка Межнае – невялікая, двароў на сорак – адметная тым, што згубілася сярод непраходных балот. Да нас можна было даехаць толькі зімой, калі моцныя маразы скуюць дрыгву. А ва ўсе астатнія поры года дабрацца можна было альбо пешшу, па кладках, ці, у лепшым выпадку, на кані праз намошчаную грэблю. Таму не варта дзівіцца, што маці мяне нарадзіла дома, а не ў бальніцы – не было на чым і не было калі яе туды адвезці.
Школу я закончыў у 1975 годзе і адразу паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на будаўнічы факультэт. Выбар быў свядомым і асэнсаваным. Маці мая працавала рабочай у саўгаснай будаўнічай брыгадзе, і ўжо недзе пасля сёмага класа я кожны год на летніх канікулах падмяняў яе на рабоце. Тады і навучыўся будаўнічым азам – і кладку лажыць, і тынкаваць, і бетон замешваць… Будаўніцтва мне вельмі падабалася. А яшчэ намі тады кіраваў саўгасны прараб. Вельмі харошы быў чалавек – па-сялянску мудры, працавіты, чалавечны, майстар на ўсе рукі. І ў мяне з’явілася мара: стаць прарабам – як ён!
Інстытут закончыў у 1980 годзе, на той час быў ужо жанаты. Вярнуўся на радзіму, на Магілёўшчыну, стаў працаваць майстрам у БМУ-4. Але хутка давялося змяніць самую мірную прафесію будаўніка на суровыя армейскія будні – прыйшла павестка ў ваенкамат. Адслужыў два гады, вярнуўся – і даведаўся, што пачынаецца будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі – Мінскай АТЭЦ. Уладкаваўся туды – спачатку радавым мантажнікам, рабочыя тады атрымлівалі зарплату нашмат большую, чым інжынерныя работнікі. Але гэтыя мае меркантыльныя “хітрыкі” вельмі хутка раскрыліся, і мяне прызначылі майстрам: на будоўлі адчуваўся дэфіцыт кваліфікаваных інжынерных кадраў. Праз нейкі час – прарабам, начальнікам участка. Так што дзіцячая мара збылася вельмі хутка…


– Выходзіць, будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі – не першае ў вашай працоўнай біяграфіі, і гэта своеасаблівая спроба ў другі раз увайсці ў тую ж раку?! Чаму ж першая аказалася няўдалай?
– Не па маёй віне ці жаданні – гэтак жа, як не вінаваты ў гэтым тысячы будаўнікоў, якія працавалі ў дзевяностых гадах на ўзвядзенні Мінскай атамнай электрастанцыі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС невядома адкуль узяліся так званыя “зялёныя”, сталі мітынгаваць, перакрываць дарогі, патрабаваць закрыць будоўлю… І ўрад павёўся на гэтую дэмагогію – будаўніцтва станцыі, дзе ўжо выканалі значны аб’ём работ, было прыпынена.
Верыце: мне гэта да сённяшняга дня баліць! На той час паблізу Рудзенска ўзводзілася самая сучасная па тым часе атамная электрастанцыя, дзе да 1992 года павінны былі запусціць у эксплуатацыю два энергаблокі з водна-вадзянымі рэактарамі па тысячы мегават кожны – такія сёння паспяхова дзейнічаюць на Калінінскай, Ровенскай, Запарожскай АЭС. Уявіце сабе: каб тады будаўніцтва не прыпынілі, ужо дваццаць гадоў Беларусь мела б у дастатковай колькасці танную электраэнергію – наколькі прасцей сёння б вырашаліся многія энергетычныя праблемы. Шчыра кажучы, я доўгі час не мог пазбавіцца крыўды на тагачасны ўрад: ну як можна было прыслухоўвацца да гэтых крыкуноў, успрымаць усур’ёз іх дэмагогію і загубіць такую справу?!
І таму, як толькі пачалі весціся размовы аб неабходнасці будаўніцтва ў Беларусі сваёй атамнай электрастанцыі, я, на той час генеральны дырэктар “Белэнергабуда”, горача падтрымаў гэтую ідэю. І прыняў прапанову ўзначаліць ДУ “Дырэкцыю будаўніцтва АЭС”, якая выступае заказчыкам гэтай самай маштабнай будоўлі. Для мяне гэтае будаўніцтва, апроч іншага, – яшчэ і асабістае жаданне завяршыць тую работу, якую нам не дазволілі закончыць у 90-я гады. Цяпер, я ўпэўнены, ніхто і нішто нам не перашкодзіць паспяхова ажыццявіць гэты маштабны праект.


– Неяк у нас выпаў цэлы кавалак вашай біяграфіі – чым вы займаліся пасля таго, як было прыпынена будаўніцтва Мінскай АТЭЦ?
– Практычна ўсё свядомае жыццё я займаўся адной справай – будаваў электрастанцыі, самыя розныя, у розных гарадах і краінах.
Пасля таго, як было прыпынена будаўніцтва Мінскай атамнай станцыі, мне прапанавалі пасаду галоўнага інжынера на будоўлі Гомельскай цеплавой электрастанцыі, а неўзабаве я ўзначаліў гэтае будаўніцтва. Праца там была вельмі цікавая і прадуктыўная. За сем гадоў, з 1988 па 1995, мы пабудавалі тры энергаблокі па 180 мегават. Сёння гэта адна з самых перадавых цеплавых электрастанцый – вельмі прыгожая, дагледжаная, там працуе стабільны, зладжаны калектыў са сваімі традыцыямі… Я ганаруся, што маю дачыненне да будаўніцтва такога цудоўнага прадпрыемства. А Гомель пасля тых гадоў застаўся для мяне адным з самых любімых гарадоў – вельмі прыгожы, утульны, нейкі па-асабліваму родны. Вось Мінск, хоць у ім таксама пражыў нямала, такім так і не стаў. Так, ён чысты, прыгожы, цікавы… Але – не мой. Хоць дачцэ вельмі падабаецца менавіта Мінск, гэта – яе горад. А сыну, як і мне – Гомель. Ён, дарэчы, са сваёй сям’ёй так і застаўся там жыць, і дзякуючы гэтаму я там час ад часу бываю.
Пасля таго, як Гомельскую станцыю пабудавалі, расійскія калегі прапанавалі мне камандзіроўку ў Іран – там на працягу трох гадоў, з 1996 па 1999, мы будавалі цеплавую электрастанцыю на два энергаблокі па 300 мегават кожны.
Удзельнічаў таксама ў будаўніцтве Калінінскай і Смаленскай АЭС.


– Дарэчы, вы сочыце за лёсам пабудаваных вамі электрастанцый – гэта ж таксама свайго роду вашы дзеці?
– Вядома. І ганаруся, што і Гомельскай ТЭЦ, і электрастанцыя ў Іране паспяхова працуюць, выпрацоўваюць энергію, служаць людзям.
А вось Іракская так і не была ўведзена ў эксплуатацыю – да вялікага майго шкадавання. Мы распачыналі там з маім намеснікам і сябрам маштабнае будаўніцтва цеплавой электрастанцыі – шэсць энергаблокаў па 200 мегават кожны. Памятаю, прыехалі ўдваіх, першыя чатыры месяцы нават перакладчыка не было, а самі не ведаем ні англійскай, ні тым больш арабскай мовы – і трэба было арганізоўваць работу. Нічога, спраўляліся, вельмі хутка, хай сабе на бытавым узроўні, ужо маглі паразумецца з мясцовымі жыхарамі. Праз чатыры месяцы з’явіўся перакладчык, прыехалі спецыялісты – іх працавала на будоўлі каля трохсот чалавек, і яшчэ каля двух тысяч іракскіх рабочых.
А потым увачавідкі стала адчувацца набліжэнне вайны, да яе ішла падрыхтоўка паўсюль: капаліся акопы, узбройвалася мясцовае насельніцтва – хоць, як жартуюць там, хлопчыкі ўжо нараджаюцца са зброяй у руках – і з аўтаматам паміраюць… Амерыканцы актыўна шукалі ў Іраку хімічную, ядзерную, бактэрыялагічную зброю – усім было зразумела, што гэта толькі падстава для развязвання вайны. Як вядома, нічога не знайшлі – але гэта не стала перашкодай для таго, каб уварвацца ў Ірак у 2003 годзе. Большасць нашых спецыялістаў, у тым ліку і я, да таго часу ўжо пакінулі Ірак –мірная прафесія будаўніка мала спалучаецца з вайной, галоўная мэта якой – разбурэнне… Праўда, некаторыя расійскія будаўнікі пазней вярнуліся туды, паспрабавалі аднавіць будаўніцтва электрастанцыі, але неўзабаве іх папрасілі пакінуць краіну, папярэдзіўшы, што не могуць гарантаваць іх бяспеку. Наколькі я ведаю, іракцы самі спрабавалі прадоўжыць будаўніцтва, але ў іх не атрымалася – без падрыхтаваных спецыялістаў зрабіць гэта практычна немагчыма. Шкада.
Увогуле, Ірак і насельніцтва гэтай краіны, мне вельмі падабаліся. Ёсць у мясцовага насельніцтва, пры ўсёй нашай рознасці, нешта агульнае з беларусамі: яны такія ж простыя, адкрытыя, даверлівыя, шчырыя. Ірак тых часоў – гэта 2000-2002 гады – быў вельмі спакойнай краінай: мы ў любы час дня і ночы маглі пайсці ці паехаць, куды хацелі, без усялякай аховы – і ніколі ніхто не турбаваўся за сваю бяспеку. Сёння ў гэта нават цяжка паверыць, але ўсё было менавіта так. І калі я чую паведамленні пра злачынствы іракскіх тэрарыстаў, то проста не магу паверыць: я ведаў тамтэйшых людзей зусім іншымі.
Пасля таго, як вярнуўся з Ірака, мне прапанавалі працу ў “Белэнергабудзе” – спачатку намеснікам, а неўзабаве – генеральным дырэктарам. За гэты час мы пабудавалі яшчэ адну буйную электрастанцыю – Калінінградскую, дзе ў 2005 годзе былі запушчаны ў эксплуатацыю два энергаблокі па 450 мегават.


– Цяпер вы з’яўляецеся заказчыкам будаўніцтва атамнай электрастанцыі, магутнасць двух энергаблокаў якой перавышае ўсе тыя, разам узятыя, што вы ўжо пабудавалі за сваё жыццё. І ніхто, здаецца, больш не сумняваецца, што першая Беларуская АЭС праз пяць ці шэсць гадоў дасць першую электраэнергію.
Мясцовых жыхароў цікавіць іншае: хто пры гэтым будзе займацца інфраструктурай? Гэта таксама сфера інтарэсаў заказчыка – гэта значыць, вашай “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС”? Ці клапаціцца пра дзіцячыя садкі, школы, бальніцы, усю сацыяльна-бытавую сферу горада энергетыкаў Астраўца давядзецца мясцовай ўладзе?
– Без інфраструктуры немагчыма будаваць станцыю! Бо людзям, якія сюды прыедуць, трэба недзе жыць, іх дзеці павінны хадзіць у школы і дзіцячыя садкі, ім і іх родным трэба недзе лячыцца ў выпадку неабходнасці, недзе адпачываць, праводзіць вольны час. І наша Дырэкцыя з’яўляецца заказчыкам не толькі непасрэдна самой электрастанцыі і жылля для яе работнікаў, але і ўсёй неабходнай інфраструктуры горада энергетыкаў – Астраўца. Які будзе ўзводзіцца ў адпаведнасці з усімі горадабудаўнічымі нормамі: на пэўную колькасць жыхароў запланавана пабудаваць, у адпаведнасці з разлікамі, школы, садкі, лячэбныя ўстановы і г.д..
Іншая справа, што на сённяшні дзень да інфраструктуры пакуль не дайшла чарга. Ды і асаблівай патрэбы ў ёй няма – пакуль што з будаўнікамі не прыехалі іх сем’і, дзеці і г.д. Навошта, скажыце, будаваць школу і садок, калі яны будуць пуставаць?


– Ну, скажам, пуставаць яны не будуць – ужо сёння ў горадзе адчуваецца пэўны недахоп месцаў у дзіцячых дашкольных установах… Ды і ў выпадку неабходнасці такія аб’екты за дзень не пабудуеш…
– Гэта сапраўды так. Таму ў будучым годзе мы плануем распачаць будаўніцтва школы і дзіцячага садка – праектна-каштарысная дакументацыя для гэтых аб’ектаў падрыхтавана, засталося толькі даць “адмашку” будаўнікам. У гэтым плане мы працуем у цесным кантакце з мясцовай уладай, у прыватнасці, з раённым выканаўчым камітэтам.


– Большасць мясцовых жыхароў прыязна паставіліся да таго, што для будаўніцтва атамнай электрастанцыі была абрана менавіта астравецкая пляцоўка – гэта дае новыя перспектывы для развіцця рэгіёна, патэнцыяльныя месцы працы і г.д. Але не-не, ды і пачуеш: “Панаехалі тут…” Што б вы маглі сказаць такім “буркунам”?
– Перш-наперш тое, што я сам – ужо мясцовы жыхар, і не менш за тых, хто пражыў у гэтых мясцінах усё жыццё, зацікаўлены, каб усё тут было гэтак жа прыгожа і цудоўна, як і дагэтуль.
А што тычыцца “панаехалі”, дык гэта не з’яўляецца асаблівасцю Астравеччыны – гэта, напэўна, суправаджае навасёлаў на кожным новым месцы, і не абавязкова падчас маштабных будоўляў. Я ўспамінаю, як некалі ў нашай вёсцы саўгас пабудаваў новую вуліцу і гэткім жа незадаволеным “панаехалі” мясцовыя жыхары сустракалі тых, хто засяліўся ў новыя дамы – хоць гэта былі жыхары навакольных вёсак. На шчасце, гэтая заканамернасць вельмі хутка змяняецца іншай: новыя людзі становяцца мясцовымі жыхарамі, і адносіны да іх – адпаведнымі: як да сваіх.
Я спадзяюся, што хутка так станецца і ў нас. А каб гэта адбылося хутчэй, трэба – гэта маё глыбокае перакананне – як мага больш прыцягваць для работы на будаўніцтве станцыі мясцовых жыхароў. У гэтым я стараюся пераканаць і сваё кіраўніцтва: не варта захапляцца прыезджымі спецыялістамі, трэба як мага больш аб’ёмаў аддаваць мясцовым арганізацыям – вядома, толькі тыя з іх, якія яны ў стане выканаць па сваёй падрыхтоўцы, кваліфікацыі. Тады гэтая будоўля і гэтая станцыя стануць для іх сваімі, роднымі, месцам працы, ад паспяховасці якой залежыць дабрабыт іх сямей.
І затым, калі станцыя пабудуецца, трэба, каб мясцовая моладзь, закончыўшы адпаведныя навучальныя ўстановы і атрымаўшы спецыяльнасць, прыйшла сюды працаваць. І тады, праз некалькі гадоў, усе забудуць, хто сюды “панаехаў”, а хто – нарадзіўся і вырас, і гэты негатыў, нават калі ён сёння недзе і назіраецца, непазбежна знікне.


– А вы сам, Міхаіл Васільевіч, за тыя два гады, што жывяце ў Астраўцы, ці прывыклі да нашых мясцін, людзей? Разумею, што гэта – справа не аднаго дня і нават года, але ці становіцца для вас наш гарадок такім жа родным, як некалі – Гомель?
– Безумоўна. Як я ўжо сказаў, я ўжо астраўчанін – і па прапісцы, ці правільней будзе сказаць – рэгістрацыі, і па месцы жыхарства, і па светаўспрыманні. Я тут жыву, тут мой дом, мая сям’я. Цяпер вось з нецярпеннем чакаю лета, калі пачнуцца канікулы і прыедуць унукі з Гомеля – для іх тут раздолле: лес, Янаўскае вадасховішча – усё побач. У нас ужо з’явіліся свае сябры, свае ўлюбёныя месцы адпачынку, свае ягадныя мясціны, дзе мы збіраем чарніцы, брусніцы – іх вельмі любіць жонка, свае запаветныя грыбовішчы – пазамінулым летам я на ўскрайку лесу, зайшоўшы на якіх пяць хвілін, сабраў больш за паўсотні баравічкоў – ці ж гэта не цуд?
Вядома, мне тут вельмі падабаецца – ды ўвогуле, мне здаецца, што Астравеччына не можа не падабацца… І я перакананы, што яна вельмі хуткай стане роднай для тых, хто прыедзе сюды жыць і працаваць. А для мясцовых жыхароў яны стануць добрымі сябрамі і суседзямі, калегамі па працы і аднадумцамі па нейкіх захапленнях і агульных справах. І ніхто не будзе дзяліцца на “сваіх” і “чужых”.


Гутарыла Ніна РЫБІК.