Першае пасяджэнне аператыўнага штаба па будаўніцтву Беларускай АЭС прайшло ў Астравецкім райвыканкаме

08:43 / 29.03.2012

Даволі непрыкметна, без інфармацыйнай шуміхі і помпы, у Астраўцы адбылася знакавая падзея – на мінулым тыдні прайшло першае пасяджэнне аператыўнага штаба па будаўніцтву Беларускай АЭС. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўраду Беларусі – намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Іванавіч Міхадзюк і заказчыка – кіраўніцтва дырэкцыі будаўніцтва АЭС на чале з дырэктарам Міхаілам Васільевічам Філімонавым. Генеральнага падрадчыка прадстаўляў дырэктар аб’яднанай інжынірынгавай кампаніі ААТ “Ніжагародскі атамэнергапраект-ЗАТ “Атамбудэкcпарт” Валерый Ігаравіч Лімарэнка і яго шматлікая каманда, якая непасрэдна будзе займацца арганізацыяй будаўніцтва. На пасяджэнні штаба прысутнічалі таксама кіраўнікі буйнейшых будаўнічых арганізацый краіны, якія прэтэндуюць на тое, каб атрымаць падрад на “будоўлі стагоддзя”. Удзел у пасяджэнні штаба прымалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам.
Кожная добрая справа павінна пачынацца з малітвы – і, нягледзячы на тое, што пачатак пасяджэння зацягваўся з-за затрымкі расіян, яго галоўныя ўдзельнікі перш за ўсё наведалі Астравецкую царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе настаяцель Георгій Савіцкі адслужыў малебен на пачатак добрай справы. А затым ужо ў зале пасяджэнняў райвыканкама пачалося абмеркаванне задач і ходу пачатку будаўніцтва Беларускай АЭС.


Міхаіл Іванавіч Міхадзюк паставіў задачу перад генеральным падрадчыкам: работы на ўзвядзенні АЭС павінны пачацца ў пачатку красавіка, весціся арганізавана, у аптымальным тэмпе і не ў адну змену. У 2012 годзе на будаўніцтве Беларускай АЭС неабходна асвоіць 40 мільёнаў долараў ЗША – і гэта патрабуе напружанай работы.
Намеснік дырэктара ААТ “НІАЭП” па будаўніцтву Беларускай АЭС Юрый Аляксеевіч Пуставы акрэсліў праграмныя задачы, якія патрэбна выканаць на будоўлі ў гэтым годзе. У першую чаргу гэта будаўніцтва інжынерных сетак – газазабеспячэння, водазабеспячэння, каналізацыі, ачышчальных збудаванняў – на будаўнічай пляцоўцы і за яе межамі. Затым – будаўніцтва бетоннага завода, арматурнай гаспадаркі, сталовай, офісу генеральнага падрадчыка. Да пачатку ацяпляльнага сезона павінна быць уведзена ў строй газавая кацельня.
– Работы па ўзвядзенні Беларускай АЭС пачнуцца ў першай дэкадзе красавіка, – сказаў Юрый Аляксеевіч. – Ужо ў маі рабочыя павінны выйсці на катлаван. У чацвёртым квартале на будоўлі будзе працаваць паўтары тысячы асноўных рабочых.
– Спецыяльную будаўнічую арганізацыю для будаўніцтва Беларускай АЭС мы ствараць не будзем, – сказаў дырэктар НІАЭП Валерый Ігаравіч Лімарэнка. – Адсутнасць канкурэнцыі расхалоджвае, а нам патрэбны тэмпы і якасць. Патрабаванні да якасці работ будуць самыя жорсткія – будуецца не звычайны аб’ект, а атамная электрастанцыя. Таму сёння я хацеў бы асабіста пагутарыць з кіраўнікамі арганізацый, якія прэтэндуюць на ўдзел у будаўніцтве – хацелася б адчуць іх настрой і даведацца пра планы. Аб’ёмы на будоўлі будуць аддавацца на конкурснай аснове тым спецыялізаваным арганізацыям, якія дакажуць, што ў іх ёсць патэнцыял і магчымасці працаваць у патрэбным нам тэмпе і з належнай якасцю. Калі ж вызначаныя першапачаткова падрадчыкі па нейкіх прычынах стануць прабуксоўваць, іх аб’ёмы будуць перададзены іншым. Перавага аддаецца беларускім будаўнікам. Але гэта не азначае, што на астравецкай пляцоўцы яны стануць вучыцца будаваць АЭС – Беларускую атамную станцыю будуць узводзіць прафесіяналы, якія папярэдне пройдуць стажыроўку на будаўніцтве расійскіх АЭС, выканаўшы там вызначаныя для іх аб’ёмы. Калі там яны пакажуць, што здольны справіцца з пастаўленымі задачамі – будуць дапушчаны да работы на Беларускай АЭС. Асноўныя будаўнічыя работы пачнуцца ў красавіку 2012 года і павінны быць завершаны да 2017 года.
Першае пасяджэнне аператыўнага штаба па ўзвядзенні Беларускай АЭС прайшло ў дзелавой і канкрэтнай абстаноўцы. І нават дыскусійныя пытанні, якія ўзнікалі па ходу, вырашаліся тут жа, на месцы.
Гэта паказала, што генеральны падрадчык да ўзвядзення першай Беларускай АЭС гатовы – і тэарэтычна, і практычна. І каманда “Ключ – на старт!”, якая практычна прагучала 20 сакавіка, праз лічаныя дні выльецца ў канкрэтную работу на пляцоўцы будаўніцтва атамнай электрастанцыі.


Ніна РЫБІК.