Пабачыць, пачуць, данесці да людзей – такая задача стаяла перад журналістамі, якія на мінулым тыдні прыехалі на Астравеччыну ў рамках арганізаванага Нацыянальным прэс-цэнтрам прэс-тура, каб пазнаёміцца з работамі па падрыхтоўцы да будаўніцтва першай Белар

07:57 / 17.11.2011
3
Візіты журналістаў з самых розных выданняў і тэлекампаній у Астравец цяпер не рэдкасць. Гэта і зразумела: для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі тэма будаўніцтва першай Беларускай АЭС, якое неўзабаве распачнецца ў нашым раёне, з’яўляецца найбольш цікавай.
І ўсё ж у мінулы чацвер нават прывыкшыя да тэлекамер і дыктафонаў жыхары Астравеччыны былі крыху здзіўлены: такі масавы журналісцкі “дэсант” у нашым раёне ўсё ж бывае не часта. Калі сказаць больш дакладна, то першы падобны прэс-тур праходзіў гады са два таму.

Сярод удзельнікаў прэс-тура, у якім прынялі ўдзел журналісты вядучых тэлекампаній і тэлеграфных агенцтваў, усіх буйнейшых цэнтральных газет, былі і тыя, хто наведваў Астравец у рамках першага прэс-тура. Яны са здзіўленнем адзначалі: аб’екты інфраструктуры атамнай электрастанцыі, якія ім паказвалі тады, як і сам горад, змяніліся непазнавальна. Работа па падрыхтоўцы да пачатку ўзвядзення станцыі праведзена каласальная.
Ды што там сталічныя журналісты – самі жыхары раёна, калі працяглы час не бываюць, да прыкладу, у раёне вёскі Бялькішкі – хутка, дарэчы, яна ўвойдзе ў склад горада, якім неўзабаве стане наш гарадскі пасёлак, – з цяжкасцю пазнаюць знаёмыя, здавалася б, да драбніц мясціны.
На беразе рэчкі Кавалёўка, дзе два гады назад поўным ходам ішлі работы па ўзвядзенню жылых дамоў для будаўнікоў АЭС, цяпер — добраўпарадкаваная жылая зона з тратуарамі, дзіцячымі пляцоўкамі, так званымі малымі архітэктурнымі формамі. А эпіцэнтр будаўнічых работ перамясціўся ў першы мікрараён, куды ўжо падведзены магістральныя інжынерныя сеткі, пабудаваны чатыры вуліцы і нават тратуары, стаіць першы 56-кватэрны жылы дом, а стрэлы вежавых кранаў сведчаць, што неўзабаве будаўніцтва жылля працягнецца. Побач узводзяцца кааператыўныя дамы-прыгажуны для жыхароў Астраўца.
Піянерная вытворчая база вырасла, лічы, на голым месцы. Тыя, хто памятае колішнюю базу колішняй сельгасхіміі, ні за што не пазнаюць у комплексе вытворчых і адміністрацыйных будынкаў не тое, што яе саму, а нават месца, дзе яна знаходзілася. Магутныя бетонныя і растворныя вузлы магутнасцю 40 кубаметраў прадукцыі ў гадзіну; кампрэсарная станцыя; цэх дрэваапрацоўкі – на любым будаўніцтве патрэбны не толькі бетон і жалеза, але і драўляныя канструкцыі; складскі комплекс для захоўвання самых розных грузаў, што паступаюць сюды па спецыяльна пракладзеных чыгуначных пуцях; цэх арматуры і бетонных вырабаў – тут будуць рабіць усё неабходнае: плітку, бардзюры, бетонныя кольцы для добраўпарадкавання; адкрытая пляцоўка для зборкі жалезабетону; комплекс будынкаў для тэхнікі – гаражы, майстэрні і г.д.; аўтазаправачная станцыя… Усё гэта — сённяшняя аб’яднаная піянерная база, з дапамогай якой і пачнецца будаўніцтва спачатку вытворчай базы на пляцоўцы АЭС, а затым і сама “будоўля стагоддзя”, як паспелі ахрысціць журналісты будаўніцтва першай Беларускай АЭС.












Новая, роўная, як люстра, аўтадарога, якая злучыць трасу Мінск-Вільнюс і пляцоўку будаўніцтва АЭС, добраўпарадкаваная ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі; чыгунка, што пралягла паралельна ёй; кальцавая развязка непадалёк ад Бялькішак, каля якой распачалося ўжо новае будаўніцтва – інвестары вырашылі, што тут найлепшае месца для аўтазаправачнай станцыі – усё гэта выклікала непадробную цікавасць дапытлівых журналістаў.
Хоць найбольшы інтарэс у іх, вядома, быў да пляцоўкі, якая стала заключным акордам вандроўкі па Астравеччыне і куды ў хуткім часе пабочным уваход без спецыяльнага дазволу будзе забаронены. На гэтым месцы да 2017 года будзе пабудаваны першы, а затым – і другі энергаблок першынца беларускай атамнай энергетыкі – і зразумела, што кожнаму ва ўласным архіве хочацца мець гістарычныя відэа-і фотаматэрыялы, па якіх некалі яны будуць расказваць і паказваць нашчадкам, як усё пачыналася… У першы свой прыезд журналісты маглі тут зняць толькі чыстае поле, на якім ішлі земляныя работы. Сёння ж тут актыўна вядзецца будаўніцтва – канешне, пакуль што не самой АЭС, як паведамілі ў свой час “бачанае на ўласныя вочы” высокія літоўскія чыноўнікі, а неабходных аб’ектаў інфраструктуры: адміністрацыйных будынкаў, вытворчай базы.
А каб не ўпадабляцца гэтаму чыноўніку і не рабіць памылковых высноў з убачанай “карцінкі”, журналісты засыпалі пытаннямі кіраўніцтва дырэкцыі будаўніцтва АЭС і старшыню райвыканкама і на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў інфармацыйным цэнтры, і падчас падарожжа па Астравеччыне. І трэба адзначыць: кіраўнік раённай вертыкалі А.Д. Кавалька, дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі РБ М. М. Груша, намеснік дырэктара РУП “БЕЛНІПІЭНЕРГАПРАМ” С.В. Чарнавусаў, дырэктар ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” М.В. Філімонаў, яго намеснік А.В. Баркун, галоўны інжынер дырэкцыі А.М. Бондар і намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу У.Д. Горын былі максімальна адкрытымі і шчыра адказвалі на ўсе пытанні журналістаў, нават самыя каверзныя.
Хоць, па праўдзе кажучы, “каверзнасць” некаторых з іх межавала з некампетэнтнасцю. Ну сапраўды, калі чалавек збіраецца пісаць – і піша самаўпэўнена і пераканаўча пераважна ў змрочных інтанацыях ад імя аднаго з вядучых тэлеграфных агенцтваў пра будаўніцтва АЭС, то варта хоць бы ўнікнуць у тэму. Але калі на прэс-канферэнцыі цікавяцца, колькі на будаўніцтве АЭС працуе жыхароў вёсак Шульнікі і Валэйкуны (у якіх сёння, па дадзеных Варнянскага сельскага Савета, і тры дзясяткі працаздольных жыхароў на дзве вёскі не набярэцца, не кажучы ўжо пра людзей адпаведнай будаўнічай спецыяльнасці); ці на пляцоўцы просяць “паказаць пальцам”, дзе будзе размешчана саджалка-ахалоджвальнік – пры тым, што ўжо “сто гадоў сцвярджалі свету” ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, што такой саджалкі не будзе ўвогуле, а для ахалоджвання будуць выкарыстоўвацца спецыяльныя градзірні; альбо цікавяцца, ці будуць адсяляцца тыя ж Шульнікі і Валэйкуны і колькі ўжо адселена хутароў (!!!), то, прабачце, міжволі ўзгадваецца стары анекдот. Той самы, у якім чукча, дэлегат з’езда пісьменнікаў, у адказ на пытанне, што ён чытае і якія творы і аўтары яму найбольш блізкія, адказвае, што чукча – не чытач, а пісьменнік.



Хоць справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што большасць журналісцкіх пытанняў было, што называецца, па сутнасці. Заканамерна, што сёння многіх цікавіць, ці паўплываў крызіс на тэмпы будаўніцтва і якія прагнозы ў гэтай сувязі на будучае? Адказ М.В. Філімонава, магчыма, расчаруе некаторых: не паўплываў, усе работы вядуцца ў адпаведнасці з графікам і нават з некаторым яго апераджэннем. І ў наступным годзе замаруджвання тэмпаў не чакаецца. Пачынаючы з 2007 года, на будаўніцтве інфраструктуры АЭС асвоена прыкладна 450 мільярдаў рублёў – і ад гэтых укладанняў ёсць канкрэтны, відавочны плён і для будаўнікоў, і для ўсіх жыхароў раёна – якіх, дарэчы, так старанна фатаграфавалі і здымалі на тэлекамеры журналісты. Умовы, у якіх жывуць будаўнікі, дастаткова камфортныя: гэта не баракі і вагончыкі, з якіх некалі пачыналі большасць грандыёзных будоўляў, а камфартабельнае жыллё двух тыпаў – службовае і спецыяльнае, у якое, у адпаведнасці з іх статусам, засяляюць будаўнікоў ці супрацоўнікаў дырэкцыі.
На пытанне, ці чакаецца адток кадраў з гаспадарак, прадпрыемстваў, арганізацый раёна на будаўніцтва АЭС, старшыня райвыканкама адказаў, што такая магчымасць прагназуецца, і кіраўнікам ужо сёння трэба думаць над тым, чым і як утрымаць сваіх работнікаў і захаваць калектывы. Многія з іх пайшлі па шляху аказання паслуг на будаўніцтве розных аб’ектаў інфраструктуры – і атрымання на гэтым сродкаў. Гэта можна сказаць пра РУП ЖКГ, ПМС, МПМК-158, лясгас, ДРБУ-159, аўтапарк. Ёсць дзе прымяніць сілы і іншым, калі падысці да справы творча – да прыкладу, не толькі сістэма грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, але і некаторыя сельгаскааператывы кормяць будаўнікоў і зарабляюць на гэтым.
Галоўны інжынер А.М. Бондар па просьбе журналістаў даступна расказаў пра прычыны самых буйных аварый на атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Фукусіме – і растлумачыў, чым рэактар, які выбраны для Беларускай АЭС, адрозніваецца ад тых, што працавалі на гэтых станцыях, і ў чым яго перавагі. Яны – у дадатковых сістэмах бяспекі. З-за іх і кошт беларускай станцыі будзе на парадак большым. Але на бяспецы ў Беларусі эканоміць не будуць.
Не была абыдзена журналістамі і тэма будаўніцтва атамных электрастанцый ці падобных намераў у нашых суседзяў – у Калінінградскай вобласці Расіі, у Польшчы, Літве. І ў сувязі з гэтым парадаксальных, з кропкі гледжання звычайнай логікі, адносінаў бліжэйшых суседзяў да будаўніцтва Беларускай АЭС. Па меркаванні літоўскага боку, атамная электрастанцыя ў Вісагінасе, якая будзе пабудавана ў 2-3 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю і стане выкарыстоўваць для вытворчых патрэб ваду транспамежнага возера Дрысвяты, ніякага ўздзеяння на Беларусь мець не будзе. Затое Беларуская АЭС, за 53 кіламетры ад Вільнюса, на думку суседзяў, апрыоры стане смяротна небяспечнай для суседняй рэспублікі і яе сталіцы. Што гэта: звычайны абсурд ці палітычныя гульні?
Галоўнае ж пытанне, якое цікавіла журналістаў: чаму так марудна прасоўваюцца работы па будаўніцтву атамнай станцыі, чаму так доўга ідзе ўзгадненне дакументаў з расійскім бокам? Ну як тут не ўспомніць народную казку пра лёгкі хлеб і ваўка, які, паспытаўшы смачнага хлеба, усё пытаўся, як хутчэй яго можна атрымаць. Пабудаваць АЭС – гэта не ферму ўзвесці і нават не завод. Як слушна заўважыў А.М. Бондар: “Мы не проста будуем новае прадпрыемства – АЭС. Мы ствараем цэлую галіну – атамную энергетыку”. Таму працэс распрацоўкі дакументаў, затым іх шматлікіх праверак, узгадненняў, падпісання – той карпатлівай работы, якая нябачна недасведчанаму, але вельмі важная, не такі хуткі, як хацелася б найбольш нецярплівым. Хоць усё, як было адзначана на прэс-канферэнцыі, ідзе сваёй чаргой. Ужо падпісана кантрактнае пагадненне з расійскай кампаніяй “Атамбудэкспарт”, якая будзе весці будаўніцтва, неўзабаве чакаецца падпісанне генеральнага кантракта, які і дасць старт будаўніцтву атамнай электрастанцыі на Астравецкай пляцоўцы.
Так што падобны прэс-тур, як і асобныя візіты журналістаў з розных выданняў на Астравеччыну, трэба думаць, будуць працягвацца.


Ніна РЫБІК.
Фота Эдуарда СВІРЫДА.