Да 25-годдзя аварыі на ЧАЭС. Як гэта было

15:31 / 26.04.2011





Дваццаць пяць гадоў таму здарылася трагедыя, якая накрыла сваёй нябачнай і небяспечнай хваляй сотні населеных пунктаў. Подых яе адчуваецца нават зараз. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі… Разбураныя хаты, зараслі хмызняку і бур’яну і пустэча там, дзе калісьці бурліла жыццё.
Ліквідоўваць наступствы пасля аварыі з кожнай вобласці накіроўваліся спецыяльныя атрады. У іх склад уваходзілі і сённяшнія супрацоўнікі Астравецкага аддзела ўнутраных спраў – старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай часці Генадзь Альбінавіч Драб і старшы ўчастковы інспектар міліцыі Іван Станіслававіч Мацкойць. Іх мы і папрасілі падзяліцца ўспамінамі аб тых днях.


–Як, калі, пры якіх абставінах і куды вы былі накіраваны ліквідоўваць вынікі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі?




Генадзь Альбінавіч:
Тады я яшчэ працаваў у Бешанковіцкім аддзеле ўнутраных спраў на пасадзе інспектара дарожна-паставой службы. У кастрычніку 1986 года ад Віцебскай вобласці было накіравана на Гомельшчыну падраздзяленне ў складзе 18 чалавек. У гэтай групе знаходзіўся і я. Размясцілі нас па пунктах выезду з 30-кіламетровай зоны. Васемнаццаць чалавек павінны былі абслугоўваць 4 стацыянарныя пасты і 1 – аўтамабільны. Я пастаянна знаходзіўся на адным пасту. Тут жа мы і пасяліліся, самі стварылі сабе ўмовы для пражывання і на працягу месяца жылі і выконвалі свае абавязкі.




Іван Станіслававіч:
Пачынаючы з 1986 года, кожны месяц па чарзе фарміраваліся атрады, якія накіроўваліся ў зону аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У жніўні 1987 года надышоў і наш час – па разнарадцы Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскай вобласці быў створаны другі зводны атрад, у які трапіў і я. Накіравалі нас у Хойніцкі раён, вёску Бабчын. Вялікая вёска, школа там была, у будынку якой, дарэчы, нас і размясцілі. Выдалі спецыяльнае адзенне, дазіметры. Атрад уключаў у сябе чалавек 40. Суткі мы дзяжурылі, суткі адпачывалі.
–Што адчувалі, калі ехалі на месца прызначэння і калі вярталіся дадому?
Генадзь Альбінавіч: Шчыра кажучы, не пакідала пачуццё нейкай нявызначанасці і невядомасці. Гэта зараз да драбніц вядома, што адбываецца ў Японіі, а тады заставалася толькі здагадвацца: што ды як? Пакуль ехалі, здавалася, нармальнае жыццё навокал, а як сталі набліжацца – нейкі незразумелы цяжар ціснуў: што там будзе? Адна справа – чуць нешта, і зусім іншая – убачыць і адчуць самому. Хаця радыяцыю адчуць немагчыма. Стараліся нікуды не лезці, паменш наведвацца ў лес, падтрымліваць чысціню і парадак, бо пыл утрымлівае радыяцыю.
А калі вярнуўся дадому, спачатку адчуў на сябе, што людзі мяне крыху пазбягаюць. Не, за руку віталіся, але часам коса і насцярожана паглядвалі. Але гэта прайшло.
Іван Станіслававіч: Хочаце спытаць, ці было страшна? Ды не. Проста ведалі, што трэба выканаць заданне. Што зробіш – служба ёсць служба. Хаця пэўнае хваляванне і насцярожанасць, канешне, прысутнічалі.
–Што ўваходзіла ў вашы абавязкі?
Генадзь Альбінавіч:
Нашай задачай было аказваць дапамогу супрацоўнікам грамадзянскай абароны. Мы ажыццяўлялі транспартны кантроль. Кожны аўтамабіль ці іншы транспарт, які выязджаў з 30-кіламетровай зоны, павінен быў прайсці дазіметрычны кантроль. Калі патрэбна, адпраўлялі машыны на мыйку. Дзяжурылі па двое па 12 гадзін, пасля змяняліся. У асноўным увесь час знаходзіліся на пасту і займаліся сваёй справай.
Іван Станіслававіч: Наш атрад ажыццяўляў ахову грамадскага парадку ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах. Бо хапала ахвочых пажывіцца за кошт агульнай трагедыі. Дзяжурылі па два чалавекі. З раніцы нас развозілі па розных вёсках – і суткі мы сачылі, каб там быў парадак.
– Што ўразіла і запомнілася больш за ўсё?
Генадзь Альбінавіч:
Наш пост знаходзіўся прыкладна ў 8-мі кіламетрах ад Хойнік. І аднойчы мы сталі сведкамі вяселля. Так зразумелі, што гэта было першае вяселле пасля аварыі. Маладыя ехалі фатаграфавацца да нейкага помніка. Уразіў выгляд людзей. Вяселле – гэта ж вялікая радасць і свята! А на тварах людзей была толькі прыгнечанасць і самота.
Праз наш пост праязджалі людзі, якія накіроўваліся ў зону адсялення. Запомніўся адзін дзядок – старэнькі такі, гадоў пад 80 – ён нават не ведаў, куды і навошта едзе.
Іван Станіслававіч: Вёскі, дзе мне давялося пабываць, толькі ў дзвюх з іх жыло па два чалавекі. Астатнія ж былі пустымі. Магазіны разрабаваныя, некаторыя будынкі разбураныя, зараснікі ўсюды. Словам, нежылое ўсё было. І ад усяго гэтага веяла холадам і жудасцю.


Марына МАЦКЕВІЧ.