Лёсы Вялікай Айчыннай: Бацька Вольгі Саламашанкі прайшоў усю вайну, а дзядзька адпакутаваў за веданне нямецкай мовы

11:29 / 29.05.2020
У гісторыі гэтай сям’і былі розныя выпа­дкі:  жыццё ў нямецкай акупацыі, палон, здрад­ніцт­ва сваякоў,  барацьба з ворагам на перадавой… Але лёс, выпрабаваўшы іх на трываласць і годнасць, нарэшце злітаваўся: захаваў жыццё.

Успаміны родных пра гады Вялікай Айчыннай вайны ўзгадала жыхарка аграгарадка Малі Вольга Саламашанка.

ІШЛА  ВАЙНА

Бацькі жанчыны, Піліп Ры­го­равіч і Раіса Ермалаеўна Са­­лама­шанкі, родам з Го­мельшчы­ны – яны юнакамі сустрэлі вайну.

Вёска Пярэдзелка, радзіма Раісы Ермалаеўны. 

Маці Вольгі Піліпаўны было 17 гадоў, як пачалася вайна.

У сям’і Ермалая і Ксеніі Стрыжаковых, акрамя Раісы, было яшчэ пяцёра дзяцей: тры сыны і дзве дачкі.

Ермалай і Ксенія Стрыжаковы.jpg

Ермалай і Ксенія Стрыжаковы



– Дзядуля працаваў на­стаў­нікам у школе яшчэ да рэвалюцыі, – расказвае Вольга Піліпаўна. – І мамін старэйшы брат Аляксандр таксама настаўнічаў у адной са сваім бацькам школе, выкладаў нямецкую мову. Хоць спецыяльнай адукацыі ў яго не было, але ён добра ведаў гэту замежную мову. Дзядзька вучыў­ся ў Маскве ў меліярацыйным ін­стытуце, а на пятым курсе кінуў вучобу і вярнуўся дамоў. І вельмі захапіўся вывучэннем нямецкай. 

Гэта захапленне Аляксанд­ра адыграла адметную ролю ў яго жыц­ці.

– У пачатку вайны маіх дзядзь­каў прызвалі ў войска, – узгадвае жанчына. – Як ваяваць і як дакладна дзейнічаць не абвучаныя салдаты не ведалі.  І атрымалася так, што шмат людзей у першыя дні вайны трапіла ў палон, маміны браты Саша і Міша таксама: першы – пад Бабруйскам, а другі – у Гомелі. А некаторыя вярталіся – татаў  брат Гаўрыіл таксама падчас вайны вярнуўся дамоў. Тады як было: у акупіраванай мясцовасці, калі ў лагер прыязджаў стараста альбо іншы прадстаўнік, ён мог забраць палонных аднавяскоўцаў – іх адпускалі. 

Дзякуючы добраму валоданню мовай акупантаў, дзядзька Вольгі Піліпаўны Аляксандр дапамог людзям, з якімі апынуўся ў адным лагеры, вярнуцца дамоў: ён дамовіўся з немцамі, склаў спіс палонных, які перадалі ў навакольныя селішчы, – і вяскоўцаў забралі. Вярнуўся дамоў і сам Аляксандр. 

– Дзядзька прыехаў да бацькоў. Хутка, па ўсё той жа прычыне, ён атрымаў прапанову працаваць перакладчыкам у гестапа. Саша адмовіўся, – расказвае сямейную гісторыю  Вольга Піліпаўна. – З-за гэтага цётцы Веры, якой тады было 15 гадоў, прыйшла павестка ехаць у Германію на працу. 

Замест сястры паехаў брат: хоць павестка была імянной, але ўзаемазамену дазвалялі. Пасля гэтага сям’ю Стрыжаковых (про­звішча Вольгінай маці да замужжа. – Заўв. аўт.) больш ніхто не чапаў.
 
– Дзядзька не расказваў, дзе і кім працаваў у Германіі, – працягвае дачка Раісы Ермалаеўны  Вольга. – Ведаю толькі, што ў яго здарыўся канфлікт з гаспадаром – і Саша ад яго сышоў. Ён працаваў у розных кутках чужой краіны, але дасканалае валоданне мовай ні разу не выдала яго паходжання – нават калі трапіў у гестапа, пасля размовы са следчым яго адпусцілі. 

У Германіі Аляксандр Ерма­лае­віч вывучыў яшчэ французкую і англійскую мовы, ён мог не вяртацца на Радзіму – ведаў, як сустрэне яго Айчына. Але… Пасля вайны мужчына ўсё ж прыехаў у родныя мясціны, адкуль па этапе адправіўся на ўранавыя руднікі, дзе моцна падарваў здароўе. І толькі ў 1955 годзе ён убачыў сваю сям’ю. 

Сын Стрыжаковых Павел быў на вайне сувязістам.

– А малодшага брата мамы, Мі­шу, з гомельскага лагера ваеннапалонных забраў стараста – ён быў у вельмі цяжкім стане, але нічога, вылечылі, – гаворыць Вольга Піліпаўна. – Мама казала, што пасля вайны шмат якіх старастаў расстралялі за супрацоўніцтва з акупантамі, а яны ж дапамагалі людзям як маглі. Былі ж іншыя здраднікі і бандыты – вось яны заслугоўвалі пакарання…

Перадваенны выпуск школьнікаў. Раіса чацвёртая злева ў верхнім радзе Міша -- восьмы.jpg

Перадваенны выпуск школьнікаў. Раіса чацвёртая злева ў верхнім радзе, Міша – восьмы



Ледзь стрымліваючы слёзы, расказала жанчына пра тое, як свае рабавалі сваіх – ведалі, у каго чым пажывіцца: 

– Нашых папярэдзілі, што да іх ідуць. Дзядулі не было, мама з цёткай Верай выйшлі з хаты, засталася толькі бабуля. Прыйшлі рабаваць далёкія, але ўсё ж родзічы. Адзін аднаго добра ведалі, мой дзядуля ў школе іх вучыў! Зайшлі, аблаялі бабулю, што маглі, усё пазабіралі! Дзядуля потым сказаў, што яму нічога не шкада, бо ён іх гэтаму не вучыў…  А колькі было паліцаяў, якія толькі і глядзелі, каб вяскоўцаў абрабаваць! 

Вёска Рудня Марэмонава, радзіма Піліпа Рыгоравіча.

Рыгор і Праскоўя Саламашанкі мелі  двух сыноў і дзвюх дачок. Піліп быў другім дзіцем. 

Рыгор і Праскоўя Саламашанкі.jpg

Рыгор і Праскоўя Саламашанкі



Бацька Вольгі Піліпаўны пайшоў на вайну дзевятнаццацігадовым юнаком.

– Яго разам са старэйшым братам Гаўрыілам прызвалі ў армію, як толькі пачалася вайна, – расказвае жанчына. – Тата, перш чым трапіць на фронт,  скончыў артылерысцкае вучылішча. Ён прайшоў усю вайну.

Піліп Саламашанка ўзнага­ро­­­джаны медалём «За абарону Сталінграда», ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай Зоркі, Падзякамі за авалоданне горадам Дрэздэнам, ліквідацыю акружанай групіроўкі, нямецкіх войскаў паўднёва-ўсходней Бер­ліна, ава­лоданне горадам і крэпасцю Гло­гаў.

Піліп Саламашанка з сябрамі па службе. 14 жніўня 1943 года. Навачэркаск.jpg

Піліп Саламашанка з сябрамі па службе. 14 жніўня 1943 года. Навачэркаск



Не злічыць узнагарод Піліпа Ры­горавіча, падпалкоўніка арты­лерыйскіх войскаў, атрыманых за бездакорную службу ў мірны час.

– У мяне захоўваецца карта, якую тата прынёс з вайны, – дзе­ліцца дачка ветэрана. – Ішла бітва пад Сталінградам. І там у акопе бацька знайшоў карту мясцовасці, адкуль ён родам. Для яго гэта стала сустрэчай з радзімай, сям’ёй, якая засталася на акупіраванай тэрыторыі. Тата адарваў кавалак, дзе былі пазначаны добра вядомыя яму населеныя пункты – Гарадок, Заскар (сённяшні пасёлак Папанін), а найперш родная вёска Рудня Марэмонава. 

Карта зноўдзеная ў акопе.jpg

Карта, знойдзеная ў акопе



Урэзаўся ў памяць Вольгі Пілі­паўны расповед родных пра выпадак, калі немцы расстралялі сям’ю з суседняй вёскі за тое, што іх сын быў партызанам. Уразіў не жорсткі прысуд акупантаў, а ўчынак жанчыны: калі выводзілі сям’ю на расстрэл, іх дзяўчынку суседзі схавалі. А маці сказала: «Калі паміраць – дык усім! Шукайце дачку!» І тая прыйшла… 

– Розныя бываюць маці… – уздыхае Вольга. – А партызаны для немцаў былі бандытамі. Аднак калі па нашай мясцовасці праходзіў Каўпак, яго войскі лічылі рэгулярнымі. І татаў брат Гаўрыіл, і мамін – Міша былі ў яго атрадзе, немцы ўспрымалі гэта як законнае права, бо Каўпак – прадстаўнік дзяржавы. І ў гэтым выпадку сем’і не чапалі. 

– Пакуль была акупацыя, людзі жылі ў сваіх хатах, садзілі агароды, сеялі, – дзеліцца пачутым ад родзічаў жанчына. – І толькі часам у вяскоўцаў забіралі жывёлу, нешта канфіскоўвалі. 

Падчас наступлення савецкіх  войскаў, фашысты расстрэльвалі ўсіх мірных жыхароў – так за­гінуў прадзед Вольгі Піліпаўны Сідар, яго дачка з дзецьмі і адна­вяскоўцы. Людзі выходзілі хавацца ў лясы, і нават маленькія дзеці сядзелі, зацяўшы зубы, не плакалі – настолькі вялікім быў страх выдаць сябе. 

– Калі вяскоўцы ведалі, што будзе наступленне, закопвалі прадукты, зерне, адзенне – хто што, каб вярнуўшыся, не застацца голымі-босымі, – кажа Воль­га Саламашанка. – Так ра­бі­лі і татавы бацькі.  А ў іх двары немцы вырашылі ўстанавіць антэну, і знайшлі ўсё, што паха­валі мае родныя. Немцаў,  канешне, такі скарб не зацікавіў, а вось некаторыя паліцаі гэтым не пагрэбава­лі. Яны хутка ўсё разабралі, яшчэ і ў падарунак здагадаліся сваім каханкам занесці. Мая цётка Галіна на адной такой сваю хустку потым і пазнала – падышла і сарвала з галавы, сказаўшы, што гэта яе рэч. А ўвогуле вынесена з дзедавай хаты было ўсё – засталіся толькі кубак і вілкі, якія бабуля ў агароджу ўтыкнула. Казалі, што часам паліцаі былі горш за нем­цаў.    

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Пасля вызвалення Гомельшчыны на радзіме Піліпа і Раісы Саламашанкаў і ў навакольных вёсках засталося цэлымі толькі некалькі дамоў  – людзі капалі зямлянкі.  

– У лістападзе вызвалілі, лічы зіма на дварэ, холадна, голад… Пасаджаную ў полі бульбу немцы замініравалі – вельмі шмат людзей там падарвалася. Але што было рабіць – ішлі, есці хацелася, – прыгадвае пачутае ад бацькоў жанчына. – Што мелі на сабе, уцякаючы ў лес, у тым і хадзілі – ні адзення, ні абутку… 

Выбухным рэхам Вялікая Айчынная яшчэ доўга адгукалася на Гомельшчыне: у зямлі  засталося шмат снарадаў і ў канцы 90-х падчас моцных лясных пажараў яны разрываліся так, што гэта нагадвала вайну.

Фота на памяць. 3 мая 1945 года.jpg

Фота на памяць. 3 мая 1945 года



– Калі тата даведаўся, што вы­звалілі Беларусь – ён ужо быў афіцэрам, – напісаў у сельскі Савет, каб распытаць пра лёс сваёй сям’і, – працягвае Вольга Пілі­паўна. – І пачаў высылаць баць­­кам частку свайго грашовага забеспячэння – сям’і майго  дзеда стала жыць лягчэй. Маці са сваім бацькам пайшлі працаваць у школу настаўнікамі. Потым мама вучылася  ў Мін­скім політэхнічным інстытуце. А тата пасля вайны застаўся служыць у арміі.

Раіса Ермалаеўна і Піліп Рыго­равіч пазнаёміліся, пры­ехаў­шы адна на канікулы, а другі ў адпачынак да бацькоў. 

Піліп Саламашанка.jpg

Піліп Саламашанка



– Бацька расказваў, што вы­клі­каў маму на спатканне выстралам з пісталета, – смяецца дач­ка ветэрана. – Калі яны па­жа­нілі­ся, маці засталася давучвацца ў Мінску – дзед пра­сіў яе не кідаць вучобу, а тата служыў ва Украіне ў Цярнопальскай вобласці. Толькі пасля заканчэння інстытута мама прыехала жыць да бацькі. 

У Саламашанкаў нарадзілася дзве дачкі – Вольга і Ніна. У іх ся­мейнай біяграфіі было яшчэ некалькі гарадоў, у якія яны пе­раязджалі ўслед за бацькам-ваенным – Турка, Стары Самбар, Чар­наўцы.

Піліп і Раіса Саламашанкі. 1949 год.jpg

Піліп і Раіса Саламашанкі. 1949 год



– Для таты вайна была забароненай тэмай, ён пра яе ніколі не гаварыў, – кажа Вольга Піліпаў­на. – А вось прыкладам геройства, мужнасці і ўмення весці за сабой людзей для бацькі быў арты­лерыст, генерал, двойчы Герой Савецкага Саюза Васіль Пят­роў, які, нават страціўшы абе­дзве рукі, працягваў змагацца з фашыстамі. Помню, калі ён пры­язджаў у полк, мы,  малыя, замі­ралі – гэта ж сам Пятроў прыехаў!

Васіль Пятроў у першым радзе трэці злева за ім - Піліп Саламашанка.jpg

Васіль Пятроў у першым радзе трэці злева, за ім – Піліп Саламашанка



Пасля выхаду ў адстаўку галавы сямейства Саламашанкі пе­раехалі ў Гомель – вельмі цягнула Піліпа Рыгоравіча ў родныя мяс­ціны. 

Мабыць, карта, якую падчас вай­ны знайшоў беларускі арты­­ле­рыст у акопе пад Сталін­гра­дам, усё ж прывяла яго на ра­дзіму... 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: з архіва В. Саламашанкі