Кямелішкі 1943-га ва ўспамінах прафесара Мечыслава Яцкевіча

09:21 / 29.10.2019
Сёння мы друкуем успаміны прафесара, конcула Польшчы ў Літве ў 1998-2002 гадах Мечыслава Яцкевіча, які больш за 10 гадоў жыў у Кямелішках. Захаваліся яго ўспаміны пра жыццё вёскі ў 1943 го­дзе (на той час хлопчыку было 12 гадоў) да страшнай трагедыі – расстрэлу мясцовых яўрэяў.  

yackevich_mechislav.jpg


Жытло

У тыповай  кямелішкаўскай хаце на два канцы звычайна былі вялікія сені. Дзверы, што справа, вялі ў жылую частку хаты, дзе была кухня з вялікай рускай печчу, у якой пяклі хлеб. На прыпечку гаспадыня на «трыножцы» гатавала бульбяныя ці грэцкія бліны, пшанічныя з’яўляліся на стале толькі на святы. 

Перагародка падзяляла пакой на дзве часткі: адна  была спальняй, другая – для дзяцей ці паненак. На сценах віселі абразы, у кожнай хаце абавязкова быў абраз Маці Божай Вострабрамскай. Таксама стаяў камод, на ім – крыжык. У спальні ложак засцілалі саматканым дываном з залаціста-чырвонымі ўзорамі. Ложкі ў пакоі паненак былі засцелены такімі ж узорыстымі дыванамі, а на вышараванай  падлозе ляжалі палавікі, зробленыя з непатрэбных ануч.

У нежылой частцы хаты – для гасцей – былі два прасторныя пакоі. На сценах віселі абразы святых, часам – шлюбны партрэт гаспадароў. Пасярод пакоя стаяў масіўны стол – ізноў жа для гасцей, крэслы і камод, прыкрыты вязанай сурвэткай. На падлозе ляжалі каляровыя палавікі.

У паўтара кіламетрах ад Кямелішак быў маёнтак Малыя Свіраны. Яны належалі нейкаму Хмару, пазней – Грэўлічу, якога ў Кямелішках называлі Грэлем. Быў там вялікі дом, два рыбныя ставы, а два сады ахоўвалі вартаўнікі. Былі таксама баракі, дзе жылі парабкі.

Злева ад маёнтка, у накі­рунку Свіры, знаходзілася вёска Гваздзі­кяны. Паміж ім і маёнткам Малыя Свіраны раскі­нуліся палі, трохі ройстаў (балот) – тут жыхары Кямелішак пасвілі кароў.

Рачулка Маргелка і лоўля ракаў

На поўнач ад Кямелішак была далінка. Праз яе працякаў ручай, які ў вёсцы ператвараўся ў рэчку Маргелку. Свае воды яна несла ў накірунку Загорышак і далей праз лес – да Клявацішак, дзе ўпадала ў Вілію. 

Па берагах Маргелкі расла чорная вольха. Вада ў рэчцы была чыстая, а дно – ілістае. А колькі ракаў вадзілася ў ёй! Днём яны хаваліся пад каранямі старой вольхі, а вечарам харчаваліся. 

Мае аднагодкі і трохі старэйшыя хлопцы так лавілі ракаў: знаходзілі жабу, здіралі з яе скуру, прывязвалі няшчасную да доўгай палачкі і апускалі пад корч вольхі. Некаторыя хлопцы шкадавалі жаб, лавілі ракаў кілпамі і скідвалі іх на беражку ў адно месца. Потым распальвалі вогнішча, на «козлы» вешалі кацялок з вадой і ў кіпень закідвалі ракаў. Праз некалькі хвілін здымалі кацялок, ваду вылівалі, а ракаў высыпалі на траву – пачынаўся «баль».
 
Цяпліцы ля Маргелкі

Ля ракі стаялі невялікія будынкі без комінаў, крытыя саломай, – лазні, ці цяпліцы, як іх называлі мясцовыя жыхары. 

Яны мелі невялікія сенцы з лаўкамі – тут людзі распраналіся і вешалі адзенне на калкі. З сенцаў дзверы вялі ў лазню. Справа стаяла каменная печ, з якой да бочкі з вадой цягнулася металічная труба – так яна награвалася. Другая бочка з халоднай вадой стаяла збоку. Найчасцей печ палілі бярозавымі дровамі. Калі каменне награвалася, можна было мыцца.

Ваду бралі з Маргелкі. У лазні была габляваная драўляная падлога і два палкі – ніжэйшы і вышэйшы. У сцяне было невялікае акенца, праз якое выходзіў дым. Спачатку мыліся мужчыны і хлопцы: сядалі на ніжэйшую лаву, набіралі кубкамі халодную і гарачую ваду, церліся рагожкамі. Затым гаспадар ці нехта са старэйшых ліў кіпень на камні – лазня напаўнялася парам. Тады мужчыны залазілі на вышэйшы палок і хвасталіся бярозавымі венікамі аж да чырвані, потым выбягалі на вуліцу, акуналіся ў халодную Маргелку і вярталіся ў цяпліцу – тады яшчэ больш старанна шаравалі­ся і мыліся. Хлопчыкі-пад­рашчакі паўтаралі ўсё за мужчынамі.

Па мясцовай завядзёнцы пасля лазні ў сенцах мужчыны выпівалі па шклянцы самагонкі і вярталіся дадому, расчырванелыя, ахмялелыя і задаволеныя. 

Пасля мужчын у лазню ішлі жанчыны. 

Слова «баня» з’явілася ў Кяме­лішках з прыходам саветаў, але яно было нам ужо знаёмым. Банямі называлі цяпліцы стараверы, якіх у нас празывалі бурлакамі. Жылі яны ў некалькіх засценках за Варзянамі і ў вёсцы Стрыпішкі. Былі гэта людзі прыстойныя і пачцівыя. Жылі закрытай абшчынай, займаліся конегадоўляй і час­та прыязджалі ў Кямелішкі на кірмаш. Не курылі і не ўжывалі алкаголю. Жыхары Маліноўкі і Варзян лічылі  іх добрымі суседзямі. 

Жніво

У ліпені, жніўні і верасні 1943 года, нягледзячы на тое, што ішла вайна, у Кямелішках было досыць спакойна: людзі працавалі, у нядзелю хадзілі ў касцёл, у сераду праходзіў кірмаш. 

_MG_5862 Костёл в Кемелишках около которого находилось гетто Фото Григория Полына.jpg

Касцёл у Кямелішках, каля якога знаходзілася гета


У гэты дзень у Кямелішкі прыязджалі сяляне з бліжэйшых вёсак. Ішоў бойкі гандаль яйкамі, маслам, парасятамі, нават каровамі і коньмі. Закончыўшы гандаль, вяскоўцы ішлі «на чвяртку» да Манечкі Максімовічаўны, Пляўгі ці Макевіча. 

Літоўская паліцыя не перашкаджала ні пакупнікам, ні гандлярам самагонам – за гэта яны заўсёды мелі бутэльку з кожнай кропкі.  Нямецка-літоўская адміністрацыя кожнага гаспадара абавязала здаваць збожжа, жывёлу, якіх адвозілі ў Пабрадзе. Аднак людзі жылі спакойна і стараліся не думаць пра жорсткую вайну. 

У жніўні, напярэдадні свя­та Найсвяцейшай Маці Божай, якое ўрачыста адзначалася ў Кямелішках, заканчвалася жніво. Жыта і пшаніцу жанчыны жалі сярпамі, лён вырывалі з коранем, а мужчыны касілі авёс і грачыху. Жыхары Кямелішак мелі мала зямлі, таму хутка ўправіліся з уборкай. Скончыўшы жніво, дзяўчаты ішлі на заробкі ў Малыя Свіранкі, якія знаходзіліся «пад немцамі». Галоўным там быў нейкі Грэўліч. Ён ахвотна наймаў кямелішскіх дзяўчат жаць збожжа, таму што ў яго было ўсяго некалькі сваіх работнікаў, якія зваліся андынарыстамі.

Закончыўшы жніво ў Малых Свіранках, за два дні да Унебаўшэсця, купка дзяўчат, апранутых у белыя  блюзкі з даматканага палатна, ішла па гваздзікянскай дарозе. Яны былі вясёлыя, смяяліся, у некаторых на галовах былі сплеценыя з кветак вянкі, сярпы ляжалі на плячах. Дзяўчаты былі радыя, што ў час скончылася жніво і што пан Грэўліч шчодра іх пачаставаў. 

Гэлька Ліланка, дародная дзяўчына  з прыгожым голасам, якая спявала на хорах у касцёле, зацягнула гучным альтам:

– Гэй! Гэй! Ідуць жняяркі,

Бо работы – поўны рукі,

Пойдзем потым на дажынкі 

Ўсе хлопцы і дзяўчынкі. 

За Гэлькай у адзін голас адазваліся дзяўчаты:

– Гэй, гэй! Па жніве ўжо!

Нас чакае бочка піва

І гулянка да паўночы – 

Для ўсіх-усіх ахвочых…

Гэй, гэй! Па жніве ўжо!



Партызаны

…Віленшчына была падзелена: на ўсход ад возера Нарач панавалі савецкія партызаны, а на захад – польскія. Тады яшчэ іх не называлі АКёўцамі – так яны сталі называцца значна пазней.

Напачатку жніўня 1943 года да Макевіча прыйшоў Стах Арлоўскі. Быў гэта 25-гадовы мужчына, сірата, кватараваў у цёткі, дапамагаў суседзям па гаспадарцы – з гэтага і жыў. Ён быў прыяцелем Макевіча, разам яны не раз ігралі ў карты і рабілі па чарцы. Арлоўскі ня­даўна ажаніўся з фельчар­кай расіянкай Марусяй, якая жыла ў Кямелішках з чэрвеня 1941 года. Дзяўчына польскай мовы не ведала, але людзі любілі яе: Маруся была доб­рай, спагадлівай і лячыла людзей. 

Стах насцярожана сказаў:

– Ведаеш, Вусаты (так некаторыя называлі Макевіча за рыжыя і доўгія вусы), відаць, каля Мядзела блізка ад Кабыльніка з’явіліся польскія партызаны – аддзяленне Кміціца. Напэўна, і ў нас хутка пакажуцца. 

Пазней я даведаўся, што Кміціц – лейтэнант Антоній Бурзінскі, сын Міхала і Зофіі з Сабалеўскіх, які нарадзіўся 17 чэрвеня 1911 года ў Вільні, жаўнер Польскага войска, камандуючы аддзяленнем Арміі Краёвай.

Непадалёк ад возера Блада Кміціц устанавіў кантакты з Фёдарам Маркавым, камандзірам савецкай партызанскай брыгады імя Варашылава: яны ўзгаднілі паролі, месцы выстаўлення пастоў, сумесныя акцыі. 22 жніўня 1943 года Кміціц арганізаваў дзень салдата з удзелам маёра Стэфана Свяхоўскага – Сулімы і савецкіх партызанаў.

Пазней, 26 жніўня, Бурзін­скі з афіцэрамі свайго штабу выправіўся на савецкую ба­зу. Падчас сустрэчы польскія афіцэры былі раззброеныя і забітыя. 

Смерць Кміціца і ліквіда­цыя яго аддзела рэхам разнес­­ла­ся па Віленшчыне. Доўга гэ­тую навіну абмярковаўлі і ў Кя­ме­лішках. Пазней да мяс­­цо­вых жыхароў даходзі­лі чут­кі пра па­слядоўніка Бурзін­ска­га – капітана Лупашкі. Людзі, якія прыязджалі на рынак, расказвалі, што раз-пораз на іх засценкі завіт­ваюць польскія партызаны. 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ.

Текст:
Фото: Рыгор Палын