Прысмакі, сувеніры і забавы на любы густ прапанавалі сёння астраўчанам
Падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў парк ў цэнтры Астраўца пераўтварыўся ў невялічкі горад.
Тут разгарнуўся бойкі гандаль рознымі прысмакамі. Майстры прапанавалі набыць свае вырабы: гліняны посуд, кошыкі, саламяных лялек і скрыначкі, банцікі са стужак і шмат іншага.
Прыгажунні прымяралі завушніцы, каралі і бранзалеты – а прадаўцы падказвалі: «Вось яшчэ гэта паглядзіце».
Знайшлі «сваё» ў гэтым незвычайным горадзе і тыя, хто любіць спорт і азарт – прадэманстраваць сілу і вытрымку можна было на турніку, трапнасць і шанцаванне – у латарэях. Таксама тут прапанавалі пастраляць у ціры, а для самых маленькіх працавалі батуты.
За межамі «паркавага» горада астраўчан сустракалі вялікія людзі – хадулісты.