Пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Мілаша расказвае яго дачка

13:52 / 11.05.2019
Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у гісторыі Беларусі, балючыя раны на целе і ў душы яе ўдзельнікаў. На жаль, з кожным годам становіцца менш жывых сведкаў тых жахлівых гадоў. Але, на шчасце, усё больш «ажываюць» людзі, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. На мемарыялах дапісваюцца новыя прозвішчы, дзеці і ўнукі даведваюцца пра гераізм продкаў, а ў невядомым вымярэнні нарэшце супакойваюцца душы загінуўшых салдат. 

Наш зямляк Іосіф Пятровіч Мілаш – адзін з удзельнікаў вайны, чый след прапаў вясной 45-га года. 

IMG_3916 Милош Иосиф.jpg



У рэдакцыю газеты патэлефанавала Ларыса Пілімон, якая расказала, што знайшла магілу свайго дзядулі – Іосіфа Пятровіча Мілаша, ураджэнца Астравецкага раёна, які не вярнуўся з вайны. Сям’і не прыйшло вестак аб яго смерці – і яны да апошняга спадзяваліся і чакалі. А ў мінулым годзе знайшлі месца яго супачыну. Жанчына таксама паведаміла, што ў вёсцы Клюшчаны жыве яе маці Рэгіна Пілімон – адна з дачок Іосіфа Мілаша, і калі супрацоўнікам рэдакцыі цікава, то яна расказала б пра яшчэ аднаго салдата Вялікай Айчыннай.

Як можа быць нецікавым даведацца пра лёс таго, хто аддаў жыццё за мір і спакой на зямлі? Пра Іосіфа Мілаша павінны ведаць не толькі яго родныя. 

Успаміны 

Прыгожыя клумбы, пабеленыя дрэвы, дагледжаны ўчастак, акуратная хата – усё ля сядзібы Напалеона і Рэгіны Пілімонаў гаворыць, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. 

– Гэта зараз старасць непрыкметна падкралася, а як маладзейшыя былі, то і гаспадарка была: кароў, свіней трымалі, – з усмешкай расказвае Рэгіна Іосіфаўна. – Да працы з маленства прывыкла – без бацькі ж гадаваліся. Ды ў той пасляваенны час усе так жылі. 

IMG_3918 дочь Регина Иосифовна.jpg

Рэгіна Іосіфаўна Пілімон



Жанчына ніколі не бачыла свайго бацькі. Ён пайшоў на вайну ў жніўні 1944-га, яна нарадзілася ў сакавіку 1945 года. Хутка пасля гэтага ад Іосіфа Мілаша родным перасталі прыходзіць весткі. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў сям’я салдата даведалася, што 15 красавіка 1945 года ён быў паранены, а 21 красавіка – памёр. 

– Мама расказвала, што тата быў вельмі добры, – успамінае Рэгіна Іосіфаўна. – Яны пражылі разам дзевяць гадоў і ні разу не пасварыліся. Абодва былі родам з Крываносаў. Там пазнаёміліся, пачалі сябраваць, пажаніліся, там жа нарадзіліся і мы з сястрой. Разам з бабуляй жылі ў хаце татавых бацькоў. Дзеда не стала ў жывых, калі тату было ўсяго 2 гады, і яна засталася адна з трыма дзецьмі. Падобны лёс напаткаў і маю маму – і бабуля дапамагала ёй, як магла: нас гадавала, гаспадарку даглядала. Так і пражыла разам з намі да смерці.  

– Тата на вайну двойчы выпраўляўся, – працягвае расказваць жанчына. – Першы раз як толькі пачалася вайна. Тады яго і іншых мужчын забралі, давезлі да Вільнюса, а там нешта здарылася – напэўна, немцы стаялі. Словам, адправілі мужчын дадому. У жніўні 44-га яго зноў прызвалі – і адразу ў Германію, на Одар і Нісу закінулі. Спачатку мама атрымлівала лісты – тата нават паспеў даведацца, што я нарадзілася. А затым усё абарвалася: ні лістоў, ні пахаванкі – невядомасць. Мама пасля вайны, як шалёная працавала: касіла, арала, баранавала, усё жыццё даяркай у калгасе рабіла. Трэба  ж было неяк выжываць, нас з сястрой на ногі падымаць. Добра яшчэ, што некалькі рублёў плацілі, як сям’і загінуўшага на вайне, ды бабуля дапамагала. Мама, хоць нічога і не казала, але да апошняга спадзявалася, што тата знойдзецца. Яна ж і запыт у вайсковую часць пасылала. Адтуль прыйшоў адказ, што Іосіф Мілаш быў паранены каля ракі Нісы, адпраўлены ў шпіталь горада Рауша – і далейшы яго лёс невядомы.

Рэгіна Іосіфаўна паказвае пажоўклы ад часу і беражліва праклеены ліст, які датуецца 24 верасня 1945 года. У левым вугле – крыху выцвілы штамп польскага войска. Для жанчыны гэта не проста дакумент, а адна з нямногіх рэчаў, што захоўваюць памяць пра бацьку. 

IMG_3901.jpg



Пошукі

– Тата прызываўся ў рады Савецкай арміі, але на вайне трапіў у польскае войска, – тлумачыць Рэгіна Іосіфаўна. – Куды я толькі пасля не адпраўляла запыты: у цэнтральны архіў Міністэрства абароны, Чырвоны Крыж, польскае пасольства ў Мінску, савецкае – у  Варшаве. І нідзе не магла дабіцца толку. З Чырвонага Крыжа адказалі, што горад Рауша не існуе, ёсць толькі Раўшэн у Калінінградскай вобласці – цяперашні Светлагорск. Напісала туды, а мне адказалі, што пра салдата з такім прозвішчам нічога не ведаюць. Апошні ліст прыйшоў таксама з Чырвонага Крыжа, дзе паведамілі, што Іосіф Мілаш памёр ад ранення 21 красавіка 1945 года, але месца пахавання невядома. Усе пошукі і намаганні зноў  уперліся ў глухую сцяну – і я апусціла рукі. 

На той час Рэгіна Іосіфаўна жыла ў Клюшчанах, працавала эканамістам у калгасе, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей, забрала да сябе маму, дачакалася ўнукаў. Яна не забывалася пра бацьку, але вірлівае жыццё зацягнула ў іншыя клопаты – і жанчына змірылася. І калі ў мінулым годзе ёй патэлефанавала дачка і паведаміла, што знайшла, дзе пахаваны дзядуля, Рэгіна Іосіфаўна не паверыла.

Са слоў унучкі Іосіфа Пятровіча Ларысы Напалеонаўны:

– Я памятаю, як мама шукала звесткі пра свайго бацьку. І бачыла, як яна перажывала, калі нічога не атрымалася. Пасля чарговай няўдачы мы вырашылі больш не трывожыць яго памяць. Але ў мінулым годзе на Дзень Перамогі я ўбачыла, як па вуліцах Гродна неслі партрэты герояў Бессмяротнага палка. Гэтае маўклівае шэсце і твары невядомых ветэранаў вайны настолькі ўразілі і ўсхвалявалі, што я зноў успомніла пра дзеда. Вярнуўшыся дамоў, зайшла ў інтэрнэт – і на дзіва хутка знайшла ў спісе загінуўшых на Вялікай Айчыннай вайне імя Іосіфа Мілаша. Там жа паведамлялася, што ён быў паранены і загінуў, але пахаванка дадому не высылалася. Мы з сынам прадоўжылі пошукі і нарэшце знайшлі звесткі, што дзед пахаваны на афіцэрскіх могілках у польскім горадзе Баляславец. Аказваецца, ён трапіў у спісы загінуўшых, якія да 2009 года былі засакрэчаны. Вось чаму мама не магла яго знайсці. 

IMG_3897.jpg



Летам мінулага года дачка і бацька, якіх разлучыла вайна, упершыню сустрэліся – Рэгіна Іосіфаўна разам з дзецьмі наведалі яго магілу ў Баляслаўцы. 

Сустрэча

– Калі Ларыса сказала, што знайшла майго бацьку, я спачатку не паверыла, а затым расхвалявалася – навошта варушыць былое? – прызнаецца, змахваючы слёзы, Рэгіна Іосіфаўна. – Аднак дзеці ўгаварылі – і паехала. Божа, колькі там магіл! Тысячы, дзясяткі тысяч! Але ўсе яны чысценькія і дагледжаныя, каля кожнай стаіць пліта з прозвішчам загінуўшага. Кожны год я сустракала Дзень Перамогі з трывогай, а цяпер спакойная: я нарэшце знайшла тату, ён пахаваны ў добрым месцы і я веру, што яго душа таксама знайшла супакой між аблокаў. 

IMG_3889.jpg


Текст:
Фото: Марина Мацкевич, из семейного архива