С поклоном ветеранам, песнями и солдатской кашей отпраздновали День Победы островчане
СМІ паведамілі, што толькі ў першай палове дня ў Гродненскай вобласці ўдзел у святкаванні прыняло больш як 50 тысяч чалавек. Не ведаю дакладна, колькі жыхароў горада і раёна прыйшло ў той дзень на свята ў Астраўцы – але дакладна больш тысячы: Дзень Перамогі – адно з найбольш любімых і шануемых нашымі людзьмі святаў.
Пасля ўрачыстага мітынгу святкаванне плаўна перайшло ў традыцыйнае месца яго правядзення – лесапаркавую зону і ператварылася ў прыгожае, запамінальнае і яркае дзейства.
На пачатку цэнтральнай алеі гасцей свята сустракала галерэя “Кветкі Перамогі – воінам “Бессмяротнага палка”, арганізаваная супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі пры падтрымцы раённага краязнаўчага музея.
Тут былі змешчаны фотаздымкі нашых землякоў – ветэранаў вайны, да партрэтаў якіх дзяўчаты ў стылізаванай форме прымацоўвалі ў знак памяці і ўдзячнасці кветкі квітнеючай яблыні.
Многія падыходзілі да партрэтаў учарашніх суседзяў, знаёмых, родзічаў, каб пакланіцца ім за шчасце жыць пад мірным небам.
Дарэчы, у той дзень многія прынеслі на свята партрэты сваіх дзедаў і прадзедаў, якія “гэты дзень набліжалі, як маглі”.
Да прыкладу, Алена Аліева прыйшла на свята з партрэтамі свайго прадзеда Івана Кулёміна, які загінуў пад Ленінградам, і дзеда, артылерыста Мікалая Яшына – пра лёс кожнага з іх можна пісаць кнігу. Алена Уладзіміраўна беражліва захоўвае памяць пра сваіх продкаў – салдат Перамогі, каб затым перадаць яе сваім чацвярым дзецям – каб не парвалася нітачка…
Гэтую памяць захоўваюць таксама кнігі і часопісы – іх можна было пагартаць у чытальнай зале пад адкрытым небам.
Хоць асноўнае дзейства разгортвалася ўсё ж на галоўнай сцэне амфітэатра. Гледачоў, галоўнымі з якіх былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Юрый Александровіч і Валянціна Ярохіна, а таксама вязні нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, віталі лепшыя творчыя сілы раёна.
Папуры на тэмы ваенных песень, лірычныя і патрыятычныя кампазіцыі выканалі хоры ветэранаў і “Польскае рэха”, мужчынскае трыа ў складзе Аляксандра Юргялянца, Юрыя Інаровіча і Яраслава Вянгроўскага, вакальная група ансамбля “Світанак”, салісты Злата Мінкілевіч, Аляксандр Комар і іншыя артысты.
А хто стаміўся адпачываць, мог падсілкавацца салдацкай кашай, якую прыгатавалі супрацоўнікі МНС – ні мама, ні жонка такую смакату дакладна зварыць не здолеюць! – ці водарнымі шашлыкамі, прыняць удзел у акцыях, якія арганізавалі выратавальнікі ці пацешыцца залатымі рукамі нашых народных майстроў – а можа, і прыдбаць сабе нешта на памяць пра гэтае цудоўнае свята.