Бессмертный полк: солдат Войска Польского Иосиф Иванович Кумища

14:36 / 02.07.2018
Пра яшчэ аднаго радавога Бессмяротнага палка – Іосіфа Іванавіча Кумішчу з вёскі Будрані – мы раскажам у гэтым артыкуле.

3.jpg

Тры патроны – і адно жыццё


Іосіф Іванавіч нарадзіўся 21 кастрычніка 1921 года ў вёсцы Будрані. У той час гэта была тэрыторыя Польшчы. Скончыў тры класы польскай школы ў в. Трашчаны. 

 
Па нацыянальнасці Іосіф быў палякам, таму пасля вызвалення нашых зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе яго прызвалі па мабілізацыі ў Войска Польскае.

 
– Па вёсках хадзілі «лапуны», якія лавілі мужчын і адпраўлялі на фронт, – расказвае Валянцін Іосіфавіч Кумішча, сын ветэрана. – З нашай вёскі тады на вайну пайшло шэсць чалавек. З адным з іх, Міхасём Гасперскім, бацька разам ваяваў. І – вось жа лёс! – яны абодва вярнуліся дахаты.
Іосіф Іванавіч служыў стралком у 7-й дывізіі 35-га пяхотнага палка; з красавіка па май 1945-га – у складзе І-га Украінскага фронту. 

 
– Бацька казаў, што на фронт дабіраліся цягніком, – узгадвае Валянцін Іосіфавіч. – У Гелядні пагрузіліся – і паехалі. І з вайны вярталіся дамоў таксама цягнігом.
Напачатку салдатам выдавалі на дзень толькі тры патроны – а далей вырашай сам, як ты бу­дзеш ваяваць. Ці спадзявайся на лёс! 

 
Валянцін Іосіфавіч дае мне пагартаць вайсковую кніжку салдата Войска Польскага. Запісы ў ёй на польскай мове – а збоку, насупраць друкаванага тэксту, зроблены пераклад. Запісы ў кніжцы сведчаць, што польскаму жолнежу належала атрымаць «комфедератку, шанел, мундур, брюки, рубашку летнюю, калесоны, полотенец, наволочку, простин (2 шт.), адияло, ремен головной, ремен брюшной, вещ. мешок, котелок, ботинки, обмотки (2 шт.)».

6.jpg

 
У гэтай кніжыцы, акрамя проз­вішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэння (дарэчы, яна, па словах сына ветэрана, указана няправільна), іншых агульных звестак, пазначана веравызнанне, спіс абмундзіравання і выдадзенага ўзбраення.

...Як на вайне


Наш зямляк фарсіраваў Одэр, Віслу, Нісу. 

 
– У Одэры вада чырвоная ад крыві была, – дзеліцца ўспамінамі бацькі Валянцін Іосіфавіч. – Не ўсе салдаты ўмелі плаваць, дык тады каня ставілі ўперадзе, нехта трымаўся за яго хвост, далей браліся адзін за аднаго – і гэтак ланцужком «пераплывалі» раку. Калі каня забівалі, тануў увесь «ланцужок».

 
Іосіф Кумішча расказваў сваім дзецям, як зімой салдаты ўладкоўваліся на начлег. Ложкам ім была выкапаная ў снезе яма, матрацам – шынель, а над галавой яны клалі сеннічок, каб не замятала.

 
– Бацька казаў, што спаць было цёпла, не замярзалі, – успамінае Валянцін Іосіфавіч.

 
Калі ішло наступленне, салдатам даводзілася галадаць сут­камі. А ўвогуле, казаў, што кармілі доб­ра, асабліва пасля бою…

 
– У бой ідзе 300 чалавек, а вяртаецца толькі 100, – тлумачыць Валянцін Іосіфавіч. – Еш хоць за дзесяцярых! А вось баявыя сто грамаў перад атакай, бацька казаў, давалі заўсёды.

 
Самым страшным для Іосіфа Іванавіча было, калі варожыя самалёты над галавой кружылі, хоць потым і да  гэтага прывык. Так чалавек устроены: і да добрага, і да дрэннага, і нават да жахлівага з часам прывыкае.

 
Іх полк не дайшоў 30 кіламет­раў да Берліна.

 
Пасля таго, як быў узяты Берлін, войскі яшчэ доўга стаялі на граніцы з Германіяй: полк, у якім ваяваў Іосіф Кумішча, – прабыў там чатыры месяцы. 

 
Валянцін Іосіфавіч узгадвае: бацька расказваў, што ад колькасці людзей і тэхнікі зямлі не відалася – столькі іх было. Жылі салдаты ў палатках.

 
– Заходзіш у нямецкую хату – там нікога, а на стале стаіць толькі што згатаваны абед – яшчэ парок ідзе, – расказваў сваім родным ветэран. – Гаспадары ўцяклі. Пахі стаяць, есці хочацца! У падвалах саленняў-варэнняў усялякіх! Для нас прыгатавана – а нічога гэтага не возьмеш, не падсілкуешся – бо ўсё атручанае. Так нам казалі...

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся


Калі скончылася вайна, салдатам Войска Польскага прапаноўвалі заставацца ў Польшчы. Так зрабіў брат Іосіфа Іванавіча Стэфан. А вось Іосіфа  цягнула на радзіму, дахаты, да бацькоў, сясцёр і братоў – у іх сям’і было васьмёра дзяцей.

 
Праз сем гадоў пасля вайны Іосіф ажаніўся са сваёй ад­на­вяс­коўкай Казімірай Коўшык. У іх нарадзілася трое дзяцей.

4.jpg

 
– Маці была добрая швачка, – расказвае Валянцін Іосіфавіч. – Гэтым зарабляла на жыццё. А бацька працаваў у калгасе.

 
Адразу гэта быў будранскі калгас, Іосіф Іванавіч працаваў у ім кладаўшчыком. Потым, калі калгасы ўзбуйнілі, быў паляводам у Клюшчанскім калгасе. Затым прайшло яшчэ адно ўзбуйненне – Іосіф Кумішча стаў працаваць у калгасе «50 год ВЛКСМ». 

 
– Тата (свёкар. – Заўв. аўт.) падвозіў на ферму падкормку, – уключаецца ў размову нявестка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Тэрэса Іосіфаўна Кумішча. – Пазней малако збіраў па вёсцы і адвозіў у Клюшчаны. Там сабранае з навакольных вёсак малако згружалі і везлі ў Швянчоніс – тата суправаджаў.

 
Іосіф Іванавіч быў не толькі пра­цавітым і добрым гаспадаром, але і вельмі пяшчотным і любячым бацькам і дзядулем.

 
– Які гэта быў спагадлівы, добры чалавек! – успамінае свёкра Тэрэса Кумішча. – Я рана засталася без таты. Калі  выйшла замуж за Валянціна, бацьку мне замяніў свёкар. Як ён нас шкадаваў! Такіх людзей, як наш тата, рэдка сустрэнеш!

 
– У дзяцінстве, бывала, бацька даваў нам «пакаштаваць» лазіны, – смеючыся, узгадвае сын ветэрана Валянцін. – Так адсцёбае – толькі паціраеш потым месцы «баявой славы». Мама адымачкай біла, але мы не баяліся – не балюча.

 
Іосіф Іванавіч Кумішча быў набожным чалавекам. Кожны вечар уся сям’я стаяла за малітвай – і не проста сабе ў думках перабіралі пацеры, а маліліся ўголас. 

 
– Бацька паслугаваў у Клюш­чанскім касцёле, – расказвае сын ветэрана.

 
Валянцін Іосіфавіч узгадвае, што ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Спондаўскага сельскага Савета кожны год перад Днём Перамогі збіралі ў сельсавеце, абавязкова накрывалі святочны стол і дарылі што-небудзь на памяць – часцей за ўсё гадзіннікі. А на 9 Мая вазілі ў Астравец на святочнае шэсце.

2.jpg

5.jpg

 
– Гэта быў адзіны дзень, калі тата дазваляў сабе выпіць лішку, – узгадвае нявестка ветэрана. – Для яго гэта было сапраўднае свята. Нам ён мала што пра вайну расказваў, а з іншымі ветэранамі яны ўспаміналі тыя часы.

 
Усё жыццё Іосіф Іванавіч ­пра­­цаваў у калгасе. Трымалі, вядома ж, і ўласную гаспадарку – ён і ў 80 гадоў ад кароўкі не адмо­віўся. Ніколі не наракаў на лёс. І з жыцця пайшоў імгненна – бы тая свечка, што гарэла яркім полымем і раптам ад парыву вет­ру патухла. Гэта здарылася ў верасні 2003 года.

 
Іосіф Іванавіч Кумішча быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём Жукава, знакам «Ветэран вайны 191-1945 гг.», медалём «За працоўную адзнаку», медалём «Ветэран працы», юбілейнымі медалямі.

1.jpg

10.jpg

9.jpg

8.jpg

7.jpg

 
Памяць пра гэтага чалавека жыве ва ўспамінах яго дзяцей і ўнукаў, узнагародах, Падзячных лістах, ваенных дакументах і фотаздымках, якія захоўвае ў сямейным архіве нявестка ветэрана Тэрэса Іосіфаўна Кумішча. 

 
Цяпер пра ваенныя гады і мірнае жыццё яшчэ аднаго салдата Бессмяротнага палка ведаем і мы з вамі.

Фота аўтара і з уласнага архіва сям’і Кумішча.


Текст: