З экспазіцыі школьнага музея: Ад Гашкевіча да школьнага самакіравання

15:10 / 24.07.2019
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 
Пра кожны з іх мы пастараемся расказаць у праекце «Астравецкай праўды»  –  «З экс­­пазіцыі школьнага музея»

IMG_5232.jpg


Гісторыка-краязнаўчы музей імя Іосіфа Гашкевіча
Музей сярэдняй школы №2 быў адкрыты ў 1991 годзе па ініцыятыве былога дырэктара гэтай школы Аляксандра Клімчэні. З таго часу музей носіць імя Іосіфа Гашкевіча – першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, які напрыканцы свайго жыцця жыў у Малях. 

IMG_5238.jpg


У спадчыну 
Першым кіраўніком музея была настаўніца гісторыі Таццяна Граблеўская, пасля яе працавалі Ганна Алёхна, Вольга Лябецкая. З 2015 года кіраўніком музея з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Мятлеўская. 
– Пасля таго, як  у мікрараёне №1 узвялі  новы будынак школы і ў яго перасялілася гімназія, планавалася, што і музей пераедзе ў новыя памяшканні. Аднак потым  вырашылі пакінуць сабраныя гіс­тарычныя звесткі і артэфакты там, дзе іх збіралі і захоўвалі.  Гімназія пераехала, а музей застаўся ў спадчыну нашай школе, –  расказвае Жанна Станіславаўна.

IMG_5275.jpg


Знакамітыя землякі 
Тады музей атрымаў другое жыццё.
– Аднойчы дырэктар папрасіў мяне разабрацца з экспанатамі – гэта работа і стала пачаткам абнаўлення музея. За гэтыя гады  мы замянілі некалькі стэндаў і экпазіцый. У планах – прадаўжэнне гэтай работы, – працягвае загадчыца музея.
Гісторыка-краязнаўчы музей імя Іосіфа Гашкевіча сярэдняй школы №2 месціцца ў двух памяшканнях і  складаецца з шасці экспазіцый. Першая прысвечана нашаму славутаму земляку Іосіфу Гашкевічу. 
Неаднойчы гасцямі школьнага  музея былі японцы. Яны вельмі  беражліва ставяцца да захавання сваёй спадчыны. Першы раз японская дэлегацыя наведала музей  у 2002 годзе – тады праходзілі ІІ Гашкевічаў­скія краязнаўчыя чы­танні. Тады ж грамадскі дзеяч, арганізатар і ўладальнік музея імя Гашкевіча ў Японіі Такада Касічы пакінуў першы запіс у кнізе ганаровых гасцей.  
Ёсць у ёй і яшчэ адзін допіс па-японску, пакінуты ў 2017 го­дзе, – тады на Астравеччыне так­сама гасціла японская дэлега­цыя. Аб гэтых сустрэчах гаво­раць фотаздымкі і сувеніры, якія захоўваюцца ў музейных фондах. 
– Музейная экспазіцыя, пры­све­чаная Гашкевічу,  ёсць і ў Маль­скай школе. Магчыма, было б лепш, каб дзве калекцыі аб’­яд­наць у адну, – марыць загадчыца музея.
– Пра Іосіфа Гашкевіча  мы даведаліся, дзякуючы нашаму земляку Адаму Мальдзісу, які  адкрыў для астраўчан  імя  Гашкевіча. Лагічна, што другую экспазіцыю мы  пры­свяцілі  Адаму Мальдзісу –  тале­навітаму чалавеку,  выдатнаму майстру слова, гісторыку і краяз­наўцу, які быў вучнем нашай школы. Асоба Мальдзіса досыць папулярная на Астравеччыне. Гудагайская школа,  сярэдняя школа №1 і наша – мы ўсе лічым яго сваім вучнем. Калі ён наведаў наш музей, то падпісваў свае падарункі як вучань нашай школы, – расказвае Жанна Станіславаўна.
У кожнай экспазіцыі музея  ёсць экспанаты, якія выклікаюць цікавасць дзяцей. Напрыклад, падчас знаёмства з асобай Адама Мальдзіса экскурсаводы абавязкова раскажуць гісторыю пра яго туфлі:
– Аднойчы Адам Восі­павіч  паехаў у Японію і наведаў там магілу першай жонкі Іосіфа Гашкевіча. Побач знаходзілася царк­ва, куды Мальдзіс вырашыў зайсці. Па японскім звычаі перад уваходам трэба было зняць абутак і пакінуць яго на спецыяльным стэлажы. Адам Восіпавіч так і зрабіў. Выходзячы з храма, ён абуўся і ў гэты ж вечар вярнуўся ў Мінск. І толькі там яго родныя заўважылі, што на яго нагах былі розныя туфлі.
І сапраўды, знешне туфлі вель­­мі  падобныя, адрозні­ваюц­ца толькі колерам  унутранай ус­цілкі і ўзорам. 
– Гэтыя туфлі Адам Мальдзіс падарыў  на памяць  аб наведван­ні Японіі нашаму музею, – дэманструе Жанна Станіславаўна каштоўны экспанат. 
Захоўваюцца ў музеі школьныя сшыткі Адама Мальдзіса, яго характарыстыкі, граматы, кнігі, у тым ліку і рукапісы іх. З апошніх падарункаў школьнаму музею – яго штотыднёвік.

IMG_5233.jpg


Вайна народная
Бадай што самая вялікая – трэцяя  – экспазіцыя прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны на Астравеччыне і  ветэранам. 
Шэраг экспанатаў, якія  захоўваюцца ў школьным музеі, з’яўляюцца сведчаннем тых далёкіх часоў – ад  трафейнага гадзінніка, лыжак ды прастрэленых кулямі салдацкіх касак да  ваенных тэрмасаў, вінтовачнага штыка, кабуры пісталета і гільзаў.
Захоўваюцца ў музеі і дакументы тых часоў – аўсвайсы, заборныя і працоўныя кніжкі, талоны на прадукты харчавання, якімі карысталіся ў першыя гады пасля заканчэння вайны, фотаздымкі і нямецкія грошы.
Асобны раздзел музея прысвечаны ветэранам-удзельнікам вайны. Асаблівы гонар – Здзіс­лаў Шырынскі, які працаваў у школе. Настаўнік і яго вучні дасягнулі  значных поспехаў. У памяць пра гэтага чалавека  на будынку  размешчана мемарыяльная дошка, а вучні  не раз абаранялі гонар сваёй школы, выступаючы на канферэнцыях з працамі аб жыцці і дзейнасці нашага земляка.

IMG_5243.jpg

IMG_5260.jpg


З гісторыі школы
У 1985 годзе ў Астраўцы адкрылася сярэдняя школа №2.  Яе дырэктарам стаў Аляксандр Клімчэня. У той час у СШ №2 дзейнічаў клуб інтэрнацыянальнай дружбы, якім кіравала настаўніца нямецкай мовы Раіса Кацікава. 
Астравецкія школьнікі  нала­дзілі актыўную перапіску з дзецьмі з іншых краін, абмень­валіся сувенірамі і паштоў­камі. Усё гэта аформлена ў асобную экспазіцыю.
Ганарыцца школа і тым, што ў яе сценах першай з усяго раёна ў пачатку 2000-х гадоў было арганізавана школьнае самакіраванне. Тады прэзі­дэнтам школы быў абраны  Уладзімір Кутко. Яго падарунак – велізарны  кубак у памяць аб  школьным самакіраванні – таксама заняў годнае месца ў школьным музеі. 
Захоўваюцца ў школе фота­здымкі выпускаў розных гадоў, самы стары – 1954 года. Сабраны таксама  звесткі пра настаўнікаў, што працавалі тут.

Ад рубляда егіпецкага фунта 
Прыходзяць у захапленне юныя наведвальнікі ад нумізматычнага раздзела школьнага музея, дзе  захоўваюцца грошы розных краін свету. 
Сярод іх ёсць і такія, якія забаронена вывозіць з краін – напрыклад, егіпецкія фунты.

IMG_5271.jpg


Хатка беларуская
Гэтая экспазіцыя размешчана ў асобным пакоі. Яна самая маладая па сваім узросце – але не па рэчах, якія тут сабраны.  
Беларуская хатка была адкрыта ў 2009 годзе. Тут можна  ўбачыць рэчы, якімі карысталіся нашы продкі ў мінулым стагоддзі, паглядзець старыя фотаздымкі.
– Дзецям вельмі падабаецца гэты пакой. Некаторыя рэчы многія бачаць упершыню і гатовы стаяць тут гадзінамі. Вельмі ж хочацца ім дакрануцца да кожнага экспаната, распытаць, –  расказвае Жанна Станіславаўна.
Вучні школы сёння працягваюць работу сваіх папя­рэднікаў. Яны  збіраюць экс­па­­наты, право­дзяць экскур­сіі, за­піс­ваюць успа­міны стара­жы­лаў пра гісто­рыю горада і школы, знака­мітых людзей раёна. 
Значыць, нашу спадчыну бу­дзе каму перадаць!

IMG_5254.jpg



235 экспанатаў агульнага фонду і 200 дапаможнага  захоўваюцца ў музеі сярэдняй школы №2. 



Текст:
Фото: Елена Ярошевич