«Районка» 50-х: кто и как делал газету

11:49 / 28.05.2019
Гісторыя – гэта не толькі (а як па мне, дык і не столькі) таўшчэзныя манаграфіі, энцыклапедыі, даследаванні вучоных. Гісторыя прадпрыемства, горада, вобласці, краіны складаецца, як з мазаікі, з соцень і тысяч гісторый лю­дзей, што жылі і працавалі ў той час, не ўсведамляючы, што сваёй паўсядзённай працай яны і ствараюць тое, што нашчадкі пазней назавуць гісторыяй. 

І адной з такіх маленькіх старонак вялікай гісторыі Астравеччыны і рэдакцыі «Астравецкай праўды» ў пры­ватнасці з’яўляецца жыццё Галіны Бунчук.

Бунчук Галина в печать.jpg

Галіна Бунчук


Направа ад Леніна…

Галіна Іванаўна нара­дзі­лася і ўсе 85 гадоў свайго жыцця пражыла ў Астраўцы: хата «на два канцы» братоў Даўляшоў – яе бацькі Івана і яго брата Антона – стаяла на месцы сённяшняй цэнтральнай плошчы, якая тады, зразумела, плошчай яшчэ не была.

– Вайну добра памятаю, – узгадвае Галіна Іванаўна. – Я ж тады ўжо ладнай дзяўчынкай была. – Памятаю, як ад немцаў хаваліся, як партызаны прыйшлі, у нашым гумне жылі…

Сям’я была шматдзетнай. Маці нарадзіла пятнаццаць дзяцей – выжыла з іх сямёра. Галіна – малодшая з усіх. І адзіная, хто яшчэ жыве на свеце, захоўваючы бясцэнны скарб – памяць пра той час, сям’ю, работу. 

– Хоць і вялікая сям’я ў нас была, але мы не галадалі, –  расказвае жанчына. – Тата астра­вецкім млыном загадваў, хлеб і мука ў нас не выводзіліся. Ён моцным гаспадаром быў, на ім сям’я трымалася. Калі хата наша пад знос пайшла, бо плошчу рабіць пачалі, тата купіў у Ліпках вялікі прасторны дом.

Паставіў яго ў сённяшнім скверы каля другой школы. Склеп выкапаў, калодзеж, пчол завёў… Сквера тады яшчэ ніякага не было – на яго месцы агароды садзілі. І школа толькі будавалася. Там, дзе помнік Леніну, крыху правей, і стаяла наша хата. А пачаў Астравец расці – зноў давялося бацьку сваю хату перавозіць…. Яна і сёння стаіць, прадалі добрым людзям пасля смерці бацькоў.

Не хачу вучыцца!

Галіна Іванаўна не хавае, што ў школе не надта цягнулася да вучобы. Скончыла сямігодку, і старэйшы брат параіў:

– Ідзі вучаніцай у друкарню. Падвучышся, станеш працаваць – будзеш мець спецыяльнасць!

Ён ведаў, пра што гаварыў: са Старых Дарог у Астравец прыехала Люся Мацюхіна, якая працавала ў друкарні наборшчыцай. Брат упадабаў прыезджую дзяўчыну, і неўзабаве яны пажаніліся. 

Бунчук Галина (справа) Матюхина (Довляш) Людмила в печать.jpg

Галіна Бунчук (справа) і Людміла Мацюхіна (Даўляш)



Прапанова брата Галі спадабалася – гэта было нешта новае, на той час малавядомае. А Люся, на той час ужо Даўляш, стала для юнай родзічкі яшчэ і настаўніцай па прафесіі.

– У ліпені 1951 года прыйшла я ў друкарню вучаніцай наборшчы­цы ручнога набору. На работу мяне прымаў рэдактар Аляксандр Хіль­ко. Рэдакцыя газеты і друкарня былі адным калектывам,  –  успамінае Галіна Іва­наўна. 

Рэдакцыя, як расказала Га­ліна Бунчук, месцілася ў звычайнай драўлянай хаціне на вуліцы Ленінскай, 69 – побач з будынкам сучаснай пракуратуры, там зараз стаіць двухпавярховы дом.

– Уваход быў са двара. Адразу з сенцаў траплялі ў пакой, які прыстасавалі пад друкарскі цэх, – праводзіць віртуальную экскурсію па неіснуючым даўно бу­дынку Галіна Іванаўна. – Адтуль дзверы вялі ў кабінет рэдакцыі, там сядзелі рэдактар і адказны сакратар – нават не памятаю, ці былі яшчэ якія карэспандэнты. А ўжо адтуль – у наш наборны цэх. 

Вучылі дзяўчыну новай спецыяльнасці вопытныя наборшчыцы: Люся Даўляш і Аня Леановіч. Вучылі даволі доўга – пяць месяцаў. Затое потым Галіне адразу прысвоілі чацвёрты разрад – і потым яны павышаліся даволі імкліва: ужо праз год яна была наборшчыцай сёмага разраду, а ў 1959-м яе прызначылі старшай наборшчыцай і загадчыцай друкарні. На гэтай пасадзе яна і працавала да мая 1962 года, пакуль раён  не расфарміравалі і, адпаведна, не ліквідавалі раённую газету і друкарню. 

Некаторыя з работнікаў – наборшчыца Марыя Кувалдзіна, дарэчы, стрыечная сястра Галіны Іванаўны, муж і жонка Альберт і Сабіна Сысы – паехалі працаваць у Смаргонскую друкарню – а Галіна Бунчук засталася, на той час у яе ўжо быў малы сын. 

Галіна Іванаўна ўладкавалася касірам на толькі што адкрытую аўтастанцыю – размяшчалася яна ў невялікай будачцы, што стала на сённяшняй цэнтральнай плошчы і адносілася да Ашмянскай аўтабазы. А калі ў Астраўцы з’явілася свая аўтабаза і пабудавалі сапраўдную аўта­стан­цыю, Галіну Іванаўну пры­значылі дыспетчарам. Здавалася б, работа не «пыльная»: аб’яўляй сабе, з якой платформы і куды адпраўляецца аўтобус ды фіксуй час яго прыбыцця і адпраўлення… А яе цягнула ў друкарню, у мазуту, да наборных кас… Тым больш што пасля аднаўлення раёна ў 1969 годзе была адноўлена работа і рэдакцыі, і друкарні. Забягаючы да сваіх дзяўчат, былых каляжанак, старалася набраць хоць абзац, хоць некалькі радкоў…

– Дык папрасіся ты ў рэдактара на работу, – параіла неяк Аня Хаткевіч.

– Але ж ці возьмуць? – засумнявалася Галіна Іванаўна. 

І ўсё ж падышла да Аляксандра Пятровіча Сыча, тагачаснага рэдактара. 

І, да яе вялікай радасці, праз некалькі дзён зноў працавала наборшчыцай!

Літара да літары

Сённяшнім журналістам і паліграфістам, распешчаным камп’ютарамі з іх неабме­жава­нымі магчымасцямі, калі любое слова, любы кавалак тэксту можна правіць бясконцую колькасць разоў, выдаляць, дабаўляць, адным клікам мышкі перанесці ў іншае месца, задаць патрэбны памер, шырыню калонкі, «расцягнуць» і «сціснуць», цяжка нават уявіць, як у той час набіралася газета.

…Уявіце: кожную літару, знак прыпынку, прабел наборшчык павінен быў узяць у рукі ў спецыяльнай наборнай касе – і паставіць на патрэбнае месца ў вярстатку. Літара да літары, слова да слова… Набрала дзесяць радкоў – акуратна паставіла ў гранку – і далей.

– Я, калі прыходзіў да маці на работу, не мог надзівіцца: як хутка мільгаюць яе рукі,  – успамінае дзяцінства старэйшы сын Галіны Іванаўны Эдуард.

Калі набралі матэрыял – рабілі адбітак на паперы, аддавалі на вычытку. І пажадана, каб правак было як мага менш, бо кожную няправільна пастаўленую літару трэба было затым спецыяльным шылам акуратна дастаць з тэксту і паставіць на яе месца іншую. Вельмі асцярожна, бо кожны рэзкі рух мог скончыцца тым, што радок, абзац, а то і ўся гранка рассыплецца – і тады зноў трэба ўсё рабіць па новай…

Гатовыя гранкі адказны сакратар вымяраў спецыяльнай лінейкай – стракамерам  –  і рабіў макет будучай газетнай паласы: маляваў, які матэрыял дзе і як размесціцца, дзе будуць ілюстрацыі, пазначаў, якім кеглем трэба набраць загаловак. Здаралася, што памыляўся. Часта журналісцкія «пакуты творчасці» не ўлазілі ў паласу ці, наадварот, тэксту не хапала – і тады даводзілася ці то «рэзаць па-жывому», ці то «даліваць вады»… Таму паміж «творчымі» і «тэхнічнымі» існаваў перманентны крызіс: адны пераконвалі, што без гэтага абзаца артыкул страчвае ўсялякі сэнс – а другія задавалі рытарычнае пытанне: «Куды я павінен гэта ўціснуць?» Спрэчкі звычайна вырашаў рэдактар, які чырвоным алоўкам, не асабліва ўнікаючы ў змест «бессмяротнага твора», выкрэсліваў кавалак тэксту патрэбнага памеру…

Хаткевич Анна Кувалдина Мария Бруйко Мария (бухгалтер) Сержанова Янина Штуро анна (линотипист до Стефанчик Людмилы).jpg

Ганна Хаткевіч, Марыя Кувалдзіна, Марыя Бруйко (бухгалтар), Галіна Бунчук, Яніна Сяржанава, Ганна Штура


Паняцце даўжыні працоўнага дня было вельмі адносным: працавалі да таго часу, пакуль не будзе аддрукавана газета, часам – ночы навылёт. 

– Здараецца, людзі ў 9 гадзін раніцы ідуць на работу – а мы толькі вяртаемся. Пару гадзін падрэмлеш – і зноў у друкарню: трэба ж аддрукаваныя палосы разабраць – і ўсё па літарцы, і кожную пакласці ў сваю ячэйку. А потым пачынаць набіраць новы нумар… Лягчэй стала, калі лінатып з’явіўся – на ім са свінцу адразу цэлыя радкі адліваліся. Лінатыпісткай прый­шла працаваць маладзенькая Люся Сцяфан­чык, потым пасля заканчэння паліграфічнага вучылішча да нас прыехала Іна Тарасава. 

Асабліва цяжка было работ­нікам друкарні, калі  пра­хо­дзілі нейкія важныя палі­тычныя падзеі. Тады рэдакцый­ная машыністка Тамара Даўляш па радыёпрыёмні­ку прымала паведамленні телеграфнага агенцтва, тут жа іх неслі ў дру­карню, набіралі, правілі – і ста­вілі тэрмінова ў нумар!

І пры такой напружанай працы часам здаралася, што гатовая, набраная і звярстаная газетная паласа ад аднаго неасцярожнага руху рассыпалася! Каб зразумець увесь драматызм сітуацыі, уявіце, што вы набралі на камп’ютары старонак 10 тэкс­ту, не захавалі яго, міргнула святло – і ваша праца бясследна знікла. Памножце свой адчай разоў у дзесяць – і паспрабуйце ўявіць і пачуць тое, што адчулі і сказалі наборшчыкі і вярстальшчыкі, якія вечарам, здаўшы нумар, са спакойнай душой адправіліся ў клуб на танцы, – а ім паведамілі, што друкары рассыпалі падпісаную да друку газетную паласу…

У горы і ў радасці

– Калектыў рэдакцыі і друкарні да 1977 года, калі мы сталі ўчасткам Ашмянскай узбуйненай друкарні, быў адзіны, і мы заўсёды былі разам – у горы і ў радасці, – успамінае тыя гады Галіна Іванаўна.

Коллектив редакции и типографии в Брестской крепости.jpg

Калектыў рэдакцыі і друкарні ў Брэсцкай крэпасці


 – Рэдактар наш, Аляксандр Пятровіч Сыч, добрым чалавекам быў, дай Бог яму неба. Я на рабоце астму зарабіла – холадна, асабліва як у новы будынак перайшлі, у якім зараз цэнтральная бібліятэка: зімой толькі па шэсць градусаў цяпла набягала. «Пішы, – кажа мне Пятровіч, заяву, можа, выб’ем табе пуцёўку на поўдзень». Напісала – а сама думаю: дзе ж мне тая пуцёўка дастанецца, калі мы ўсе ў адным прафсаюзе – і райкам, і райвыканкам, начальства ж таксама на мора хоча. І што вы думаеце? Не ведаю, як, але выбіў мне рэдактар пуцёўку ў Алушту. Яшчэ і дапамогу з прафсаюза выдзелілі на дарогу…

І святы адзначалі разам, весела і дружна.

– Дзень друку 5 мая, і ў гэты ж дзень у Сыча быў дзень нараджэння, а ў мяне – 8 мая. – расказвае Галіна Іванаўна. – Зранку рэдактар звычайна адпраўляў свайго вадзіцеля Івана Яроміна юшку варыць, а ўжо пасля абеду прыязджаў за намі – і ўсе выпраўляліся адзначаць свята. Весела было! Працаваць – дык працаваць, святкаваць – дык святкаваць! Цяпер, мусіць, такога ўжо няма...

…Але добра, што ўспаміны пра той час па-ранейшаму жывуць у памяці колішніх супрацоўнікаў «Астравецкай праўды».

Текст: Нина Рыбик