У Астраўцы з’явіўся парк сямейных дрэваў
Пятнаццаць маладзенькіх клёнаў упрыгожылі тэрыторыю непадалёк ад дома №62 па вуліцы Валадарскага – сёння астраўчане заклалі тут парк сямейных дрэваў.
Ідэю пасадзіць сямейныя паркі прапанаваў падчас сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з моладдзю адзін з актывістаў ГА БРСМ – і Аляксандр Лукашэнка падтрымаў цікавую задумку.
Такі парк вырашылі пасадзіць і ў Астраўцы, прысвяціўшы гэту падзею 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі і Астравеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Далучыцца да карыснай справы раённы камітэт ГА БРСМ запрасіў усіх жадаючых – і астраўчане адгукнуліся на такую прапанову. У прызначаны дзень пасадзіць сваё дрэва прыйшло 15 сем’яў разам са сваімі маленькімі памочнікамі.
– Паўдзельнічаць у такой знакавай падзеі – вялікі гонар, таму мы, не раздумваючы, вырашылі далучыцца да пасадкі парку, – расказала Жанна Лаўрэцкая. – Гэта не проста дрэва, а часцінка нашай сям’і, памяць нашчадкам. Спадзяюся, дзеці, унукі і праўнукі не забудуць пра гэта і будуць прыходзіць сюды ў важныя моманты свайго жыцця.
– Сын у нас ужо ёсць, дрэва мы сёння пасадзілі, застаецца толькі пабудаваць дом, – з усмешкай кажа Юлія Глазко. – А сямейны парк стане прыгожай ізюмінкай нашага горада.
Калі дружна працаваць усёй сям’ёй, любая справа ідзе спарней – вуліцу Валадарскага хутка ўпрыгожылі маладзенькія клёны, пасаджаныя райкамам ГА БРСМ і сем’ямі Паўлюкевіч, Глазко, Таль, Алексеявец, Грышко, Драган, Савіцкіх, Лаўрэцкіх, Федаровіч, Комар, Валадзько, Сямашка, Хвасько і Жытковіч.