Точка на карте: Акартели

15:24 / 05.07.2017
6310
1

akarteli_05.jpgВы заўважалі, што гарады і вёскі, гэтак жа, як і людзі, маюць свой лёс? Некаму пашанцуе нарадзіцца на перакрыжаванні торных дарог, на якім-небудзь радовішчы ці вялікай рацэ, ды яшчэ пры багатых «бацьках» – глядзіш, праз стагоддзе-другое гэта ўжо сталіца ці буйны цэнтр. Іншая вёсачка ці гарадок жывуць сабе ціхамірна, непрыкметна, ды раптам там, наверсе, нешта перакроілася-перактуцілася – і ў былых «неперспектыўных» пачынаецца новае жыццё. А здараецца і наадварот: некалі ў вёсцы ўсё бурліла-віравала, ды з цягам часу паціху-пакрысе, па кропельцы, жыццё сыходзіла адсюль разам з кожным жыхаром, які адпраўляўся ці на клады, ці ў шчаслівейшыя гарады ды вёскі ў пагоні за лепшай доляй – а за імі знікалі школа, магазін, клуб… І неўзабаве ад вёскі заставалася толькі назва ці кропка на карце. У лепшым выпадку…

Такіх прыкладаў, на жаль, шмат, і гэта не толькі наша бяда, а сусветная: гарады і вёскі паміраюць і ў багатай Швецыі, і ў сытай Германіі… Ды і Астравецкі раённы Савет дэпутатаў амаль штогод прымае рашэнні аб «спісанні» населеных пунктаў, якія фактычна перасталі існаваць: там не засталося ніводнага жыхара, ніводнага жылога дома… 

Вёску Акартэлі чакала менавіта такая доля. Ды якое там чакала: гэткая доля ўжо прыйшла сюды… Ці шмат на Астравеччыне людзей, якія ведаюць, што некалі ў нашым раёне быў населены пункт з такой назвай? Упэўнена: калі такія і ёсць, то іх – адзінкі… Большасць жа, пачуўшы назву Акартэлі, здзіўлена ўскінуць бровы: а дзе гэта? Няўжо такая вёска ёсць у нашым раёне?
Але здараюцца шчаслівыя выпадкі – і з таго свету вяртаюцца не толькі людзі, але і вёскі…

  
З раённай кнігі «Памяць» 

akarteli_02.jpg

АКАРТЭЛІ – вёска ў Спондаўскім сельсавеце (зараз – у Міхалішкаўскім – Н.Р.)
У 19 стагоддзі – засценак пры возеры Белае у Свянцянскім павеце Віленскай губерні. Уваходзіў у маёнтак Шайкуны, належаў памешчыку Сволькену. У 1872 годзе – 14 рэвізскіх душ. Уваходзіў у Аляксандраўскую воласць і адносіўся да Падольскай сельскай грамады. У 1897 годзе ў засценку 7 дамоў, 45 жыхароў. (…) У 1938 годзе 16 двароў, 71 жыхар.
На 01.01. 2004 года тут 1 двор, 2 жыхары.



  akarteli_03.jpg

Зрэшты, мясцовыя жыхары памятаюць Акартэлі пад іншай наз­вай – Саракі. Кажуць, так вёску назвалі таму, што тут было сорак дамоў – хоць, як сведчыць кніга «Памяць», столькі дамоў тут не было ніколі – прынамсі, з 19-га стагоддзя. 

akarteli_04.jpgКалі і чаму яе перайменавалі ў Акартэлі, сказаць цяжка. Ёсць версія, што новую назву вёс­ка атрымала ў гонар першага старшыні сельскага Савета. Так гэта ці не, высветліць дакладна не ўдалося – але на мясцовых могілках ёсць магілка, дзе, як сведчыць надпіс на помніку, ў 1956 годзе пахаваны Раман Акартэль.  

Стаіць хутар у маляўнічым месцы, на беразе возера. Побач – лес. Вясной наваколле патанае ў кіпені садоў і глухне ад спеву салаўёў, восенню яго засыпае жоўта-барвянай лістотай, а зімой – снягамі. І – цішыня… «Рай на зямлі» – скажа стомлены ад бясконцага шуму і тлуму гараджанін. Але ж у гэты рай, як і ў любы іншы, патрапіць не так проста – мо таму ён і застаецца раем?
Двух апошніх жыхароў Акартэляў, Янака і Ядвігу Шурпіцкіх, яшчэ памятаюць у наваколлі. Дзядзьку Янака мясцовыя празывалі Леніным – кажуць, за тое, што ўвесь час дамагаўся справядлівасці і не маўчаў нават тады, калі, на думку «разумнейшых», варта было б памаўчаць… Калі яго не стала, цётка Ядзя зазбіралася да дзяцей на «вялікую зямлю»: заставацца тут адзінокай старой не было ніякай магчымасці.
– Сашка, купі ты ў мяне хату, – звярнулася яна з просьбай да пляменніка, які на той час жыў у Вільнюсе.
– А навошта? – паціснуў той плячыма. – Дабрацца ж сюды амаль што немагчыма – дарогі няма, маста няма… Навошта мне ваша хата?
Але ў душы нешта зварухнулася…
akarteli_08.jpgАляксандр Сцяпанаў, чалавек з няпростым лёсам, які прайшоў Афганістан, неаднаразова быў паранены і кантужаны, нарадзіўся ў гэтых мясцінах: бацька яго – з Ясеня, маці – са Стрыпішак. Праўда, месцам нараджэння ў дакументах запісаны літоўскі Пабрадзе: нараджала маці сына у тамтэйшай бальніцы – тады, у савецкія часы, калі не было межаў, даехаць туды было лягчэй і прасцей, чым дабірацца ў Астравец. Чатыры класы хлапчук вучыўся ў Падольскай школе, а затым сям’я перабралася бліжэй да цывілізацыі – у Паб­радзе.
А ў Акартэлях жыў дзядзька Янак, да якога яны часта прыязджалі.
– У гэтых мясцінах прайшло маё дзяцінства: тут мы сенавалі, бульбу капалі, у госці на святы прыходзілі. Тут – мая маленькая радзіма. І я зразумеў, што калі цётка Ядзя пакіне хутар – то ўсё, не застанецца ад яго нават назвы. Шкада стала…
Грошы ў Аляксандра былі – у яго паспяховы бізнес у Літве. А вось сямейнае жыццё ў Вільнюсе не заладзілася… Усё часцей стаў ён падумваць, каб адкрыць сваю справу на Беларусі, у Астраўцы.
А тут лёс паслаў яму Таццяну: неяк на дарозе дзяўчына «галасавала» – з работы вярталася. Папрасіла падвезці дахаты, а хата – ажно ў Клюшчанах. Ды што ж рабіць – раз спыніўся, то і падвёз. Тая сумесная паездка стала лёсавызначальнай – цяпер яны разам.
– Прывёз сюды Таню, каб параіцца, што рабіць. А яна ўдыхнула паветра на поўныя грудзі – і кажа: «Саша, тут так добра… Трэба браць!» Так вось і купіў я старую дзядзькаву хату – каб было дзе адпачыць ад мітусні, ад бруду – хапіла мне гэтага ў жыцці: і наглядзеўся, і насёрбаўся… Хочацца, каб быў нейкі кавалачак на зямлі для душы, для спакою. 

akarteli_06.jpg

Так у хутара Акартэлі, у якога былі ўсе шансы знікнуць з карты Астравеччыны, з’явіліся новыя жыхары – і новае жыццё. Старую дзядзькаву хату Аляксандр прыбраў, а на яе фундаменце ўзвёў новую – такую, куды не сорамна прывесці маладую жонку. А каб да хаты можна было даехаць, падсыпаў дарогу, пабудаваў драўляны мост цераз ручай, што раздзяляе два возеры з Сарачанскаай групы, нават адпаведны указальнік зрабіў і паставіў – каб ведалі, што мясціны тут жылыя. Купіў трактар і неабходную лінейку прычапнога абсталявання – каб можна было і снег расчысціць, і агарод узараць.
Потым чарга дайшла і да ваколіц.

akarteli_07.jpg– Пайшлі мы неяк з Таняй прагуляцца ў лес, – расказвае Аляксандр. – І раптам яна кажа: «Саша, глядзі: там, у хмызняку, крыж стаіць!» І я ўспомніў: тут жа могілкі былі! Стаў хадзіць, разглядаць – сапраўды, там  і сям крыжы, помнікі, абгародкі. Могілкі! Толькі вельмі ж запушчаныя, зарослыя дрэвамі, кустоўем. Але ж тут пахаваны людзі, што жылі некалі ў гэтай вёсцы – нядобра, што іх магілы знаходзяцца ў такім запусценні.
Аляксандр Сцяпанаў узяўся за справу: спілаваў дрэвы, што гатовы былі вось-вось паваліцца, высек кустоўе, абгарадзіў месца пахавання, прыбраў магілкі, паставіў высокі крыж. Ён узяў сабе за абавязак два разы на год абкошваць тэрыторыю, прыбіраць чужыя магілкі, а ў дзень Усіх Святых прывозіць сюды ксяндза – каб святар памаліўся за душы спачылых…
Пасля таго, як Аляксандр навёў тут парадак, родзічы зблізку і здалёк сталі наведваць магілкі сваіх блізкіх: раней жа сюды і даехаць было цяжка, і патрэбны помнік ці крыж не знайсці.
...Вось ужо пяць гадоў Аляксандр і Таццяна жывуць у Акартэлях. У Астраўцы ў іх свой бізнес – аўтасервіс. Далекавата, скажаце? Яны смяюцца: паўгадзіны на дарогу – ці ж гэта час? У горадзе людзі трацяць нашмат больш, каб дабрацца да работы ці назад, ды яшчэ колькі нерваў пры гэтым псуюць у грамадскім транспарце і ў «пробках».
– А тут так хораша, спакойна, прыгожа, – усміхаецца Таццяна.
Жанчына ўпэўнена, што і яе малышу, які хутка з’явіцца на свет, тут, у Акартэлях, будзе доб­ра.
У Аляксандра шмат планаў абуладкавання сваёй маленькай радзімы: ён хоча аднавіць стараверскую царкву ў Стрыпішках, навесці парадак у Шайкунях – былой сядзібе паноў Сволькенаў, дзе некалі панавалі прыгажосць і парадак, а зараз – запусценне.
– Дзівак чалавек! – пакруціць нехта пальцам ля скроні. – Навошта гэта яму? Грошай няма куды дзяваць ці што?»
Але Аляксандр за сваё доўгае і няпростае жыццё пераканаўся, што грошы ў жыцці – не самае галоўнае, ёсць рэчы нашмат больш важныя і дарагія.
– Тут – мае карані, мая радзіма, – гаворыць ён. – Тут прайшло маё дзяцінства, і ўсё мне тут блізкае. Не хочацца, каб гэта загінула. Не пасяліліся б мы тут – гэтай вёскі ўжо не было б. А так яна жыве – і, спадзяюся, будзе жыць надалей. Я – просты чалавек, але хочацца пасля сябе на зямлі пакінуць след, каб людзі некалі ўспомнілі добрым словам.
Каб жа кожны з нас падумаў, які след застанецца пасля яго на зямлі – і паклапаціўся, каб ён быў не такі, які выціраюць анучай…

akarteli_09.jpg

Текст: Нина Рыбик
Комментарии
0
zoja
Здорово! Пусть всё получится! Сил, удачи и процветания!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений