Прафесіяналы: Аляксандр Габрукевіч з СВК "Гервяты"

08:50 / 11.04.2011

Агранамічную галіну гаспадарак раёна сёння прадстаўляюць у асноўным маладыя спецыялісты, за плячыма ў якіх – універсітэт ды па некалькі гадоў практычнай работы. Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч, намеснік старшыні СВК “Гервяты” па раслінаводству, сярод сваіх калег – своеасаблівы “аксакал”: ён працуе галоўным тэхнолагам палёў ужо амаль сем гадоў. Са смехам успамінае, як выпускніком універсітэта атрымаў размеркаванне ў Астравецкі раён. Жыхар Гродзенскага раёна, ён з цяжкасцю ўяўляў, дзе гэта знаходзіцца. Найперш купіў карту, сарыентаваўся – далекавата… Можна было, канешне, прасіцца бліжэй да дому, тым больш, што бацька – інвалід, але хлопец вырашыў не спрачацца з лёсам: Астравец дык Астравец! 5 мая прыступіў ён да выканання працоўных абавязкаў памочніка загадчыка ўчастка, а ўжо ў верасні яго прызначылі галоўным аграномам адной з буйнейшых гаспадарак раёна.


—Чаго за гэты час дасягнулі? – перапытвае Аляксандр Вацлававіч – і паціскае плячыма:
—Галоўнае, я лічу, тое, што ўдалося захаваць узровень, які быў дасягнуты ў гаспадарцы. Бо, што грэх таіць, скептычных поглядаў хапала: маўляў, малады, толькі што з універсітэта, гаспадарку не ведае, а тут такія аб’ёмы – не пацягне… Прыемна ўсведамляць, што справу мы не загубілі.
Хоць справядлівасці дзеля трэба сказаць, што аграном яўна прымяншае дасягнутае. Так, узровень ураджайнасці збожжавых застаўся прыкладна на тым жа ўзроўні – каля 40 цэнтнераў з гектара: у 2009 годзе было 42, а ў мінулым годзе, як і ва ўсім раёне, ды і вобласці, ранейшага ўзроўню дасягнуць не ўдалося – гектар даў толькі 37 цэнтнераў. Затое такія перспектыўныя культуры, як цукровыя буракі, “падраслі” ў вазе ў “Гервятах” амаль у два разы: іх ураджайнасць павялічылася з 300 цэнтнераў з гектара амаль да 600. Рапс у лепшыя гады даваў па 40 цэнтнераў з гектара – не ў кожнай гаспадарцы атрымліваюць такі ўраджай збожжавых. Да 300 цэнтнераў з гектара давялі ўраджайнасць бульбы. Вярнуліся да вырошчвання насення траў – некалі ў калгасе “Радзіма” гэта была адна з істотных крыніц даходаў, і сёння можа быць не меншай. У мінулым годзе, да прыкладу, у “Гервятах” атрымалі 36 тон кандыцыйнага насення злакавых траў – гэтага дастаткова, каб забяспечыць патрэбы трох раёнаў і істотна папоўніць казну гаспадаркі.
Цікава, а якую культуру аграном любіць найбольш, на якім полі “адводзіць душу”, калі нехта сапсуе настрой?
—Аграному трэба любіць усе культуры, — усміхаецца Аляксандр Вацлававіч. – Бо як толькі нейкая з іх атрымлівае менш увагі, яна пачынае крыўдзіцца і горш расці. Расліны – яны ж жывыя, усё адчуваюць. Мае суседзі часта пытаюць: чаму гэта ў цябе на прысядзібным участку заўсёды такая бульба ўдалая расце? А я адказваю жартам: бо я і ранкам прачнуся – выйду, павітаюся з ёй, і вечарам зайду, пагляджу – вось яна і адказвае мне на любоў узаемнасцю.
Як вядома, у кожным жарце толькі доля жарту… А ўвогуле Аляксандр Вацлававіч у цяжкія хвіліны ў якасці “антыдэпрэсанту” любіць праехацца па палях – у тую пару, калі там усё расце. Паглядзіць, палюбуецца, пагаворыць з кволым парасткам ці спелым коласам – глядзіш, дрэнны настрой як рукой зняло.
Цікава, адкуль жа ў маладога хлопца ў наш камп’ютарызаваны век узялася такая цяга і любоў да раслін? Няўжо не было жадання выбраць нейкую іншую прафесію?
—Напэўна гэта ў мяне найперш ад маці, Марыі Аляксандраўны. Яна працавала калгасным брыгадзірам, па сённяшніх мерках – загадчыкам участка, так што ў пэўнай ступені я пайшоў па яе слядах. І маці я лічу сваім першым настаўнікам у прафесіі. Другім – тагачаснага агранома Аляксея Аляксеевіча Сілівончыка, які перадаваў мне справы – мы з ім аб’ехалі кожнае поле, і ён расказаў усё, што толькі мог. На памяць я пакуль што, дзякуй богу, не скарджуся: і сёння з дакладнасцю працэнтаў на семдзесят магу казаць, на якім полі што расло на працягу чатырох апошніх гадоў, хоць гаспадарка ў нас цяпер, пасля далучэння Рымдзюн і Дайлідак, салідная – трынаццаць тысяч гектараў сельгасугоддзяў, восем тысяч ворыва – гэта вам не жартачкі.
—А кім бы я мог стаць, калі б не паступіў у аграрны ўніверсітэт? – вяртаецца да другой часткі пытання Аляксандр Вацлававіч. — У школе, канешне, былі пэўныя ваганні. Але сёння я разумею, што кім бы я ні стаў – усё роўна быў бы аграномам. Гэта –маё, тое, што мне цікава.
Аляксандр Габрукевіч лічыцца адным з найбольш вопытных і граматных аграномаў у раёне, высокім прафесіяналам сваёй справы – пра гэта мне гаварылі і старшыня СВК “Гервяты” Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі. І тым не менш ён не лічыць, што, дасягнуўшы пэўных вынікаў, можна спачываць на лаўрах. Бо даўно і не намі заўважана: калі ты ідзеш у нагу з часам – ты стаіш на месцы. Калі ж прыпыніўся хоць на хвіліну – ты безнадзейна адстаў. Вось і Аляксандр Вацлававіч імкнецца пастаянна быць у курсе усіх агранамічных “ноу-хау”: выпісвае спецыяльныя часопісы, рэгулярна праходзіць перападрыхтоўку на курсах павышэння кваліфікацыі.
—Вядома, інфармацыі, якая карысная на справе, на такіх курсах можна атрымаць працэнтаў 10, але ж і тое добра! – аптымістычна заўважае аграном.
А яшчэ ён з’яўляецца членам рэспубліканскага клуба аграномаў, куды прымаюць далёка не кожнага жадаючага – гэтага гонару яшчэ трэба заслужыць. Сам Габрукевіч пра гэта сціпла прамаўчаў, але кіраўнік гаспадаркі выдаў “сакрэт полішынеля”. Ну і ў сваёй гаспадарцы ён увесь час эксперыментуе, засявае доследныя ўчасткі. Хоць сам жа крытычна зазначае, што вынік, атрыманы на эксперыментальным участку, амаль ніколі не паўтараецца на полі, разыходжанне можа складаць да 30 працэнтаў. І тым не менш ставіць доследы, шукаць новыя падыходы да вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур неабходна.
—Напэўна, на радзіме, у Гродзенскім раёне, працаваць было б цікавей? — задаю я правакацыйнае пытанне. – Усё ж землі там – не нашы паўночныя, і вынікі працы земляробаў – таксама. Не крыўдна было мяняць “быка на індыка”, ехаць з Сапоцкіна ў Гервяты?
—Ну, пра тое, дзе працаваць больш цікава, можна паспрачацца, — парыруе аграном. – У “Прагрэсе”, да прыклду, ужо дасягнулі ўраджайнасці ў 90 цэнтнераў з гектара. Гэта ўжо, лічы, столь – да чаго ім імкнуцца? А нам яшчэ – расці і расці, працаваць і працаваць. Ну і трэба мець на ўвазе, што ў Гродзенскім раёне – не проста ўрадлівыя землі, лепшая тэхніка і г.д. — там на ўраджай працуюць не толькі спецыялісты, а ўся айчынная навука. А самому дасягнуць выніку – шмат цікавей.
І падзел: Гродзенскі раён – гэта ўжо “ў іх”, а “Гервяты” – “у нас” – лепш за ўсё сведчыць, што прыкіпеў малады аграном да Астравеччыны ўсур’ёз і надоўга. Ды і як інакш: тут яго землі, дзе ён помніць кожнае поле, і яго патэнцыял. Тут, у Гервятах, знайшоў ён і сваю “палавінку” – астравецкую дзяўчыну, якая працавала эканамістам ў праўленні СВК. Цяпер у іх – сям’я, дом, гадуецца дачушка, якой хутка споўніцца два гадкі – падарунак бацьку ва ўсіх сэнсах: нарадзілася малышка якраз напярэдадні яго дня нараджэння.
Але кропку ў сваім жыцці Аляксандр Вацлававіч ставіць не спяшаецца: справядліва зазначаючы, што жыццё – рэч непрадказальнае. Ды і сапраўды – якія яго гады? Думаецца, у Аляксандра Габрукевіча ўсё яшчэ наперадзе – і галоўныя дасягненні, і перамогі, і прызнанне людзей…


Ніна РЫБІК.