Священники Островетчины посещают своих прихожан

07:14 / 21.02.2017

ostrovets_by_отец ГеоргийПасля Калядаў і да пачатку
Вялікага посту святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій наведваюць сваіх прыхаджан, каб асвяціць іх дамы і кватэры. Для чаго гэта робіцца, што нясе ў сабе гэтая традыцыя, мы пацікавіліся ў благачыннага астравецкага благачыння айца Георгія Савіцкага.

--Айцец Георгій, скажыце, для чаго асвячаецца жыллё? І навошта гэта рабіць кожны год?

--.Большую і галоўную частку жыцця мы праводзім у сваім доме, побач з роднымі і блізкімі. І вельмі важна, якая абстаноўка ў доме – радасць там жыве, любоў, узаемная павага – ці сваркі і скандалы. Для таго, каб у вашым жыллі пасялілася благадаць, і праводзіцца яго асвячэнне. Вядома, што ўсё навокал – і сцены, і мэбля, і паветра – утрымлівае ў сабе ваду. І даўно даказана, што нават кропля крашчэнскай вады здольная перадаць свае гаючыя, благадатныя ўласцівасці ўсёй вадзе, з якой судатыкаецца. Так што благадаць у вашым доме з’яўляецца не толькі ў тым месцы, куды ўпадзе кропля крашчэнскай вады – яна пасяляецца ва ўсім доме.

А для чаго асвячаць дом кожны год, таксама, мне здаецца. зразумела. Усе мы грэшныя, і за год у кожным доме адбываюцца розныя падзеі, не толькі прыемныя: здараецца, пасварыліся, пакрыўдзілі адзін аднаго члены сям’і, слова дрэннае сказалі ці проста ўключылі тэлевізар – а там кроў, насілле, распуста… І паступова, незаўважна негатыў накапляецца пад дахам вашага дома – і затым цісне смогам на ўсіх сямейнікаў. Благадаць жа мае ўласцівасць не толькі пасяляцца ў доме, але і пакідаць яго…

Канешне, калі ў сям’і пастаянна моляцца, то гэта дапамагае захаваць тую добрую атмасферу, што пасяляецца ў доме ў момант яго асвячэння. Таму ўсім раю: кожны дзень, раніцай і ўвечары, прачытайце ўсе разам хоць бы “Ойча наш” – пабачыце, як палепшыцца атмасфера ў вашай сям’і! Але, на жаль, агульная малітва стала правілам далёка не ў кожным доме…

Часам здараецца: пераступаеш парог дома ці кватэры – і адчуваеш сябе вельмі некамфортна, хоць там усё прыгожа, дыхтоўна, што называецца, поўная чаша. А потым памолімся разам, асвецім дом – і заўважаеш, што атмасфера стала зусім іншай…

Быў у маёй практыцы выпадак: прыйшоў асвячаць кватэру, а маладыя бацькі жаляцца: дзіця спіць дзе заўгодна: у зале, у кухні, у калідоры -- толькі не ў спальні. Асвяцілі хату, вярнуўся дамоў, праз паўгадзінкі тэлефаную тым бацькам, а яны з радасцю паведамляюць: заснула малое ў сваім ложку! Вось гэта – яскравы прыклад уздзеяння той благадаці, што нясе ў сабе крашчэнская вада.

--Ці трэба нейкім асаблівым чынам рыхтаваць дом да асвячэння?

--Па-першае, у доме трэба прыбрацца, навесці парадак.

Да прыходу святара паставіць столік, на якім павінны быць ікона, свечка, запіска з імёнамі родных, за здароўе якіх вы хочаце памаліцца – яе святар забірае з сабой і за іх памоляцца яшчэ і ў храме падчас літургіі. Пажадана, каб была святая вада, але калі ў некага яе няма, то я на такі выпадак заўсёды бяру з сабой.

Многія па славянскай традыцыі на стол кладуць яшчэ хлеб і соль -- тлумачаць, што іх так маці ці бабуля вучыла. Царкоўныя каноны гэтага не патрабуюць – але і не забараняюць, гэта ім не супярэчыць, і нічога дрэннага ў такой традыцыі няма. Можна толькі парадавацца, што ў сем’ях памятаюць і шануюць парады старэйшага пакалення.

--Зноў жа да шматнацыянальнай і шматканфесійнай асаблівасці нашага раёна: калі ў адной сям’і жывуць католікі і праваслаўныя, ім трэба запрашаць асвяціць дом святароў абодвух канфесій – ці дастаткова некага аднаго?

--Якога святара ці прадстаўнікоў абедзвюх канфесій запрасіць, павінны вырашаць у сям’і. Толькі пажадана, каб гэта было сумеснае рашэнне, прынятае на сяменйым савеце, у дружалюбнай, паважлівай размове, а не так, што “Я сказаў!” ці “Я так вырашыла!” На жаль, у многіх сем’ях развучыліся размаўляць, раіцца адзін з адным, прымаць сумесныя рашэнні – вось у гэтым я бачу праблему, а не ў тым, хто са святароў асвеціць дом.

--Ці можна самому асвяціць сваё жытло?

--Канешне. Прычым рабіць гэта можна хоць кожны дзень. Здараецца, што чалавек дрэнна спіць, адчувае душэўнае хваляванне, ці ў сям’і здарылася нейкая непрыемнасць, сварка, непаразуменне – пакрапіце святой вадзічкай ложак, пакой, увесь дом ці кватэру – гэта пойдзе на карысць.

Але традыцыя штогадовага асвячэння жытла святаром нясе ў сабе асаблівую благадаць, і грэбаваць ёй не варта.

--Чула, што ў асаблівых выпадках патрабуецца больш грунтоўнае асвячэнне жытла. Гэта так?

--Акрамя штогадовага асвячэння існуе яшчэ чын поўнага асвячэння – калі сям’я ўпершыню засяляецца ў новы дом ці кватэру, то абавязкова трэба паклікаць святара, каб асвяціць жытло. Нават калі нехта проста зняў ці купіў кватэру, ды нават зрабіў капітальны рамонт – іх таксама трэба асвяціць: вы ж не ведаеце, хто там жыў да вас, якія словы гаварыліся, смех там гучаў ці праклёны, малітвы чыталіся ці слёзы ліліся.

І калі хто надумаў будаваць новы дом, то варта памятаць, што існуе чын асвячэння на аснаванне дома – ён праводзіцца, калі яшчэ толькі выкапаны катлаван ці заліты фундамент, пакуль не сталі выводзіцца сцены.

--Дзякуй за гутарку і карысныя парады.

Гутарыла Ніна Рыбік.


ксендз ЮзафАкрытыя дзверы і сэрцы і у пробашча парафіі святых Космы і Даміяна, каноніка, ксяндза Юзафа Багдзевіча.

Ксёндз Юзаф, навошта ксёндз ходзіць, як кажуць на Астравеччыне па калядзе”?

– У абавязкі святара ўваходзяць не толькі літургічныя справы – адпраўленне імшы, удзяленне сакрамантаў, катэхэза, але і духоўны клопат пра сваіх парафіян. У канічным праве, якое рэгулюе дзейнасць касцёла, можам знайсці такія словы: “Пробашч павінен наведваць сем’і, раздзяляючы клопаты, а асабліва смутак і скруху вернікаў, суцяшаючы іх у Пану, а таксама разважліва настаўляючы іх, калі ў нечым зграшылі”. Таму галоўная мэта каляды, ці душпастырскіх адведзінаў, – гэта сустрэча з паствай. Святар затрымліваецца ў кожнай хаце настолькі, наколькі гэта патрэбна людзям.

На старонках Святога Пісання можам адшукаць не адну гісторыю, калі сам Пан Езус прыходзіў да людзей.

Калядаванне не зводзіцца да асвячэння жытла і сумеснай малітвы святара і людзей, якія яго прымаюць у сваім доме – гэта больш значная ў духоўным плане падзея. Магчыма, яны не прыйшлі б у касцёл з-за ўласнага нежадання, сціпласці, занятасці – чалавек можна знайсці сабе шмат апраўданняў – і надалей жыць ў граху. Прыход святара дапамагае чалавеку раскрыцца, задаць хвалюючае пытанне ці абмеркаваць праблему.

Астравецкая парафія вялікая. Штогод з душпастырскім візітам мы наведваем сем’і, але наперад ніколі не магчыма прадказаць, як пройдзе каляда. Хтосьці, напрыклад, гадамі не быў у споведзі ці на імшы, хтосьці перажывае крызіс веры, а пасля сустрэчы са святаром знаходзіць адвагу прыйсці ў касцёл. Самае прыемнае, калі атрымліваецца дапамагаць людзям, калі заўважаеш на імшы чалавека, які многа гадоў не пераступаў парог касцёла.

Для святара калядаванне – няпростая справа. Кожны чалавек са сваім характарам, тэмпераментам, настроем. А святар павінен знайсці тую нотку, якая адзавецца ў сэрцыпарафіяніна.

Людзі часам гавораць, навошта прымаць святара ці ўвогуле хадзіць у касцёл, калі можна памаліцца дома? Яны забываюцца пра тое, што Касцёл – гэта не будынак і не святары, а самі вернікі.

Вернікі павінны запрашаць святара”на каляду”? І што рабіць, калі падчас яе нікога не было дома: у дарослых не атрымалася адпрасіцца з работы, дзеці ў час не паспелі прыйсці са школы?

– У кожнай парафіі існуе свой парадак каляды. У многіх касцёлах вядуцца картатэкі, таму чалавеку, які заўсёды прымае ў сваім доме святара, не трэба кожны год яго запрашаць. У некаторых парафіях, асабліва вялікіх, святар наведвае толькі тыя сем’і, якія папярэдне запрасілі яго ў свой дом, каб пастырскі візіт не стаў нечаканасцю. Аднак, калі ў парафіі з’явіліся новыя вернікі, варта папярэдне паведаміць ксяндзу пра ваша жаданне прыняць яго ў сваім доме ці кватэры.

Ксёндз, які працаваў і Італіі, расказваў пра звычай італьянцаў запрашаць святара на абед ці вячэру, падчас якой можна абмеркаваць хвалючыя пытанні ці проста проста пагутарыць у нязмушанай атмасферы.

Выбраць ідэальны час для каляды немагчыма. Большасць людзей днём працуюць, таму наведванне сямей у горадзе мы звычайна плануем на вечар. Калі па нейкіх прычынах сям’я не можа прыняць ксяндза ў вызнаны час, неабходна папярэдне пра гэта паведаміць. Пасля заканчэння каляды кожны, хто не паспеў прыняць святара ў сваім доме, можа падысці да ксяндза і дамовіцца пра яго візіт. Можна запрашаць асвяціць не толькі дом, але арганізацыю ці прадпрыемства.

Як трэба падрыхтавацца да прыходу ксяндза?

– На стале, засланым белым абрусам, павінны быць крыж, запаленая свечка, асвечаная вада, крапіла. Пажадана, каб было Святое Пісанне, каб зразумець, ці гучыць слова Божае ў гэтым доме, ці чытаюць яго бацькі разам з дзецьмі. Асабіста я падчас каляды заўсёды пытаюся ў людзей, што трэба пасвенціць.

Мае суседзі – муж каталік, жонка праваслаўная – штогод запрашаюць да сябе і бацюшку, і ксяндза.Гэта правільна?

– Кожны вырашае для сябе. Некаторыя запрашаюць бацюшку, а праз год – ксяндза, ці наадварот. Некаторыя прымаюць у сваім доме прадстаўнікоў абедзвюх канфесій.

У якіх яшчэ выпадках, акрамя каляды, асвячаецца жытло?

Звычайна запрашаюць святара для асвячэння новага дома ці кватэры. Для гэтага існуе спецыяльная малітва. Калі ў людзей ўзнікла патрэба асвяціць жытло па пэўных прычынах, думаю, ніводзін святар нашага дэканату ў гэтым ім не адмовіць.

З гісторыі ўзнікнення калядавання

Мяркуецца, што традыцыя калядавання ўзнікла з часоў нараджэння Езуса. У Евангеллі паводле святога Мацвея знаходзім, што мудрацы, пакланіўшыся сыну Божаму, вярталіся ў свае краіны іншай дарогай і на зваротным шляху наведвалі розныя гарады і вёскі.

Парадак каляды:
1. выходзім насустрач ксяндзу ці просім суседа прывесці святара ў наш дом;
    2. рэлігійныя прадметы, якія хочам асвяціць, кладзём на стол;
    3. на хрысціянскае прывітанне “Хвала Хрысту!” адказваем “На векі вечныя. Амэн”;
    4. прымаем удзел у супольнай малітве;
    5. калі святар акроплівае жыхароў дома святой вадой, робім знак крыжа;
    6. пасля заканчэння каляды праводзім ксяндза да суседа.

 


 
Текст: