"Репортёр выходит в свет". Как вы относитесь к Декрету №3?

07:10 / 19.02.2017
налоговая гербДэкрэт №3 «Аб сацыяльным утрыманстве», напэўна, адзін з самых абмяркоўваемых у грамадстве ў апошні час.

Вось і наш карэспандэнт вырашыў высветліць, з якім настроем да зместу заканадаўчага акта і да тых, хто падпадае пад яго дзеянне, адносяцца жыхары Астравеччыны.

ПетрыкДанута Петрык, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства:

– Магчыма, мае словы не вельмі спадабаюцца некаторым грамадзянам, аднак я лічу, што права на атрыманне пенсіі павінен зарабіць кожны. Кожны павінен думаць не толькі аб асабістым абагачэнні, але і аб статусе дзяржавы.

Я крыху абурана тым, што ў стаж цяпер не ўваходзіць час адпачынку па догляду за дзіцем – гадаваць дзяцей складана і няпроста. Аднак за той час, што жанчына знаходзіцца ў адпачынку, яна не робіць ніякіх выплат у казну дзяржавы. Чаму тады гэты час трэба ўключаць у стаж?

Па профілю сваёй працы я часта сутыкаюся з такімі бацькамі, якія не жадаюць працаваць, затое лічаць нармальным сядзець на шыі ў дзяржавы і прапіваць дапамогу дзяржавы на дзяцей. Для такіх тат і мам дзіця – магчымасць атрымаць лёгкія грошы.

КалантайЯдвіга Калантай, пенсіянерка:

– Я часта бачу, як старыя і хворыя людзі, ужо пенсіянеры, ранкам устаюць і ідуць на працу, а іх дзеці, маладыя і здаровыя, сядзяць дома і не жадаюць нічога чуць пра работу ці яшчэ горш – стаяць пад магазінам і, як жабракі, выпрошваюць рубель-другі на бутэльку віна.

Пакараць іх неяк трэба – аднак яны ж нічога не баяцца і ніколі не заробяць на гэты штраф: плаціць зноў жа давядзецца бацькам.

Ілля, будаўнік (без фота):

– Я лічу так: трэба вызначыць, хто падпадае пад гэты Дэкрэт, а то ўсіх стрыгуць пад адзін грэбень: і інваліда, які б і працаваў, аднак яго ніхто не хоча браць на працу, і чалавека, якому дзяржава дае магчымасць працаваць і зарабляць, аднак ён не хоча і наўмысна не ідзе працаваць. Патрэбен індывідуальны падыход да кожнага выпадку.

Юрый Новік, часова беспрацоўны (без фота):

– Я раней працаваў у Мінску, аднак зараз не працую – жыву за кошт таго, што здолеў адлажыць. Таму гэты закон мне вельмі не падабаецца. Аднак, з другога боку, я разумею, што падобным чынам я раблю свой унёсак у дзяржаўную казну: бясплатная адукацыя, медыцынская дапамога.

А, напрыклад, мой сусед, які «ганяе» на Расію на шабашкі, ні капейкі не плаціць падаткаў – аднак яго дзеці вучацца ў той жа школе, што і мае, і ходзіць ён да тых жа дактароў, што і я. Ён крычыць: «Я прывожу ў краіну грошы – я іх тут трачу». Але ж, прабачце, і я іх трачу тут. Таму з гэтай сітуацыяй нешта трэба рабіць.

ДервисАндрэй Дэрвіс, тэрапеўт:

– У мяне да гэтага Дэкрэта станоўчае стаўленне. Канешне, хапае і недапрацовак, аднак накірунак узяты правільны.

Напрыклад, у мяне і маіх калег часта ўзнікае пытанне: чаму чалавек, які вядзе асацыяльны лад жыцця, нічога не робіць для краіны, не плаціць падаткаў, і пенсіянерка, якая падымала краіну пасля ваеннай разрухі, не спала начамі, сваё здароўе патраціла на цяжкай рабоце павінны атрымліваць аднолькавую дапамогу ад дзяржавы?

Мы ж ведаем, што гэты асацыяльны элемент ніколі не верне ні капейкі ў дзяржаўную казну – аднак павінны прадстаўляць яму такія ж умовы, як і ветэрану.

Антон ЧЫК, фота аўтара.


ostrov-red.malshevski@tut.by