В Островце провёл приём граждан помощник Президента Республики Беларусь - главный инспектор по Гродненской области Сергей Ровнейко (обновлено)

11:20 / 18.02.2017
приём ровнейкоУ сераду, 15 лютага, у Астраўцы праводзіў прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Васільевіч Раўнейка. На прыёме прысутнічалі старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Прыём доўжыўся амаль дзве гадзіны. Са сваімі зваротамі, якія тычыліся як асабістых пытанняў, так і агульных праблем жыцця грамадства, да памочніка Прэзідэнта звярнулася сем чалавек – двое дзеля гэтага прыехалі з Ашмян, а адна жанчына са сваёй бядой – ажно са Скідзеля.

Сяргей Васільевіч уважліва выслухаў кожнага, хто прыйшоў да яго са сваім болем, крыў­дай, праблемай, прапановай,  па­спра­баваў разабрацца ў сутнасці кожнай справы – і ў ходзе гутаркі цікавіўся іншымі  пы­тан­нямі жыцця людзей, іх бачаннем той ці іншай праблемы.

Пажылая астраўчанка, якая прыйшла на прыём да памочніка Прэзідэнта, уздымала актуальную для многіх жыхароў нашага горада праблему: аператар кабельнага тэлебачання перастаў прадстаўляць кліентам адносны недарагі сацыяльны пакет з пяці беларускіх тэлеканалаў – а плаціць амаль 10 рублёў за пакет, у якім больш за 40 тэлеканалаў, для пенсіянеркі занадта дорага, ды і патрэбы ў гэтай разнастайнасці жанчына не адчувае: ёй хапае і свайго айчыннага тэлепрадукта. Сяргей Васільевіч поўнасцю раздзяліў заклапочанасць жанчыны і паабяцаў разабрацца з сітуацыяй.

Фермеры Ч.С. Лабачэўскі і Т.Б. Шкіруць уздымалі праблему, якая тычыцца не толькі іх, але, напэўна, актуальная для многіх прадпрымальнікаў: юрыдычны адрас іх фермерскіх гаспадарак указаны па месцы жыхарства, і пастанова Савета Міністраў №233 аўтаматычна прыраўнівае ў разліках за электраэнергію іх жылыя дамы да вытворчых памяшканняў – а гэта, на думку і саміх фермераў, і памочніка Прэзідэнта, няправільна. Але абмеркаваннем толькі гэтай канкрэтнай тэмы гутарка не абмежавалася: Сяргей Васільевіч цікавіўся, як жывецца зараз фермерам, чаму людзі не хочуць працаваць на зямлі, у чым крыюцца сакрэты поспехаў і няўдач аграрнікаў – гутарка атрымалася шчырай і зацікаўленай.

Жыхарка Варнян прыйшла на прыём да С.В. Раўнейкі з асабістай праблемай: не па сваёй віне, а з-за бюракратычных перашкод яе сям’я не змагла своечасова прыватызаваць дом – а зараз зрабіць гэта вельмі цяжка. А таксама ў ходзе гутаркі ўзняла праб­лему, якую ўжо неаднойчы ўздымалі жыхары аграгарадка перад прадстаўнікамі мясцовай улады, але пакуль безвынікова: у Варнянах закрыўся магазін прамысловых тавараў і людзям цяпер з-за кожнай гаспадарчай дробязі трэба ехаць у райцэнтр.

– У некаторых кіраўнікоў проста манія нейкая: усё зачыняць, – абурана заўважыў Сяргей Васільевіч. А гэта, на думку памочніка Прэзідэнта, няправільна: калі гандлёвая кропка нерэнтабельная – можна абмежаваць дні і час работы магазіна, але пакінуць адкрытым.

Былы старшыня калгаса «Шлях Леніна»  Мечыслаў Аляксандра­віч Валуевіч прыйшоў на прыём да памочніка Прэзідэнта, каб абмеркаваць пытанні заняпаду сельскай гаспадаркі: на яго думку, няправільна было ўзбуйняць сельгаспрадпрыемствы да памеру некантралюемых гігантаў. Турбуе ветэрана працы і адсутнасць парытэту цэн на сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю. А таксама тое, што з укараненнем падчас апрацоўкі палёў шыроказахопных агрэгатаў змяншаецца контурнасць палёў. Была ў Мечыслава Аляксандравіча і асабістая просьба да Сяргея Васільевіча Раўнейкі, якая тычылася прыватызацыі дома.

Ці адрозніваўся прыём грамадзян у Астраўцы ад іншых раёнаў? З якімі пытаннямі і праблемамі звяртаюцца да вас людзі? – пацікавіліся журналісты ў Сяргея Васільевіча Раўнейкі пасля таго, як прыём грамадзян закончыўся.

– Нічым асаблівым ён не адрозніваўся. Большасць зва­ротаў, з якімі людзі ідуць на прыём, знаходзяцца ў плоскасці абавязкаў старшыні раённага выканаўчага камітэта. Нават калі грамадзяне дайшлі да ўзроўню намесніка старшыні аблвыканкама, то гэта азначае альбо тупік у нейкім нарматыўным акце, альбо сітуацыю, калі чалавек не ўспрымае аб’ектыўных довадаў і аргументаў. А ўсё астатняе – нядобрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў чыноўнікамі, пачынаючы з сельскіх Саветаў. Нават калі зварот пайшоў у аблвыканкам, не кажучы ўжо пра рэспубліканскія органы кіравання, – гэта павінна стаць надзвычайным здарэннем, якое патрабуе спецыяльнага службовага расследавання. Калі ў сваё апраўданне ў органах мясцовай улады кажуць, што да іх з гэтай праблемай не звярталіся, то гэта ўжо мінус у рабоце райвыканкама: значыць, чалавек не спадзяецца, што яму могуць дапамагчы ў раёне і звяртаецца адразу ў вышэйстаячыя органы ўлады.

– Ці многа прыходзіць на прыём так званых «штатных скаржнікаў»?

– Калі вы маеце на ўвазе тых, у каго вясной і восенню адбываецца сезоннае абвастрэнне хваробы – то так, такія людзі ёсць, але іх няшмат. І не трэба спрашчаць сітуацыю: мы часам прыпісваем да нездаровых людзей тых, хто проста па жыцці нераўнадушны чалавек і хоча дабіцца праўды. Але спрацоўвае ланцуговая рэакцыя: адзін чыноўнік не змог ці не захацеў дапамагчы чалавеку – а далей усе кіруюцца аднойчы прынятым рашэннем, не хочуць ад яго дыстанцыравацца. І дробязная праблема, як снежны камяк, абрастае паперамі – а яна, як кажуць, выедзенага яйка не каштуе.

Самая галоўная якасць кожнага дзяржаўнага чалавека – доб­расумленныя, нераўнадушныя адносіны да людзей. Чыноўнік любога ўзроўню павінен быць, з аднаго боку, «таўстаскурым», каб вытрымліваць часам несправядлівыя папрокі,  а з іншага – ён павінен мець міласэрнае сэрца, каб адчуваць боль людзей і справядліва адносіцца да іх патрэб.

– Сёння адна з самых абмяркоўваемых грамадствам тэм – рэалізацыя Дэкрэта №3, так званага «закона аб дармаедах». Хацелася б ведаць вашу думку на гэты конт.

– Так, на гэтым і наступным тыдні гэтым пытаннем будуць займацца ўсе органы ўлады – ад мясцовых да рэспубліканскіх. Гэты Дэкрэт узбударажыў усю краіну. З аднаго боку, гэта доб­ра: трэба, каб людзі разумелі, што ў нас дзяржава прававая і роўная для ўсіх – як па ўмовах, так і па абавязацельствах. Але, на жаль, механізм рэалізацыі гэтага Дэкрэта паспяшаліся запусціць, не прапрацаваўшы ўсе нюансы і наступствы – і таму ў яго спатрэбілася ўносіць дапаўненні і змяненні.

Зараз дадзена магчымасць органам распарадчай і выканаўчай улады ў кожнай канкрэтнай сітуацыі прымаць адпаведнае рашэнне. Гэта, канешне, няпрос­та, бо няма вопыту, выканкам ці раённы Савет дэпутатаў не заўсёды могуць вызначыць дакладна, што стаіць за заявай з просьбай вызваліць ад выплаты падатку – свядомае ўхіленне ад ўдзелу ў сацыяльных расходах дзяржавы ці на самой справе ў чалавека склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя? І, безумоўна, будуць памылкі і пакрыўджаныя.

Але калі нават у нейкім канкрэтным выпадку рашэнне прымуць не на карысць чалавека, то ён можна звярнуцца ў рабочым парадку ў вышэйстаячыя органы ўлады. Тым не менш, падатак трэба папярэдне заплаціць, бо ў іншым выпадку фіскальныя органы прыменяць штрафныя санкцыі – і будуць мець рацыю.

Хачу сказаць, што працэс гэты кіруемы, ён знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы – і мы не дапусцім крэну ў бок нядобрасумленных грамадзян. Тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю не па сваёй волі, баяцца няма чаго: справядлівасць будзе адноўлена, нават калі пры першапачатковым разглядзе прымуць памылковае рашэнне. Але нехта свядома ўхіляецца ад удзе­лу ў расходах дзяржавы на сацыяльныя патрэбы, а затым захоча схітрыць, паказаць сябе пакутнікам, то такім хочацца сказаць: не пройдзе – плаціць падатак давядзецца ў поўным аб’ёме.

Прысутнічала падчас прыёму грамадзян і гутарыла Ніна РЫБІК.


ostrov-red.rybik@tut.by.