Вечер встречи выпускников в Ворнянском УПК совпал с 40-летним юбилеем школы

11:18 / 11.02.2017
швола ворняныТрадыцыйны вечар сустрэчы выпускнікоў для Варнянскага НПК у гэтым годзе стаў асаблівым, бо прайшоў ён пад знакам 40-гадовага юбілею школы: у студзені 1977 года прыняў вучняў новы прасторны будынак, у якім да гэтага часу спасцігаюць шматлікія школьныя дысцыпліны і навуку жыцця хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з Варнян, але і шматлікіх навакольных вёсак.

Кажуць, жанчыне столькі гадоў, на колькі яна выглядае. Варнянская школа – а яна ж таксама жанчына! – за гэтыя сорак гадоў прыкметна памаладзела. Колішні дырэктар Уладзімір Алегавіч Булавіцкі, для якога лічба 40 у адносінах да Варнян таксама сімвалічная – менавіта сорак месяцаў ён працаваў дырэктарам гэтай навучальнай установы напрыканцы 70-ых гадоў – з цяжкасцю пазнаваў сваю колішнюю гаспадарку. І з асаблівай увагай вывучаў створаныя спецыяльна да юбілею школы гістарычныя стэнды: у дакументах і рэчах, што склалі экспазіцыю, – часцінка і яго асабістай біяграфіі.

Тое ж можна сказаць і пра выпускнікоў, якія адзначалі такі ж юбілей, як і школа: сорак гадоў назад яны «пакінулі школьны двор пад гукі нестарэючага вальса». Парадокс: колішнія юныя і стройныя юнакі і дзяўчаты памажнелі, пасталелі, пасівелі за гэтыя гады – а школа ўсё маладзее і прыгажэе, нібы на яе не дзейнічаюць законы прыроды… Зрэшты, гэтаму ёсць тлумачэнне: немагчыма старэць, калі штодня энергія 375 няўрымслівых хлопчыкаў і дзяўчынак і 51 таленавітага і крэатыўнага настаўніка, 19 з якіх – выпускнікі гэтай жа школы, напаўняе кожны квадратны метр будынка!

Таму гісторыя школы, на думку адной з выпускніц школы, а сёння – яе дырэктара Алены Іванаўны Юркойць, якая першы год узначальвае гэтую навучальную ўстанову і вельмі стараецца, каб яна захавала і прымножыла лепшыя традыцыі і дасягненні, з якімі асацыіруецца Варнянская школа, гэта найперш – жывая памяць людзей.

швола ворняны1І гэтая жывая гісторыя ў мінулую суботу запоўніла класы і калідоры Варнянскай школы. «Ты ўсё такая ж стройная, Анечка!» «А ты стаў сур’ёзным, Андрэй…» «Дзякуй за навуку, Надзея Андрэеўна». «Лілія Яцкаўна, як добра, што вы прыехалі!» «А помніш?..» Школа гудзела, як вулей, і адрамантаваная спецыяльна да свята актавая зала не змагла ўмясціць усіх, хто сабраўся на спатканне з юнацтвам і роднай школай.

Арганізатары імпрэзы паста­раліся, каб яна запомнілася прысутным на бліжэйшыя калі не сорак, то пяць гадоў – дакладна.

На «праспекце ганаровых гасцей» усіх вітала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Яна кампетэнтна заявіла, што Варнянская школа – гэта флагман устаноў адукацыі раёна. І пажадаўшы, каб яна заставалася ім і надалей, уручыла вартыя флагмана падарункі: параканвектамат для аснашчэння харчблока (для тых, хто, як і я, не адразу зразумеў, што гэта такое, тлумачу: цяпер школьнікі будуць у абед есці не смажаныя катлеты, а паравыя: клопат пра здароўе дзяцей – на першым плане), а таксама сертыфікат для пераабсталявання кабінета хіміі. З падарункамі прыехалі і іншыя госці: кіраўнікі грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын».

А вось Надзею Андрэеўну Субач, якая 31 год узначальвала калектыў Варнянскай школы, на «праспекце ганаровых гасцей» бачыць было непрывычна: яна – часцінка школы, як і школа – часцінка яе: пра гэта сведчылі хоць бы тыя авацыі, з якімі сустракала яе зала.

На «алеі знакамітых выпускні­коў» узгадалі імёны спартсменаў – чэмпіёна света па кікбоксінгу Дзяніса Зуева і ўдзельніка Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра Аля­ксандра Ляховіча, медыкаў – доктара медыцынскіх навук Алега Кезлю і кандыдата медыцынскіх навук Алену Субач, выдатніка аховы здароўя Генрыха Калтана, майстроў слова – паэта Рычарда Бялячыца і галоўнага рэдактара газеты «Гродзенская праўда» Лілію Навіцкую, дызайнера Анастасію Кухарэвіч, маладую журналістку і падарожніцу Эмілію Комар – якая, дарэчы, даслала вельмі цёплы і пранікнёны відэазварот сваёй школе і настаўнікам.

швола ворняны2Шматлюдна было на «набярэжнай выпускнікоў»: сюды завіталі тыя, хто закончыў школу 40, 30, 25, 20, 10 гадоў назад – з цёплымі ўспамінамі, словамі ўдзячнасці школе і настаўнікамі – і шкадаваннем, што немагчыма вярнуць «школьныя гады цудоўныя»…

На «вуліцы ветэранаў педа­га­гічнай працы» гасцей прывітала Людміла Іванаўна Кухарэвіч – і ўзгадала многіх з калег, з якімі давялося разам працаваць: успомніць усіх даволі складана. І таму настаўніца выказала слушную прапанову: школа павінна мець уласную кнігу «Памяць», каб занатаваць сваю гісторыю, бо чалавечая памяць – крыніца недасканалая, а «напісанае – застаецца».

швола ворняны3Госці ў той вечар падарожнічалі яшчэ і па «завулку крэатыўнасці і творчасці», на якім маладыя спецыялісты, што сёлета прыйшлі працаваць у школу, што называецца, «парвалі залу» сваім выступленнем; адпачылі ў «парку дзяцінства», пакупаліся ў «фантане ведаў» – словам, уражанняў і эмоцый хапіла ўсім і надоўга.

А заключная песня са словамі «Мы – адзінае цэлае» стала свое­асаблівай кранальна-шчым­лівай кропкай юбілейнага вечара сустрэчы – і надзеяй, што наступныя юбілеі будуць такімі ж шматлюднымі, прыгожымі і шчырымі.

_____________


Ніна РЫБІК.


ostrov-red.ganulich@tut.by


Гістарычная даведка

***

Першая згадка пра школу ў Варнянах адносіцца да ХVІ стагоддзя. У 1593 годзе Ян Абрамовіч запісаў фундушы мясцоваму касцёлу і заснаваў пры ім школу для шляхецкіх дзяцей. У 1777 годзе ў ёй займаліся толькі 9 вучняў.

***

У ХІХ стагоддзі пачалі адкрывацца так званыя народныя вучылішчы. У 1901 годзе на Астравеччыне дзейнічала шэсць такіх навучальных устаноў: Астравецкае, Быстрыцкае, Варнянскае, Гервяцкае, Жалядскае і Кямелішкаўскае вучылішчы.

У 1900-1901 навучальным годзе ў Варнянскім народным вучылішчы займалася 65 дзяцей, сярод якіх была толькі адна дзяўчынка. У канцы ХІХ стагоддзя настаўніцай тут працавала Марыя Сакалова, якая мела званне настаўніцы народнага вучылішча. Законанастаўнікам быў каталіцкі святар, выпускнік Віленскай каталіцкай семінарыі Міхаіл Глямбоцкі. Усім вучням выдавалі пасведчанні аб заканчэнні народнага вучылішча.

У 30-я гады ХХ стагоддзя школа размяшчалася ў звычайнай драўлянай хаце з невялікімі вокнамі – яна знаходзілася на месцы сучаснага Варнянскага лясніцтва. 

***

У сярэдзіне верасня 1937 года па ініцыятыве польскіх уладаў у Варнянах адкрылі сяміга­довую школу. Яе першым дырэктарам стаў Антоні Матарэвіч. Пад яго кіраўніцтвам працавала сем настаўнікаў. Падчас заняткаў забаранялася размаўляць па-беларуску: усе прадметы выкладаліся выключна на польскай мове. Школьны будынак быў тыповым для таго часу: вялікія, прасторныя і светлыя класы, пячное ацяпленне.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны заняткі былі спынены, а ў школе размясцілася казарма. Толькі восенню 1945 года Варнянская школа аднавіла сваю работу.

***

У пасляваенныя гады пачалі стварацца школы па ліквідацыі непісьменнасці (лікбезы). У 1947 годзе на Астравеччыне працавала каля 20 такіх устаноў. Вячэрнія школы сялянскай і рабочай моладзі існавалі ў Астраўцы, Варнянах, Дайноўцы і іншых населеных пунктах.

***

У 1951 годзе Варнянскую сямігодку рэарганізавалі ў сярэднюю школу.

*** 

У 1977 годзе сярэдняя школа справіла наваселле: атрымала новы сучасны трохпавярховы будынак. А праз трыццаць гадоў стала вучэбна-педагагічным комплексам «Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа».

Цікава  ведаць

* За ўсю гісторыю існавання школы ў Варнянах працавалі больш за 210 настаўнікаў, з якіх – прыкладна 65 педагогаў-мужчын;

* першай вучаніцай, якая пасля заканчэння школы стала настаўніцай, была Марыя Уладзіславаўна Гражуль (у дзявоцтве – Кісялевіч);

* у адным класе вучыліся Ян Ціхановіч і Тадэвуш Адула, якія ў будучым абаранілі доктарскія дысертацыі ў галіне фі­ла­софіі;

* першая залатая меда­лістка Варнянскай школы – выпускніца 1980-га года Лілія Навіцкая;

* у Варнянскай школе працавалі на­стаўніцкія дынастыі: Пе­кары, Зеля­неўскія, Волкавы, Навіцкія, Лакевічы, Пят­ровы, Аўгулі.

 

швола ворняны4Выпускнікі 2007 года і іх класны кіраўнік Лілія Яцкаўна Рук:

– Што больш за ўсё запомнілася са школьных гадоў? Напэўна, тое, як нашу школу рамантавалі, да пачатку навучальнага года не паспявалі – і мы вучыліся ў вучэбна-вытворчым камбінаце сярод разабраных рухавікоў, макетаў… Напэўна, таму большасць хлопцаў з нашага класа сталі вадзіцелямі!

– Класаў не хапала, вучыліся па графіку, нават у нядзелю. Так склалася, што ў мяне цэлы тыдзень не было ніводнага выхаднога.

– Пажадаць сваёй школе хочацца далейшага працвітання, каб яна заставалася заўжды маладой, каб тут заўсёды было шмат вучняў, а настаўнікам камфортна працавалася.

 швола ворняны5Надзея Андрэеўна Субач,  узначальвала Варнянскую школу  31 год:

– Калі я пасля Уладзіміра Алегавіча Булавіцкага ўзначаліла школу, то галоўнай задачай бачыла стварэнне настаўніцкага і вучнёўскага калектыву, здольнага вырашаць тыя задачы, што перад намі ставіліся. Мне здаецца, што гэта ў большай частцы ўдалося зрабіць: людзі, якія працавалі са мной, – творчыя, крэатыўныя, адказныя. Новаму кіраўніцтву школы я б пажадала захаваць тыя добрыя традыцыі, што былі ў нашай школе. Канешне, зараз іншы час, новыя патрабаванні – але, выконваючы іх, не трэба адмаўляцца ад таго добрага, што было раней.

 швола ворняны6Інэса Вяславаўна Багдановіч, настаўніца пачатковых класаў:

– У мяне ў гэтым годзе таксама юбілей: 30 гадоў я працую настаўніцай пачатковых класаў у Варнянскай школе, якую некалі і закончыла. Памятаю, калі пасля Лідскага педвучылішча прыехала па размеркаванні ў Астравецкі раён, тагачасны загадчык аддзела адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура прапаноўваў мне на выбар Астравец, Гудагай, Гервяты – але я была вельмі настойлівай: толькі Варняны! Прыйшлося нават змахляваць, што замуж выходжу…

Прафесію я выбрала дзякуючы сваёй першай настаўніцы, якая вучыла нас у Філіпанскай пачатковай школе, Алене Пятроўне Краско, светлая ёй памяць: яна была прыкладам для ўсіх вяскоўцаў, і мне вельмі хацелася быць падобнай на яе. За гэты час ні разу не пашкадавала пра свой выбар: калі заходзіш у клас і бачыш шчырыя, цікаўныя, вясёлыя дзіцячыя вочкі, то ўсё, што здарылася да гэтага, застаецца за дзвярыма – з імі нібы кожны дзень нанова нараджаешся.