Школы Островетчины презентовали свои бизнес-кампании

12:09 / 10.02.2017
бизнес-планыВынікі работы за мінулы год  і задачы на наступны, праблемы  і перспектывы развіцця навучальных устаноў – у апошнія дні студзеня на базе гімназіі №1 пад кіраўніцтвам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч і з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свіла прайшло выніковае пасяджэнне савета аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Адметнасцю яго сталі  прэзентацыі школьных бізнес-кампаній.  Сёння навучальныя ўстановы не толькі вучаць дзяцей, але і зарабляюць грошы.  Якім чынам? – пра гэта падчас прэзентацыі бізнес-кампаній  расказвалі дырэктары ўстаноў і іх падапечныя.

У кожнай школы была свая  «ізюмінка». Праект Спондаўскага НПК так і называўся  «Ягада-маліна»: на прышкольным участку ўжо не першы год   расце  маліна  –  і школьнікі не толькі збіраюць ягады, але і вырошчваюць  саджанцы.

У Варнянскім НПК рэалізуецца комплексны праект «Экалаўка». Акрамя вырошчвання і продажу дэкаратыўных саджанцаў хваёвых і дэкаратыўна-лісцевых раслін  і садаводства, тут збіраюцца заняцца развядзеннем грыбоў – вешанак і шампіньёнаў. Акрамя таго,  школа  ўключылася ў праект ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» па стварэнні экалагічнага адукацыйнага цэнтра па захаванні балтыйскіх ласосяў у Беларусі – а зарабляць  плануе на экскурсійнай дзейнасці.

У мінулым годзе ў  Міхалішкаўскай школе актыўна нарыхтоўвалі насенне кветак – для таго, каб сёлета заняцца вырошчваннем расады, а потым –  і яе рэалізацыяй.

Падобную бізнес-кампанію праводзяць і ў Кямелішкаўскім НПК. А ў дадатак тут збіраюцца рэалізоўваць агародніну, сабраную з прышкольнага ўчастка.

Праект «Жывіца» па продажы розных відаў хваёвых раслін  рэалізуюць педагогі і вучні Альхоўскай школы.

Рытанскія  і гервяцкія  школьнікі і іх настаўнікі таксама заняліся вырошчваннем кветкавай расады і агародніны.

А варонскія педагогі пайшлі іншым шляхам: тут рэалізуюць праект «Вясёлкавы сад» па вырошчванні  пакаёвых кветак.

бизнес-планы3Цікава і комплексна прадставілі бізнес-кампанію «Гаспадар» гудагайскія школьнікі і педагогі. Да вырошчвання расады яны дадалі экскурсійную  і тэатральную дзейнасць, а таксама выпечку кулінарных вырабаў.

Гімназія №1  уразіла ўдзельнікаў прэзентацыі прадстаўленнем тэатра моды «Шык». Школьнікі і педагогі не толькі рыхтуюць тэатральныя пастаноўкі і прадстаўляюць іх для юных гледачоў з іншых устаноў адукацыі, але і здаюць касцюмы на пракат.

Бізнес-кампанію «Смайлік» прадставілі мальскія педагогі: яны прапануюць на продаж магніты рознай тэматыкі, а таксама самаробныя паштоўкі.

Падобны від дзейнасці  развіваюць і ў Рымдзюнскай школе з беларускай мовай навучання.

А іх калегі з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання  збіраюцца арганізаваць на базе школы турыстычна-экскурсійны цэнтр для знаёмства з культурай мясцовых літоўцаў.

Выхаванцы і педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра ўразілі ўсіх прадукцыяй, выкананай у  тэхніцы  дэкупажу.

Унікальныя драўляныя рэчы збіраюцца рабіць у СШ №1 – чарпакі, вёдры і бочкі, выстаўленыя на выставе, упэўнена, зацікавяць аматараў пары. А якія цудоўныя рэчы са звычайных паліэтыленаввых пакетаў умеюць рабіць школьнікі і педагогі! Дадаць да гэтага самаробныя рукавіцы,   шапкі для лазні і фіта-чаі, якія таксама прапаноўваюць у гэтай школе, –  і адразу ж можна накіроўвацца ў парылку!

Тканыя  вырабы ручной работы прапаноўвалі педагогі і вучні Падольскага НПК. Былі на выставе  і больш танныя рэчы – фартухі, рабочыя і мехавыя рукавіцы...

СШ №2 сваю бізнес-кампанію назвала “Залаты капітал”: сувеніры, выстаўленыя на продаж, былі зроблены з саломкі.

бизнес-планы1

бизнес-планы2– Кожная ўстанова падышла да мерапрыемства не толькі творча, але і зрабіла адпаведныя разлікі, бізнес-планы вытворчасці і рэалізацыі тавараў і вырабаў. Плануецца, што ў красавіку ўсе школы стануць удзельнікамі выставы “Велікодны сюрпрыз”, а жыхары і госці нашага горада змогуць набыць унікальныя сувеніры, падарункі, рэчы хатняга ўжытку, зробленыя рукамі дзяцей і дарослых, – расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту   і турызму Алеся Казіміраўна Кашко.

Алена СВЕТЛАЯ, фота з архіва аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Текст: