На Островетчине прошёл районный конкурс "Учитель года"

16:05 / 05.02.2017
учитель года 17 годДванаццаць самых талена­вітых, актыўных, крэатыў­ных  і пазітыўных педагогаў сустрэ­ліся напрыканцы студзеня ў гімназіі №1, каб пазмагацца за права прадставіць Астра­веччыну на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года».

На працягу некалькіх месяцаў 75 педагогаў з  усіх школ і дашкольных устаноў раёна пісалі сачыненні,   дэманстравалі тэа­рэ­тыч­ную падрыхтоўку, мето­дыкі правядзення ўрокаў і  ўмен­не выказваць свае думкі на вызна­чаныя тэмы перад публікай – у выніку 28 з іх у розных намінацыях сталі ўдзель­нікамі раённага конкурсу. Да фіналу дайшлі 10 настаўнікаў, выкладчыкаў розных школьных дысцыплін і 2 выхавальніцы дашкольных устаноў – менавіта ім давялося пазмагацца за права прадставіць наш раён на абласным этапе.

– Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года» вядзе свой адлік з 1991 года. За гэты час шмат пераможцаў нашых раённых конкурсаў удзельнічалі ў абласных. Аднак самым запамінальным стаў апошні конкурс «Настаўнік года», калі дзве нашы настаўніцы – Алена Чаславаўна Севасцьян і Тамара Іосіфаўна Качкан – трапілі ў лік лепшых педагогаў нашай краіны на рэспубліканскім этапе, –  адзначыла падчас свайго выступлення начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч.

учитель года 17 год1

учитель года 17 год2У фінал раённага конкурсу выйшлі настаўнікі СШ №1, СШ №2, гімназіі №1, Гудагайскай СШ, Варнянскага НПК і выхавальніцы ясляў-сада №2 і №1. Усе яны не ўяўляюць свайго жыцця без дзяцей і любімай прафесіі,  з якой вызначыліся яшчэ ў дзяцінстве.

А пра тое, што гэта сапраўдныя педагогі,  сведчылі выступленні-прэзентацыі. У кож­­нага з фіналістаў была свая  «фіш­ка», якую яны пастараліся пра­дэ­манстраваць падчас сама­прэ­зентацыі.

Настаўнік фізікі СШ №2 Уладзімір Мікалаевіч Крывец працуе ў школах нашага раёна толькі 1,5 гады, аднак упэўнены, што галоўнае на ўроку – дзейнасць школьнікаў. Менавіта з гэтага пачынаецца шлях да перамог у конкурсах і канферэнцыях. А яны ў маладога педагога і яго выхаванцаў  ёсць.

Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ №2 Ганна Віктараўна Аўсюкевіч таксама з маладых – у школе яна толькі 4 гады, але  ў педагога ўжо склалася свая сістэма работы – пра гэта яна расказала, даказваючы тэарэму пад назвай «Педагогіка».

Некалькі разоў у дзень вітаец­ца са сваімі вучнямі на англій­скай мове настаўніца гімназіі №1 Кацярына Валер’еўна Акуловіч – са сваёй місіяй вучыць дзяцей замежнай мове яна спраўляецца добра: пра гэта сведчылі расповеды яе вучняў і калег.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Юлія Сяргееўна Кулеш добра памятае свой першы ўрок, першых вучняў і першую пастаўленую «дзясятку», хаця з таго часу мінуў не адзін год. Педагог  упэўнена, што нецікавых тэм і ўрокаў не бывае, таму яна не толькі вучыць дзяцей, але і з задавальненнем сама вучыцца ў сваіх калег і ў вучняў.

Наступнай фіналістцы – на­стаў­­ніцы беларускай мовы і літаратуры Гудагайскай сярэдняй шко­лы Ірыне Мікалаеўне Жал­ток –  імпануюць актыўныя формы работы. Для яе важна навучыць дзя­цей вучыцца, і таму педагог ні на хвіліну не спыняецца ў сваім развіцці – гэта яна і прадэманстравала ў невялікім відэароліку.

А настаўніцу пачатковых кла­саў СШ №2  Марыю Казі­мі­раўну Саўко прадставілі яе дзе­ці. А потым і яна сама расказала пра методыкі выкладання прадметаў у пачатковай школе і пахвалілася поспехамі сваіх вучняў – за 25 гадоў яе работы ў школе іх было шмат.

Трэнер па лёгкай атлетыцы, настаўніца фізічнай культуры  і здароўя гімназіі №1 Анастасія Мечыславаўна Пашук зразумела, што хоча працаваць з дзецьмі,  падчас праходжання практыкі на трэцім курсе. Пасля заканчэння ўніверсітэта  яе захапленне лёгкай атлетыкай  стала прафесіяй – і за тры гады работы ў школе ёй ёсць,  чым пахваліцца.

Цікавы відэаролік-прэзента­­цыю пра тое, як навучыць дзяцей вучыцца,  падрыхтавала на­стаўніца абслугоўваючай пра­цы Гудагайскай СШ Таццяна Уладзіміраўна Грыва. Педагог упэўнена, што на ўроку мае значэнне ўсё, але самае галоўнае для настаўніка –  пастаянная праца над сабой, бо ён жыве да таго часу, пакуль вучыцца.

Выкладчыца хіміі і біялогіі СШ №1 Кацярына Іванаўна Смоль­ская расказала пра прымянен­не на занятках і ў выхаваўчай рабоце інтэрактыўных метадаў навучання – а пра тое, што яны даюць станоўчыя вынікі, сведчыць шэраг  прадстаўленых ёй узнагарод.

Наталля Валер’еўна Філіпава, якая выкладае хімію ў гімназіі №1, дзялілася сакрэтамі, як  зацікавіць дзяцей і павысіць іх матывацыю да вучобы – а вынікі вучэбнай дзейнасці яе вучняў сведчаць, што ў педагога гэта атрымліваецца.

Выхавальніца ясляў-сада №2 Свя­т­лана Станіславаўна Бару­ў­ка калісьці сама выхоўвалася  ў гэтым садку. Цяпер яна не толькі водзіць сюды сваіх дзяцей, але і сама тут працуе. А каб выхаванцам было цікава, выкарыстоўвае на занятках розныя гульні.

З пальчыкавымі гульнямі, выкарыстаннем элементаў выяў­лен­­чай дзейнасці, развіццём гра­фічнай маторыкі  знаёміла выха­вальніца ясляў-сада №1 Вольга Мікалаеўна Карвэль – і нават дарослыя зацікавіліся тым, што можна тварыць у садку! Што тады казаць пра дзяцей?

Першы этап раённага конкурсу прайшоў  захапляльна і пазнавальна. Не менш цікава было паслухаць разважанні педагогаў пра тое, якім быў настаўнік учора, кім з’яўляецца сёння  і што будзе з ім заўтра.

Зноў жа кожны да выступлення падыйшоў творча і неардынарна. Адны расказалі пра гэта ў вершаванай форме, другім дапамог Маленькі Прынц з казкі А. Экзюперы, трэція разважалі пра сябе, чацвёртыя ўспаміналі сваіх педагогаў, пятыя з дапамогай вучняў стварылі ідэальны вобраз настаўніка трох эпох... Лейстматывам усіх выступленняў стала думка, што ва ўсе часы ў школах былі, ёсць  і будуць сапраўдныя педагогі і ніхто ніколі не зможа іх замяніць.

Журы ж тым часам неабходна было вызначыць пераможцаў у прадметных намінацыях. Па выніках выстаўленых балаў Астравеччыну на абласным этапе прадставяць настаўнікі  фізі­кі СШ №2 Уладзімір Міка­лае­віч Крывец, англійскай мовы Кацярына Валер’еўна Аку­­ловіч і  фізічнай культуры і здароўя гімназіі №1 Анастасія Мечы­славаўна Пашук, і рускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Юлія Сяргееўна Кулеш, а таксама  выхавальніца ясляў-сада №1 Вольга Міка­лаеўна Карвэль.

Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», якія педагогам уручылі Наталля Іосіфаўна Станкевіч і Ірына Фёдараўна Раткевіч.

Усе фіналісты, якія выходзілі на сцэну ў той дзень, сапраўды годныя людзі ў сваёй прафесіі. І галоўнае – адданыя дзецям і школе.

учитель года 17 год4Каментарыі

– Крыху непрывычна сядзець у журы, асабліва з улікам таго, што некалькі гадоў назад я сама ўдзельнічала ў такім жа конкурсе,  –  падзялілася ўражаннямінастаўніца беларускай мовы і літаратуры Падольскага НПК, удзельніца рэспубліканскага конкурсу  Тамара Іосіфаўна Качкан. – Было цікава паглядзець на ўрокі фіналістаў, паслухаць іх выступленні… Часам адзначала, што зрабіла б я, што змяніла б у выступленні, як правяла б урок... Мне было цікава. Гэты конкурс дае педагогам многае – і я з задавальненнем  паўдзельнічала б у ім яшчэ раз.

– Усе 12 педагогаў, якія стаялі сёння на сцэне, – ужо пераможцы. Кожны з іх прайшоў шэраг выпрабаванняў перш,  чым трапіць сюды  –  і з імі, а таксама з сённяшнімі заданнямі яны справіліся выдатна, –  адзначыў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

Текст: