Добрые люди помогли Деду Морозу собрать подарки для молодых людей с инвалидностью

16:38 / 18.01.2017
новогодние-конкурсыУ навагоднія і калядныя святы ў Дзеда Мароза і Снягуркі заўсёды вельмі шмат работы: толькі паспявай разносіць падарункі, тварыць добрыя справы, праводзіць ранішнікі і карпаратывы, весяліць дзяцей і дарослых. Таму не дзіўна, што нават з дапамогай хуткіх аленяў яны не заўсёды паспяваюць зрабіць усё своечасова. Вось тады галоўныя чараўнікі  і клічуць на дапамогу сваіх памочнікаў, якія ў паўсядзённым жыцці выдаюць сябе за звычайных людзей, але маюць нераўнадушнае сэрца.

Менавіта яны ўжо не першы год з’яўляюцца своеасаблівымі анёламі-ахоўнікамі для маладых людзей з інваліднасцю. Дзякуючы магазіну “Лапушка” ніводзін Новы год для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых людзей з інваліднасцю не абыходзіцца без смачных салодкіх падарункаў. Ад Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведвальнікі атрымалі сродкі асабістай гігіены і ручнікі. Не застаецца ў баку ад добрых спраў і Фонд міру – на выдзеленыя ім грошы маладыя людзі з інваліднасцю атрымалі харчовыя пасылкі.

Пастаянна ўдзельнічаюць у дабрачыннасці і прыхільнікі здаровага ладу жыцця: футбольны клуб “Меліяратар”, фітнес-клуб “Брадвей” разам са сваімі наведвальнікамі сабралі 260 рублёў, якія былі перададзены маладому чалавеку з інваліднасцю.

А дзеці бацькоў з абмежаванымі магчымасцямі ўжо не першы год атрымліваюць салодкія падарункі ад АТ ІК “АСЭ” – сёлета прыемныя сюрпрызы чакалі восем сем’яў, дзе гадуюцца пятнаццаць дзяцей.

Далучыўся да эстафеты дабрачыннасці і аддзел адукацыі, спорту і турызму: напярэдадні Новага года для маладых людзей з інваліднасцю была арганізавана бясплатная паездка ў сядзібу Дзеда Мароза, дзе яны ўпэўніліся, што чараўніцтву няма межаў, і атрымалі масу пазітыўных эмоцый.

Менавіта з дапамогай сваіх верных памочнікаў галоўныя чараўнікі не толькі дораць падарункі, але і ўсяляюць у людзей радасць, надзею і веру ў дабрыню. Дапамагайце адзін аднаму – і дабрыні стане нашмат больш.

Марына МАЦКЕВІЧ.