В Островце прошёл традиционный благотворительный концерт, посвящённый Дню инвалидов
12:39 / 06.12.2016
– Вы думаеце, “справяцца без мяне”? – Не, не справімся! – Вы думаеце “мае 10 рублёў не выратуюць?” – Выратуюць! – пераконвалі валанцёры, якія запрашалі на традыцыйны дабрачынны канцэрт, прысвечаны дзецям і людзям з захворваннем на ДЦП. Не раз гэтае мерапрыемства анансіравалася на старонках “Астравецкай праўды”; прымушалі спыніцца афішы, размешчаныя на важных сацыяльных аб’ектах горада і раёна... Магчыма, таму падзяліцца часцінкай сваёй дабрыні, любові і надзеі вырашылі многія – пустых месцаў у кінаканцэртнай зале “Астравец” амаль не было.
Патрэбны настрой арганізатары – аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і адукацыі, спорту і турызму, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і іншыя – стварылі ўжо пры ўваходзе ў фае кінаканцэртнай залы. Тут разгарнуліся выставы рэчаў, зробленых таленавітымі людзьмі Астравеччыны: вырабы з саломкі і бісеру, свечкі ручной работы і тапіарыі, вырабы з газетных трубачак і каляровых стужак…
Прываблівалі маленькія дзяў-чынкі-анёлачкі, якія запрашалі прагаласаваць за самую прыгожую сувенірную падушку – яны былі выкананы ў розных тэхніках у рамках акцыі “Падары цеплыню”. Конкурсныя работы размяшчаліся побач – больш за паўсотні чалавек вырашылі падарыць сваё майстэрства тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Забягаючы наперад, скажу, што менавіта наведвальнікі канцэрта выбіралі пераможцаў акцыі. У выніку дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму і падарункамі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” былі адзначаны аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра, Паліна Базюк з СШ №2, калектыў Палушскага дзіцячага сада, Наталля Дземідовіч з Кямелішкаўскай школы, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры і Яраслаў Плаўскі з СШ №1.
Побач працавалі валанцёры Гудагайскай сярэдняй школы: кожны жадаючы мог ахвяраваць пэўную суму грошай ці з добрымі пажаданнямі завязаць каляровую стужку на сімвалічнае дрэва дабрыні і надзеі.
А ва ўпрыгожанай зале тым часам стартавала падарожжа ў свет дабрыні. Права адкрыць яго было дадзена старшыні раён-нага Савета дэпутатаў Ірыне Эдуардаўне Тальчук.
– Я ўпэўнена, што ўсе, хто сёння прыйшоў на дабрачынны канцэрт, зрабіў гэта па закліку сэрца, каб дапамагчы тым, каму патрэбна наша падтрымка. І я рада, што з кожным годам такіх людзей становіцца ўсё больш, – сказала Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Цёплыя словы прывітання і пажа-данні выказалі ў адрас арганізатараў і ўдзель-нікаў канцэрта дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч, настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій і ксёндз-вікарый касцёла Космы і Даміяна Юрый.
Дзень інвалідаў складана назваць святам, ды ў апошні час так ніхто і не гаворыць. Аднак арганізатары канцэрта падарылі ўсім гледачам менавіта сапраўднае чароўнае свята.
Заварожвалі вядучыя – Дзмітрый Карась і Наталля Бялячыц, прымушалі радавацца і сумаваць вялікія і маленькія зоркі астравецкай сцэны: музыканты і танцоры з СШ №2, гімназіі №1, дзіцячай школы мастацтваў, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама Алег Уласік, Яўгенія Уласік, Інна Ляховіч, Нэлі Філіпчык, Раман Віткевіч, Ксенія Петрашкевіч, Таццяна Канчанін, Аксана Сяўко, Злата Мінкілевіч, Надзея Вайцяховіч, Юлія Якель, Дзіяна Бараноўская, Яраслаў Вянгроўскі, Юрый Інаровіч і Аляксандр Юргелянец.
Не адсталі ад тых, хто не першы раз выходзіць на сцэну і ўжо мае свайго слухача і гледача, педагогі і выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і аддзялення дзённага знаходжан-ня для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра – іх вершы, песні і чароўная казка пра вясёлку нікога не пакінула абыякавым.
– Мы штогод наведваем
дабрачынныя канцэрты, – сказала, выступаючы ад імя бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, Алена Галяк. – Такія мерапрыемствы нам вельмі патрэбны, і мы ўдзячныя ўсім за ўвагу і падтрымку, якую нам аказваюць, – для нас гэта вельмі важна.
Цудоўны падарунак астраўчанам падрыхтавалі і беларускія зоркі: песні ў выкананні Дзмітрыя Карася, Сяргея Славянскага і Дзяніса Дзямідава паставілі кропку дабрачыннай дзеі, якая больш за дзве гадзіны адбывалася на сцэне.
… Прасіць заўсёды складана. А дапамагаць, наадварот, лёгка. І ўсе, хто ахвяраваў 10 рублёў на дабрачыннае мерапрыемства, запалілі агеньчык надзеі для тых, каму патрэбна дапамога. Па звестках арганізатараў падчас мерапрыемства было сабрана больш за чатыры тысячы рублёў – у хуткім часе яны будуць перададзены 16 сем’ям, у жыццё якіх увайшоў дыягназ ДЦП.
Алена СВЕТЛАЯ.