Рэпарцёр высвятляў: горад ці вёска?

19:21 / 23.10.2016

title_picture_gorod_vs_derevnyaМеркаванне з перыферыі:


Дзе, на погляд нашых рэспандэнтаў, лепш жыць – у горадзе ці на вёсцы, высвятляў карэспандэнт у сельскіх жыхароў.


%d0%bf%d0%bb%d1%8f%d1%9e%d0%b3%d0%b0Наталія Пляўга, пенсіянерка, вёска Стрыпуны:


– Мне на вёсцы лепш, бо я ніколі ў горадзе і не жыла. У горадзе мне ўсё чужое: шмат людзей і шуму, а тут, у вёсцы, – лес, азёры, рэчка – усё сваё, роднае. Да таго ж тут на чыстым паветры і прадукты свае – чыстыя. Свая гаспадарка: коней, каровак, свіней трымаем. Ды і калгас дапамагае.


Дзяцей у мяне двое. Адзін тут, у Кямелішках, асеў – працуе лесніком. А другі з жонкай у горад Узда перабраўся – хаця там ад горада адна толькі назва…


%d0%bc%d0%b0%d1%80%d1%86%d1%96%d0%bd%d0%ba%d0%b5%d0%b2%d1%96%d1%87Вольга Марцінкевіч, прадавец:


– Усё ад чалавека залежыць – дзе лепш, вырашае кожны сам.


Асабіста я ў горад не рвуся, бо тут усё знаёмае, роднае, а там, наадварот, – чужое. Ды і па натуры сваёй я дамасед: мяне розныя бары ды дыскатэкі не цікавяць.


Куды ўсё ж паехала, калі б прапанавалі любы горад на выбар? Толькі ў Мінск. Бо, па-першае, гэта наша сталіца, а, па-другое, там заробкі большыя будуць, чым на вёсцы.


%d0%ba%d0%be%d1%81%d1%86%d0%b5%d0%b2%d0%b0Тадэвуш Косцева, часова беспрацоўны:


– Жыць на горадзе ці на вёсцы – гэта асабісты выбар кожнага. Напрыклад, я да горада не прывычны і там, лічу, наўрад ці прыжыўся б. Хаця, калі б прапанавалі работу, – паехаў бы, бо тут, на месцы, працу знайсці складана.


Вось і займаюся ў асноўным на сваім участку, зрэдку нейкую падпрацоўку падкінуць. У калгас уладкавацца не магу, бо на групе, а там і сваіх скарачаюць з-за адсутнасці работы.


%d0%ba%d0%b5%d0%b6%d1%83%d0%bdПётр Кяжун, часова беспрацоўны:


– Далучаюся да слоў Тадэвуша – цяжка на вёсцы без работы. Я летам на КЗС у калгасе адпрацаваў, а зараз работы няма. Ксёндз наш дае падпрацоўку, а без яе – увогуле край!


Я ў свой час у Мінску шмат адпрацаваў – ды не спадабалася мне там: шумна, людзі мітусяць, амаль не ўсміхаюцца. А на вёсцы і дыхаецца лягчэй, і сам сабе гаспадар.


%d0%b1%d0%b0%d0%b1%d1%96%d1%87Аксана Бабіч, прадавец:


– Ёсць свае плюсы ў горада, ёсць свае і ў вёскі.


У горадзе, бясспрэчна, прасцей знайсці работу: у мяне старэйшы сын з арміі вярнуўся, па раёне пакруціўся, работы не знайшоў – і падаўся ў Мінск. А на вёсцы лепш жыць: нікому не замінаеш, гаспадар у сваім доме, на сваёй зямлі. У горадзе больш магчымасцей для культурнага адпачынку і ў сферы сацыяльных паслуг – тая ж бальніца бліжэй, школа, інстытут, кіно, тэатры. А на вёсцы лепш адпачываецца душой на ўлонні прыроды.



Меркаванне гараджан:


На мінулым тыдні наш карэспадэнт высвятляў у сельскіх жыхароў: дзе, на іх погляд, лепш жыць – у горадзе ці на вёсцы? Сёння з тым жа пытаннем ён звярнуўся да астраўчан.


%d0%ba%d0%b0%d1%80%d0%bf%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87Таццяна Карповіч з сынам Іванам, у водпуску па догляду за дзіцём:


– Мне ў горадзе зручней жыць – можа, таму, што я ў ім нарадзілася і вырасла? Тут ёсць куды пайсці, дзе пагуляць з дзіцём, адпачыць з сям’ёй. Я ні ў якім разе не паехала б жыць на вёску – там для мяне занадта спакойна.


Хаця ў мяне муж з Палушаў, дык вось ён з задавальненнем, мне здаецца, перабраўся б на вёску – падалей ад гарадской мітусні.


%d0%b0%d0%b1%d1%83%d1%85%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%872Раіса Абуховіч, пенсіянерка:


– Я жыву ў Астраўцы ў прыватным доме. Таму смела магу сказаць, што лепш за ўсё жыць менавіта так. З аднаго боку, свой дом з выгодамі – вада, газ, каналізацыя, участак – ёсць дзе ўнукам пагуляць без рызыкі трапіць пад колы аўтамабіля; а з другога – магазіны пад рукой, бальніца ў некалькіх кроках, ды і іншыя неабходныя арганізацыі непадалёк.


%d0%b2%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%bd%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87Яўген Варановіч, дырэктар Астравецкага ГУП “Астравецгандаль”:


– Тут так проста не адкажаш, бо кожны “выбірае па сабе”.


Адно ведаю дакладна: у Мінску я, напрыклад, нават калі б і прыжыўся, то не прывык бы да гэтага горада дакладна –  не люблю мітусні. А вось невялікі гарадок, як наш Астравец, – самае тое: і пад рукой усё, і спакойна.


На захадзе большасць людзей працуюць у вялікіх гарадах, але жывуць у прыгарадзе. Мне здаецца, гэты варыянт – самы лепшы. А 10, 15 і нават 30 кіламетраў да работы ў наш час – не адлегласць.


%d1%81%d1%8f%d0%bc%d0%b0%d1%88%d0%ba%d0%b0Раман Сямашка, вучань 3-га класа СШ №2:


– Мне ў горадзе больш даспадобы жыць. Я з бацькамі на вёску да бабулі-дзядулі часта езджу, але жыць там не змог бы. Чаму? Проста не маё – і ўсё.


Тут, у горадзе, і магазінаў шмат, і выбар прадуктаў у іх большы, і школа блізка, і сяброў, знаёмых шмат не толькі ў школе, але і за яе парогам.


%d1%81%d0%b0%d0%b1%d1%8b%d0%bd%d1%96%d1%87Вячаслаў Сабыніч, пенсіянер:


– Мне вельмі падабаецца жыць у нашым горадзе: я тут нарадзіўся, шмат гадоў адпрацаваў і проста не ўяўляю сябе ў іншым месцы. Хаця, лічу, горад не павінен быць вялікім.


Мой ідэал: Астравец 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя. Заўсёды з настальгіяй успамінаю сваё дзяцінства: вось гэтую школу (СШ №2 – заўв. аўт.) я закончыў у далёкім 1968, цэнтральны парк, які я колісь садзіў са сваімі аднакласнікамі...


Апошнія 25 гадоў я працаваў дальнабойшчыкам: Іспанія, Італія, Францыя, Бельгія, Сібір – дзе толькі не быў! Аднак яшчэ больш упэўніўся, што лепш, чым дома, не можа быць нідзе.


__________________


Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.