"Среда размышления". Где же обедают островчане?

11:18 / 05.10.2016
7
look.com.ua-37359Тэме, якая вынесена ў загаловак, было прысвечана адно з журналісцкіх даследаванняў (“АП” №67 за 27 жніўня). Перад тым рэдакцыйны калектыў дружна абедаў то ў адной, то ў другой кропцы грамадскага харчавання нашага горада – а затым дэталёва параўнаў меню, кошт і смак усіх абедаў. Канчатковыя высновы мы прапанавалі зрабіць нашым чытачам, адкрыўшы на сайце адпаведнае галасаванне, якое доўжылася на працягу месяца.

І што ж высветлілася?


Перш за ўсё тое, што пытанне, дзе паабедаць у Астраўцы, дастаткова актуальнае:  сваё меркаванне аб гэтым пакінулі 205 чалавек – і толькі 58 з іх – 28 працэнтаў прыняўшых удзел у апытанні -- адказалі, што ходзяць на абед дахаты. Выходзіць, што хатні абед – хоць ён, вядома ж, самы смачны і танны – выбіраюць не заўсёды. І гэта зразумела: пры ўсёй кампактнасці нашага горада 20 хвілін на дарогу на абед і столькі ж  назад могуць сабе дазволіць нямногія, асабліва калі кіраўніцтва строгае і кожная хвіліна спазнення фіксуецца. За астатнія 20 хвілін абедзеннага перапынку можна ў лепшым выпадку ў рэжыме галопу разагрэць і “закінуць” нешта ў сябе ці, хутчэй за ўсё, – у сваіх дамачадцаў, а паўнацэнна і спакойна паабедаць і, тым больш, адпачыць не атрымаецца. Зрэшты, аптымісты могуць прыняць за адпачынак дадатковую 40-хвілінную пешую прагулку – гэта яшчэ нікому не пашкодзіла. А дадайце сюды тых, каму дахаты ісці ўсе 30 хвілін, ці ў каго абедзенны перапынак меншы, чым гадзіна, ці тых, хто прыязджае на работу ў Астравец з бліжэйшых і не вельмі вёсак і суседніх гарадоў – і становіцца зразумелым, што праблема таннага – бо кожны дзень не нашыкуеш! – смачнага і сытнага абеду вельмі актуальная для нашага горада.

Як жа вырашаюць яе нашы людзі? Пераважная большасць – традыцыйным спосабам: “тэрмаскамі”, “зсабойкамі” ці, як яшчэ называюць, “перакусамі”, якія бяруць з сабой большасць працуючых. Вядома, калі ў вас на рабоце абсталяваны паўнавартасны пакой прыёму ежы з халадзільнікам, мікрахвалёўкай, электрачайнікам і іншымі выгодамі цывілізацыі, то гэта нядрэнна: абед можна паставіць у халадзільнік, не хвалюючыся, што ён сапсуецца, затым разагрэць, з’есці ў нармальных умовах, а не за офісным сталом ці ля станка, запіць гарачым чаем – сэканоміцца час, і смак, пажыўнасць, свежасць – хатнія!

Але калі на перакус браць кавалак каўбасы з хлебам ці дзяжурны бутэрброд, то гэта – прамы шлях да гастрыту, а там і да язвы недалёка. На жаль, у маладосці пра гэта не думаецца – а вось з гадамі ўсе гэтыя “абеды на хуткую руку” вылазяць бокам ці яшчэ якой часткай цела. Пра гэта варта задумацца і тым, хто адказаў, што абедае, як давядзецца, – 31 голас (15 % апытаных), ці не абедае ўвогуле – 18 галасоў (9 %), ды і дваім аматарам смачнага, сытнага, хуткага – і надзвычай шкоднага для здароўя фастфуду.

Значная частка апытаных – 15 чалавек (7 %) купляюць абед – а на самой справе той самы “перакус усухамятку” – у магазіне. Ведаем мы тыя магазінныя абеды: сырок, ёгурт, якая-небудзь пюрэшка “з водарам бульбы”… Іх таксама можна аднесці да аматараў фастфуду – хоць і замаскіраваных.

І толькі 33 чалавекі з прыняўшых удзел у ананімным апытанні адказалі, што абедаюць у розных установах грамадскага харчавання горада, дзе ўсё свежае, толькі што прыгатаванае, смачнае – гэта пацвердзіў і наш рэпарцёр.

Тады чаму ж жадаючых паабедаць смачна і карысна для здароўя так няшмат? Справа, мусіць, усё ж у цэнавым фактары: нямногія могуць дазволіць сабе штодзённыя паўнавартасныя гарачыя абеды.

Калі ж прааналізаваць, якія месцы грамадскага харчавання выбіраюць нашы землякі, то атрымліваецца, што з чатырох кафэ і рэстаранаў, дзе ў Астраўцы можна паабедаць, адназначная перавага аддадзена кафэ “Анастасія” – 12 галасоў і “Вясна” – 11. Лепшая кропка райспажыўтаварыства – рэстаран “Вясёлка”, якая знаходзіцца ў цэнтры горада і, здавалася б, павінна карыстацца найбольшай папулярнасцю, набрала толькі 7 галасоў, а нядаўна адкрытая ў першым мікрараёне “Кафейня” – увогуле ўсяго 3. Ёсць пра што задумацца кіраўніцтву райспажыўтаварыства…

А чаму нашы чытачы выбіраюць тыя ці іншыя кропкі грамадскага харчавання ці не выбіраюць іх увогуле, некаторыя з іх расказалі ў сваіх каментарыях да гэтага матэрыялу – і гэта таксама цікавы зрэз грамадскай думкі для тых, хто ёй цікавіцца і аналізуе… Хоць апошняе, як паказвае практыка, адбываецца не заўсёды.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.