Минувшая неделя на Островетчине прошла под знаком здоровья

08:33 / 23.08.2016
Панорама велопробегМінулы тыдзень у  нашым раёне праходзіў пад знакам  здароўя і здаровага ладу жыцця. Арганізатары,  якімі сталі  супрацоўнікі цэнтральнай раённай бальніцы сумесна з усімі зацікаўленымі службамі, прапаноўвалі жыхарам нашага горада і раёна стаць удзельнікамі цікавых і карысных для здароўя мерапрыемстваў.

Скандынаўская хадзьба – залог даўгалецця


Пачатак тыдня здароўя быў пакладзены цікавым майстар-класам, які правяла ўрач лячэбнай фізкультуры Жанна Адамаўна Волк-Леановіч.

У гэты дзень загадчык аддзялення рэабілітацыі Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, урач-тэрапеўт Данута Раманаўна Субаткевіч і ўрач ЛФК Жанна Адамаўна Волк-Леановіч  сустрэліся  з удзельнікамі клуба «Актыўнае даўгалецце», што працуе пры раённай бібліятэцы. Размова, якая пачалася ў  чытальнай зале, паступова перацякла ў практычныя заняткі,  падчас якіх жанчыны атрымалі магчымасць паспрабаваць  сябе ў скандынаўскай хадзьбе.

здоровье скандинавская ходьбаАказваецца, зрабіць гэта вельмі проста:  усё, што трэба, каб заняцца такім  відам спорту,  – спецыяльныя палкі. Вынік заняткаў  відавочны: адчуваеш сябе значна памаладзелым і больш актыўным. І таму жадаючых паспрабаваць асвоіць гэты папулярны від актыўнага адпачынку было шмат.

Хутчэй, вышэй, мацней!


А вечарам медыкі, сярод якіх было нямала маладых спецыялістаў,  сабраліся ў зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу – тут прайшлі спаборніцтвы па стральбе, валейболу і настольным тэнісе. Адным днём спаборніцтвы не абмежаваліся. У пятніцу медыкаў сустракалі на спартыўных пляцоўках гімназіі №1, дзе яны змаглі прадэманстраваць свае здольнасці ў дартсе і кідках мяча  ў баскетбольнае кальцо, скачках праз скакалку і ў даўжыню, гіравым спорце і лёгкаатлетычнай эстафеце, гарадках і перацягванні каната.

Напярэдадні спаборніцтваў  супрацоўнікі цэнтральнай раённай бальніцы раздзяліліся  на тры каманды: у першую ўвайшлі маладыя спецыялісты, другую склалі супрацоўнікі паліклінікі, а трэцюю – тыя,  хто працуе ў стацыянары.

– У Астравец я прыехаў некалькі тыдняў назад – і адразу ж зразумеў, што тут мяне чакае бурная дзейнасць,  прычым і на працоўным месцы,  і ў вольны час, –  расказвае малады ўрач акушэр-гінеколаг Андрэй Андрэевіч Рагачэўскі. – Па праўдзе кажучы, калі даведаўся, што мяне размеркавалі ў Астравецкі раён, узрадаваўся.   Невялікі перспектыўны горад, дзе няма лішняй мітусні. Так і атрымалася. Штодзень я знаёмлюся з новымі людзьмі. І такія мерапрыемствы, што праходзілі на мінулым тыдні,  якраз дапамагаюць у наладжванні стасункаў  і аб'яднанні калектыву.

Добрыя ўражанні засталіся ад  мерапрыемстваў, якія прайшлі падчас тыдня здароўя, і ва ўрача-тэрапеўта Юліі Уладзіміраўны Кавалька.

– У школьныя гады займалася лёгкай атлетыкай. А вось падчас вучобы ва ўніверсітэце часу на спорт не хапала. І таму з задавальненнем прыняла ўдзел у спартакіядзе. Гуляла ў валейбол, удзельнічала ў спаборніцтвах па стральбе –  было цікава.

Спартландыя праходзіла два дні,   дакладней – два вечары. Пасля працоўнага дня ўрачы, медсёстры і санітаркі накіроўваліся на спартыўныя пляцоўкі і весела, а галоўнае – з карысцю для здароўя праводзілі час. І, канешне ж, змагаліся за перамогу. Першае месца пасля напружаных стартаў дасталося камандзе маладых спецыялістаў, другімі сталі супрацоўнікі стацыянара, трэцяе месца заваявалі работнікі паліклінікі.

На кансультацыю – без чаргі


У  праграме тыдня здароўя былі запланаваны і мерапрыемствы для жыхароў горада.

Напрыклад, у аўторак кожны жадаючы мог прыйсці на кансультацыю да спецыялістаў:  на працягу дня хворых прымалі анколаг, урач ЛФК, кардыёлаг і псіхатэрапеўт.

здоровье консультацияПадчас прыёму, на які можна было трапіць без доўгіх чэргаў і нават без медыцынскай карткі, працавала «прамая лінія». І многія скарысталіся магчымасцю задаць пытанне  ўрачам і атрымаць кансультацыю па тэлефоне.

Яны – за здаровае жыццё! А вы?


Самыя ж  масавыя мерапрыемствы тыдня здароўя прайшлі ў чацвер. На пляцоўцы каля Дома быта на працягу дня працавалі інфармацыйныя пляцоўкі, на якіх размова вялася пра здаровы лад жыцця.

Самая вялікая чарга сабралася каля загадчыцы педыятрычнага аддзялення паліклінікі Галіны Мікалаеўны Зубель, якая прапаноўвала па ўзросту і росту высветліць аптымальныя  паказчыкі вагі, індэкс масы цела, наяўнасці ў арганізме тлушчу і вады. Такую інфармацыю пра сябе хацела ведаць не толькі моладзь, але і людзі сталага веку і дзеці.

Не менш “пацыентаў”  было і каля стала ўрача-тэрапеўта, які вымяраў ціск і даваў кансультацыі прахожым  на вуліцы, без усялякіх медыцынскіх картак.

здоровье давление мерим– Спадчыннасць, курэнне, павышаная вага цела – усё гэта прычыны гіпертэнзіі, – тлумачыць урач-тэрапеўт Генадзь Яўгенавіч Хаменка мужчыну, у якога зашкальвае ціск.

Той у адказ паківаў галавой і пагадзіўся, што трэба штосьці змяняць у сваім  жыцці.

Тым часам  Лілія Мар’янаўна Мікліс частавала  астраўчан фітачаем і прапаноўвала  рэцэпты яго прыгатавання.

здоровье в парке2Не адставалі  ад медыкаў і валанцёры Чырвонага Крыжа, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Адны з іх расказвалі прахожым пра прынцыпы здаровага харчавання, другія прапанавалі  памяняць цыгарэту на смачны чырвонабокі яблык, трэція запрашалі да  ўдзелу ў  спартыўнай эстафеце.

А пакуль дарослыя мералі ціск, кансультаваліся  з урачом, высвятлялі  сваю вагу, дзетак забаўлялі  педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: адны малявалі, другія ляпілі, трэція спаборнічалі ў  спартыўных эстафетах

Панорама здоровье

здоровье в парке

здоровье в парке1Здаецца, усе, хто ў той дзень  праходзіў праз цэнтр Астраўца і трапіў на пляцоўку, дзе праходзіла гэта мерапрыемства,  задумаўся пра сваё здароўе і той лад жыцця, які ён вядзе.

Велапрабег з добрым настроем


Ці даўно вы садзіліся на веласіпед? Большасць, напэўна, задумаецца, перш чым адказаць на гэтае пытанне.  У час, калі не паспяваеш жыць, многія  аддаюць  перавагу аўтамабілю, а не веласіпеду. І,  як правіла, перасаджваюцца на яго   толькі  ў выключных абставінах.

Велапрабегі ў нашым раёне – з’ява не рэдкая. Ды і моладзі на веласіпедах у апошнія гады  –  усё больш. Менавіта таму медыкі разам з  супрацоўнікамі ФСК  прапанавалі ўсім жадаючым  стаць удзельнікамі чарговага велапрабегу. На жаль, такіх сабралася не вельмі шмат – каля дваццаці  самых актыўных і спартыўных жыхароў нашага горада ў суправаджэнні машын міліцыі і “хуткай дапамогі” выправіліся ў вячэрняе велападарожжа.

– Я вяду актыўны лад жыцця, – падзялілася супрацоўніца аддзела па надзвычайных сітуацыях Амалія Азацян. – І калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у велапрабегу, ахвотна згадзілася. Веласіпед у мяне ёсць,  і карыстаюся я ім даволі часта. Спадзяюся,  велападарожжа падорыць масу станоўчых эмоцый, добрага настрою  і здароўя.

… Пераадольваючы кіламетр за кіламетрам, веласіпедысты набліжаліся да пункта прызначэння. Ніхто з іх  не сышоў з дыстанцыі – здаровымі і шчаслівымі вярнуліся ў Астравец, даказаўшы сабе і іншым, што быць  актыўным і спартыўным – гэта здорава.

Здаць кроў – падарыць жыццё!


 Менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам “здаровай” пятніцы. У гарадскім парку зноў працавалі валанцёры, якія прапаноўвалі людзям стаць донарамі.

Дарэчы, многія з тых, да каго яны звярталіся, за сваё жыццё не раз дарылі кроў людзям. Яшчэ больш было тых, хто ўпершыню зацікавіўся гэтай прапановай. Такіх валанцёры праводзілі да загадчыка аддзялення пералівання крыві Андрэя Тадэвушавіча Субаткевіча, які пасля размовы з кандыдатам запісваў яго звесткі і прапаноўваў прыйсці на медагляд.

На працягу тыдня прайшло шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў: медыкі сустракаліся  з працоўнымі калектывамі, былі арганізаваны прагляды відэаролікаў па здаровым ладзе жыцця,  “круглыя сталы” і  флэш-мобы.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.