На дне информирования населения в Островецком районе говорили об итогах V Всебелорусского народного собрания

09:07 / 23.07.2016
день  информирования июльЧарговы дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у мінулы чацвер у раёне. Прысвячаўся ён вынікам V Усебеларускага народнага сходу  і асноўным задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў новай пяцігодцы.

У гэты дзень з калектывам цэнтральнай раённай бальніцы сустрэўся дэлегат V Усебеларускага народнага сходу, член Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.

Адам Дзмітрыевіч не стаў пераказваць сэнс прамоў і выступленняў, якія прагучалі на сходзе, – усе жадаючыя маглі іх пабачыць і пачуць. Ён падзяліўся ўласнымі думкамі, меркаваннямі, уражаннямі ад работы ўсебеларускага веча.

Адам Дзмітрыевіч звярнуў увагу на некаторыя асаблівасці пятага Усебеларускага сходу – а старшыні райвыканкама ёсць з чым параўноўваць, бо ён з’яўляўся дэлегатам усіх пяці сходаў.

– У сваім грунтоўным, закранаючым усе сферы жыцця дакладзе перад дэлегатамі народнага сходу Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прааналізаваў вынікі дзейнасці краіны не за апошнія пяць гадоў, як гэта было раней, а практычна за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Наш раён у час станаўлення дзяржавы жыў тымі ж праблемамі, што і ўся краіна, – старшыня райвыканкама  нагадаў некаторыя лічбы і паказчыкі, якія характарызавалі эканоміку раёна ў той час, і параўнаў іх з сённяшнімі. Да прыкладу, у 2000 годзе валавая вытворчасць мяса склала 2 700 тон, а за мінулы год – 7 700 тон без уліку мяса птушкі. Ураджайнасць збожжавых складала 11,3 цэнтнера з гектара, а валавы збор зерня – 23.5 тысячы тон: летась гэтыя паказчыкі былі адпаведна 52,1 цэнтнера з гектара і амаль 100 тысяч тон – пра такія ўраджаі хлебаробы Астравеччыны раней нават марыць не маглі.

Пра тое, як змянілася аблічча спачатку асноўных вёсак раёна, якія былі пераўтвораны ў аграгарадкі, а затым і Астраўца, расказваць не трэба – гэтыя змены адбываліся фактычна на вачах жыхароў раёна.

І ўсё гэта было зроблена яшчэ да пачатку будаўніцтва на тэрыторыі раёна атамнай электрастанцыі – а гэтая маштабная будоўля надала нашаму  раёну новы, дагэтуль нечуваны імпульс развіцця.

– Многія гавораць: якая ваша заслуга ў тым, што раён зараз так імкліва развіваецца? Вам проста пашанцавала, што будаваць АЭС было вырашана менавіта на астравецкай пляцоўцы, – падзяліўся Адам Дзмітрыевіч. – Але будаўніцтва АЭС і горада энергетыкаў прынесла не толькі новыя магчымасці для горада, яго жыхароў, усіх нашых арганізацый, але і вялізны пласт работы, не кожнаму бачнай і зразумелай. Аднак дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта ў кожнай арганізацыі астравецкага раёна сёння ёсць шанс стаць лепшай не толькі ў вобласці, але і ў краіне – трэба толькі не “спаць у шапку”, а выкарыстоўваць тыя неабмежаваныя магчымасці, якія з’явіліся ў сувязі з гэтай “будоўляй стагоддзя”.

Так, наш горад зараз расце на вачах: будуецца жыллё, інфраструктура, аб’екты сацыяльнай сферы. Медыкі, ды і ўсе жыхары раёна з надзеяй глядзяць, як узводзіцца новая бальніца, магутнасці якой будуць разлічаны на абслугоўванне 30 тысяч насельніцтва. У наступным годзе гэтая суперсучасная ўстанова аховы здароўя коштам 1 мільярд 300 мільёнаў недамінаваных рублёў будзе ўведзена ў эксплуатацыю.

Але, што называецца, не будоўляй адзінай…

Адам Дзмітрыевіч Кавалька расказаў пра іншыя напрамкі прыкладання сіл і старанняў раённай улады. Да прыкладу, у рашэннях Усебеларускага народнага сходу ставілася задача звярнуць увагу на сельскія населеныя пункты, якія не ўвайшлі ў праграму будаўніцтва аграгарадкоў.  У нашым раёне патрабуюць асаблівай увагі буйныя пасёлкі Гудагай і Альхоўка, некаторыя буйныя вёскі – Чэхі, Страча. Ды і аграгарадкі трэба падтрымліваць у належным стане – з гэтай мэтай было прынята рашэнне праводзіць кожны год свята раённых “Дажынак” у адным з іх. У пазамінулым годзе да гэтай падзеі “прыхарашыліся” Гервяты, летась многае было зроблена ў Варнянах, сёлета годна прыняць раённае свята рыхтуецца Рытань.

– Так, сёння многія – і асобныя грамадзяне, і кіраўнікі арганізацый – скардзяцца на рост цэн, недахоп сродкаў. Грошай, вядома, не хапае – але іх не хапае заўсёды, – слушна заўважыў Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Галоўнае – не грошы, а ініцыятыва і старанная праца. Адны сядзяць і глядзяць, пакуль нехта прыйдзе і зробіць, а іншыя самі ўключаюцца ў работу, усяляк дапамагаюць. Зразумела, дзе дасягнуць жаданага выніку, а дзе і надалей будуць скардзіцца на цяжкае жыццё.

Напрыканцы старшыня райвыканкама падзяліўся з прысутнымі сваёй запаветнай марай аб тым, што неўзабаве ўсе разам мы пабудуем горад, які будзе шчыра любіць і якім стане ганарыцца кожны яго жыхар. І гэта – самае лепшае ажыццяўленне рашэнняў V Усебеларускага народнага сходу.

Думаецца, гэтую мару Адама Дзмітрыевіча падзяляюць не толькі медыцынскія работнікі, якія ў той дзень прыйшлі на сустрэчу, але і ўсе жыхары Астравеччыны.

У гэты ж дзень інфармацыйная група, у склад якой увайшлі дэлегат V Усебеларускага народнага сходу, дырэктар гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян, дырэктар Гродзенскага абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр Віктаравіч Панамароў і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, сустрэліся з працоўнымі калектывамі раённых вузлоў паштовай і электрычнай сувязі, фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, раённага аддзела статыстыкі, цэнт-ральнай раённай бібліятэкі, райсельгастэхнікі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Падчас гэтых сустрэч Алена Чаславаўна расказала пра работу Усебеларускага сходу, Віктар Збігневіч пракаменціраваў яе выступленне інфармацыяй аб тым, як рашэнні народнага веча ажыццяўляюцца ў нашым раёне. А Аляксандр Віктаравіч, падкрэсліўшы, што адным з галоўных тэзісаў V Усебеларускага народнага сходу стала развіццё прадпрымальніцкай актыўнасці насельніцтва, расказаў, што для гэтага робіцца ў Гродзенскай вобласці і якія магчымасці для развіцця ўласнага бізнесу маюць дзелавыя і прадпрымальныя члены нашага грамадства.

Ніна РЫБІК.