Прокуратура предупреждает: следите за сроками хранения, указанными на этикетках продуктов

15:21 / 22.07.2016
жертвы потребкооперации Фотаздымак №3


«На кірмашы два дурні – прадавец і пакупнік» – гаварылі раней. У наш час гэтая народная мудрасць перастала быць актуальнай, бо цяжка сустрэць чалавека, якога б хоць раз у жыцці не падманулі б падчас наведвання крамы. Спосабы падману разнастайныя, і можна толькі пазайздросціць кемлівасці і вынаходлівасці некаторых прадаўцоў.

Прадаўцоў зразумець можна: тэрмін прыдатнасці ў розных прадуктаў розны, але калі-небудзь ён заканчваецца. Пратэрмінаваныя прадукты ўжываць у ежу непажадана, бо вынікі могуць быць вельмі сумнымі. Іх можна пераапрацаваць ці ўтылізаваць, але ў гэтым выпадку прадавец ці вытворца панясуць страты. Таму яны і імкнуцца як мага хутчэй прадаць тавар, у якога заканчваецца тэрмін прыдатнасці. І далейшыя дзеянні прадаўцоў залежаць ад іх сумлення.

Добрасумленныя зніжаюць кошт тавару ды праводзяць рэкламныя акцыі, каб зацікавіць пакупніка набыць яшчэ прыдатны да ўжывання тавар.

Хітрыя размяшчаюць на паліцах прадукты з «пагранічным» тэрмінам захоўвання бліжэй да пакупніка, а больш свежыя – далей (да іх яшчэ і дацягнуцца трэба здолець).

А нядобрасумленныя парушаюць правілы гандлю – і рэалізуюць пратэрмінаваны тавар, разлічваючы на тое, што пакупнік не зверне ўвагі на тэрмін прыдатнасці. Або яшчэ горш – уводзяць пакупніка ў зман наконт сапраўднага тэрміну прыдатнасці тавару: робяць налепку з коштам тавару на месцы, дзе пазначаны тэрмін, ці змяняюць этыкетку на іншую – з прыдатным тэрмінам захоўвання; з тухлай курыцы робяць курыцу-грыль, а з пратэрмінаванага мяса – катлеты ці марынаваны і шчодра запраўлены спецыямі шашлык (вострыя спецыі ці замочванне ў воцаце пазбаўляюць мяса ад непрыемнага паху).

Кожны з нас пры пэўнай пільнасці і жаданні здольны выявіць падман.

Але калі жыхары раённага цэнтра маюць выбар: набываць прадукты ў тым ці іншым месцы, то жыхары сельскай мясцовасці, як правіла, яго пазбаўлены. У невялікіх вёсках людзі вымушаны набываць тое, што прывозіць ім аўталаўка мясцовага спажывецкага таварыства.

Склалася практыка, калі значную частку непрыдатных для ўжывання прадуктаў з гарадскіх крам вывозяць не на ўтылізацыю, а адгружаюць у аўталаўкі для рэалізацыі сельскаму насельніцтву: непатрабавальныя дзед ці бабулька наўрад ці будуць задавацца пытаннямі якасці, ды і зрок ужо падводзіць.

Фотаздымак №1 Фотаздымак №1


З мэтай надзору за выкананнем заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў была арганізавана пракурорская праверка якасці прадуктаў харчавання, якія рэалізуюцца насельніцтву праз аўталаўкі мясцовага спажывецкага таварыства. Дзякуючы санітарным урачам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ва ўсіх аўтакрамах райспажыўтаварыства выкрыты шматлікія факты парушэння санітарнага заканадаўства. Гэта тычылася як якасці прадуктаў харчавання, так і санітарных умоў, у якіх гэтыя прадукты захоўваліся.

Як паведаміла намеснік галоўнага санітарнага ўрача Астравецкага раёна Дзіяна Лось, у аўтакрамах не выконваліся правілы таварнага суседства (сырое мяса захоўвалася ра-зам з рыбай ці каўбаснымі вырабамі), не прастаўляліся дата і час адкрыцця каўбасных вырабаў, не вёўся ўлік харчовых адыходаў і адсутнічалі ёмістасці для іх збору, дапускалася захоўванне харчовай прадукцыі на падлозе.

Падчас праверкі толькі ў трох аўтакрамах выяўлена знаходжанне ў продажы харчовай прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці агульнай вагой 30 кг – у асноўным мясныя вырабы і рыба. Былі выяўлены сумніўнага паходжання і якасці без этыкетак мясны фарш вагой 3 кг, а таксама каля 1 кг сала.

Асобна трэба адзначыць выкрытыя факты падману па-купнікоў шляхам наклейвання работнікамі райспажыўтаварыства на пратэрмінаваныя харчовыя тавары ўласнай вытворчасці новых этыкетак над старымі. Пры гэтым на новыя этыкеткі наносіцца ілжывая інфармацыя пра больш познюю дату вырабу прадукта, што для пакупніка аўтаматычна падаўжае тэрмін яго прыдатнасці.

На фотаздымку №1 – паўфабрыкат «Колбаска сырая «По-домашнему»  вытворчасці Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства падчас праверкі 16 сакавіка 2016 года. На этыкетцы пазначана дата вырабу – 29 лютага 2016 года. Тэрмін прыдатнасці – 1 месяц з даты вырабу. Але калі здзёрці этыкетку, то пад ёй знаходзіцца яшчэ адна этыкетка з арыгінальный датай вырабу – 12 студзеня 2016 года. Гэта азначае, што такі паўфабрыкат ужываць у ежу небяспечна для здароўя.

Падобным чынам работнікамі спажывецкай кааперацыі «падоў-жаны» тэрмін прыдатнасці паў-фабрыката «Голубцы с мясом и рисом» уласнай вытворчасці, які скончыўся яшчэ ў сярэдзіне снежня 2015 года.

Больш таго: у адной з аўтакрам знойдзены і самі этыкеткі-наклейкі, прызначаныя для самастойнага наклейвання прадаўцамі на паўфабрыкат «Рулет из птицы».

Неіснуючы тавар паводле гэтых этыкетак быў выраблены 10 сакавіка 2016 года. А на тавар з якой датай вырабу іх павінны былі наляпіць – цікавае пытанне. Этыкеткі-нак-лейкі выдаваліся прадаўцам райспажыўтаварыства, і пра гэта было вядома кіраўніцтву філіяла.

Па выніках пракурорскай праверкі санстанцыяй на Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства накладзены штрафныя санкцыі, а пракуратурай Астравецкага раёна ўнесена прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, прычын і ўмоў, што ім садзейнічаюць.

Фотаздымак №2 Фотаздымак №2


Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Атрымаўшы адказ філіяла аб ліквідацыі ўсіх парушэнняў заканадаўства, было вырашана правесці кантрольную праверку якасці прадуктаў харчавання ў сістэме спажывецкай кааперацыі, падчас якой супрацоўнікамі сан-станцыі 16 мая 2016 года ў гарадскім рэстаране «Радуга» устаноўлены новыя факты выкарыстання этыкетак-наклеек на прадукты харчавання сумніўнага паходжання.

На фотаздымку №2 – «Колбаса «Несвижская», знойдзеная ў продажы падчас кантрольнай праверкі 16 мая. Вас не бянтэжыць, што гэта каўбаса, тэрмін прыдатнасці якой 1 месяц, «будзе зроблена» толькі праз месяц – 14 чэрвеня 2016 года?

На падставе новых пару-шэнняў, а таксама з-за непрыняцця мер па ліквідацыі раней выкрытых фактаў падману спажыўцоў на філіял у чарговы раз накладзены штрафныя санкцыі. Па патрабаванні пракуратуры Астравецкага раёна 18 службовых асоб філіяла (у тым ліку ўсё кіраўніцтва) прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

жертвы потребкооперации3Зразумела, што ні адна з формаў прыцягнення вінаватых да адказнасці не будзе з’яўляцца эфектыўнай у справе абароны правоў спажыўцоў настолькі, як валоданне і актыўнае карыстанне пакупніком ведамі пра найбольш распаўсюджаныя спосабы падману. Бо падманваюць тых, хто гэта дазваляе рабіць.

Звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці тавару!

Сачыце за коштам тавару

Здараюцца выпадкі, калі на шэраг аднародных прадуктаў выстаўляецца адзін цэннік з коштам найдаражэйшага з іх. Пры гэтым астатнія аднародныя прадукты таксама прадаюцца па гэтым кошце.

На фотаздымку №3 – вітрына адной з аўтакрам, дзе прапануюць набыць мінеральную ваду па кошце салодкага напою. Па словах прадаўца, этыкетка з цаной мінеральнай вады «адвалілася».

Запамінайце кошт тавару

У крамах адной гандлёвай сеткі адзін і той жа тавар, як правіла, каштуе аднолькава. Калі цэннік на гэты тавар адрозніваецца ад таго кошту, які вы бачылі ў іншай краме гэтай жа гандлёвай сеткі, то не лішнім будзе задумацца, ці не падманваюць вас?

Не лянуйцеся падлічваць агульны кошт тавару

Калі ўзнікаюць складанасці з гэтым да здзяйснення пакупкі, падлік можна зрабіць і пасля, не адыходзячы далёка ад касы – у гэтым няма нічога заганнага.

Заўсёды патрабуйце касавы чэк!

Гэта не толькі гарантуе паступленне падаткаў за рэалізаваны тавар у бюджэт краіны,  але і абароніць вашы правы як пакупніка ў выніку канфліктнай сітуацыі з прадаўцом.

Параўновайце кошт тавару на вітрыне з яго коштам у касавым чэку

Часта здараецца, што «касавая» цана вышэйшая за «вітрынную». Асабліва будзьце ўважлівымі падчас набыцця тавару па акцыі са зніжкай цаны. Калі падман выкрываецца, то прадаўцы часам апраўдваюцца тым, што падманваць не збіраліся – проста цана са зніжкай на канкрэтны тавар «выпадкова» не была ўнесена ў камп’ютарную праграму.

Правярайце таварныя пазіцыі ў касавым чэку

Здараліся выпадкі, калі сярод набытых прадуктаў прадавец «прабіваў» па касе тавар, які вы не набывалі, ці павялічваў колькасць набытых прадуктаў, што прыводзіла да пераплаты.

Калі давялося сутыкнуцца з падманам прадаўцоў, патрабуйце кнігу заўваг і прапаноў.

Карыстаючыся такімі няхітрымі парадамі, можна разлічваць на павышэнне якасці гандлёвага абслугоўвання – а гэта створыць падмурак да цывілізаваных адносінаў паміж пакупніком і прадаўцом.

Артыкул 12.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях «Падман спажыўцоў».

Падман пакупнікоў, заказчыкаў або іншых спажыўцоў работнікам індывідуальнага прад-прымальніка або юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць рэалізацыю тавараў, выкананне работ або аказанне паслуг, або падман спажыўцоў індывідуальным прадпрымальнікам, які ажыццяўляе такую ж дзейнасць (падман спажыўцоў), – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 25 базавых велічынь з пазбаўленнем права займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Дзмітрый Дамарад, намеснік пракурора Астравецкага раёна.