Очередной день информирования в Островецком районе был посвящен деноминации

08:02 / 22.06.2016
деноминация2Чарговы дзень інфармавання, які прайшоў на Астравеччыне, быў прысвечаны актуальнай і важнай тэме, якая тычыцца ўсіх беларусаў – дэнамінацыі беларускага рубля і мэтам і механізму яе правядзення.

Інфармацыйная група, у склад якой увайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №417 ААТ “АСБ Беларусбанк” Ірына Уладзіміраўна Дамброўская, начальнік раённага вузла паштовай сувязі Тарэса Станіславаўна Ігнатовіч, а таксама спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тарэса Браніславаўна Памецька, выступіла ў працоўных калектывах дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і Астравецкага раёна газазабеспячэння.
– З 1 ліпеня адбудзецца дэнамінацыя і пачнуць дзейнічаць новыя грашовыя купюры 2009 года выпуску. Баяцца гэтага не трэба, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна Дамброўская. – Менавіта ў гэты дзень, 1 ліпеня, наш банк і яго аддзяленні працаваць не будуць – патрэбен час, каб пераключыцца на новы рэжым работы. Усе банкаматы будуць загружаны новымі грашовымі купюрамі. Капеек банкамат выдаваць не будзе. Калі на вашых банкаўскіх картках застануцца грошы – панікаваць не варта: усе яны аўтаматычна будуць дэнамінаваны і пералічаны ў новыя грошы. Тое ж тычыцца і вашых укладаў і крэдытаў. Таксама хочацца папрасіць з разуменнем аднесціся да супрацоўнікаў банка – не абыдзецца без чэргаў і затрымак. Грошы любяць падлік, а пры іх пералічэнні варта быць уважлівымі і акуратнымі.
З просьбай быць цярплівымі і спагадлівымі падчас замінак звярнулася і начальнік раённага вузла паштовай сувязі Тарэса Станіславаўна Ігнатовіч.
– Многія з вас разлічваюцца за паслугі ў нас на пошце. Зараз мы пераходзім на новую сістэму разліку, аднак не на ўсіх камп’ютарах яна поўнасцю ўстаноўлена, таму могуць быць затрымкі. Спадзяюся, што вы паставіцеся да гэтага з разуменнем і па-ранейшаму будзеце карыстацца паслугамі “Белпошты”.
А старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук засяродзіла ўвагу прысутных не толькі на дэнамінацыі, але і ўзняла некаторыя праблемы навядзення парадку ў прыватных домаўладаннях і пазнаёміла з бліжэйшымі перспектывамі развіцця інфраструктуры ў раёне.
У працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна дзень інфармавання правялі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.


Марына МАЦКЕВІЧ.