Очередной день сельисполкома прошел в Михалишках

08:02 / 20.06.2016
1
исполком1Традыцыйныя сустрэчы, падчас якіх прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны наведваюць адзін з сельскіх саветаў, будуць мець працяг і ў бягучым годзе – такую выснову зрабілі арганізатары і ўдзельнікі дня сельвыканкама, які прайшоў у нашым раёне.
На гэты раз дэлегацыя кіраўнікоў завітала ў Міхалішкаўскі сельскі Савет. Узначалілі так званую экскурсію па аб’ектах сельсавета старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук і намеснікі старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, Павел Віктаравіч Мілешка і Віктар Мікалаевіч Зелянко.

Першым наведаным аб’ектам, як і належыць, стаў будынак сельвыканкама, які пасля рэканструкцыі і ўводу ў эксплуатацыю ў маі мінулага года, сустрэў сваіх супрацоўнікаў і жыхароў сельсавета.
Прасторныя светлыя кабінеты, чысціня і акуратнасць тэрыторыі, яркія кветкі, якія так і запрашаюць прахожых завітаць у двор. Тут удзельнікаў мерапрыемства сустракаў старшыня Віталь Іванавіч Івашкевіч, які коратка пазнаёміў з тэрыторыяй, расказаў пра дзейнасць арганізацый і ўстаноў размешчаных тут і запрасіў наведаць аб’екты інфраструктуры аграгарадка і бліжэйшых вёсак.
Дарэчы, тэрыторыя Міхалішкаўскага сельсавета складае 33,6 тысяч гектараў і большасць яе адносіцца да Сарачанскага заказніка. Уражвае і вялікая колькасць населеных пунктаў – іх на тэрыторыі сельсавета 101. Праўда, большасць насельніцтва пражывае ў Міхалішках і Альхоўцы.


Пакуль Віталь Іванавіч Івашкевіч знаёміць удзельнікаў дня сельвыканкама з інфармацыяй, аўтобус пад’язджае да першага прыпынку – хутар Барынава, дзе месціцца Міхалішкаўскае лясніцтва, якое ўзначальвае дэпутат раённага Савета дэпутатаў Яўген Сяргеевіч Волкаў.исполком2
Рэканструкцыя памяшканняў лясніцтва прайшла ў 2010 годзе – з таго часу яго тэрыторыя змянялася толькі ў лепшы бок. Сёння вока наведвальнікаў радуе не толькі адноўлены будынак, але і альпійскія горкі, кветнікі, дэндрапарк, расліны ў якім значна падраслі і ў іх зацені можна схавацца ад пякучага сонца, маніць прахалодай рака, што цячэ побач, а птушкі, якія спяваюць свае песні ў верхавінах дрэў, дораць добры настрой.
Пра работу лясніцтва наведвальнікам расказаў памочнік ляснічага Юрый Леанідавіч Філіпчык. І ўсе прыйшлі да высновы, што работнікам гэтай арганізацыі можна толькі пазайздросціць.


У Альхоўцы ўдзельнікі дня сельвыканкама наведалі некалькі аб’ектаў.


Раней кардонная фабрыка “Альхоўка” – сённяшні філіял “Белкардон” – забяспечвала ўсю інфраструктуру пасёлка цяплом. Праўда, з тых часоў шмат вады сцякло і многае змянілася.исполком3
– У 2011 годзе ў пасёлку пачаліся праблемы з ацяпленнем, – расказвае начальнік прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Браніслававіч Стурліс. – Гэта і стала падставай для таго, каб пачаць тут будаўніцтва новай кацельнай. Па ўсяму пасёлку былі перакладзены цеплавыя сеткі, пабудаваны цеплавыя камеры і вузлы – усё было зроблена для таго, каб забяспечыць жыллёвы фонд і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры цяплом. У зімовы перыяд мы працуем на шчапе, летам выкарыстоўваем дровы.


Яшчэ адзін аб’ект ЖКГ, які працуе ў Альхоўцы, – лазня. Аднак колькасць яе наведвальнікаў не перавышае 20 чалавек – і для прадпрыемства гэта дадатковыя затраты.


А вось змяненні, якія адбыліся ў дзіцячым садку і сярэдняй школе, парадавалі ўсіх, таму што многім не раз даводзілася чуць скаргі бацькоў на нізкі тэмпературны рэжым і дрэнны стан гэтых навучальных устаноў. На гэты раз удзельнікі мерапрыемства змаглі параўнаць ужо адрамантаваныя памяшканні і тыя, у якіх яшчэ збіраюцца рабіць рамонт. І ўбачанае не пакінула сумненняў у тым, што загадчыца садка Людміла Станіславаўна Грэйць і дырэктар школы Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч ідуць у правільным накірунку.исполком4
– Наша школа не трапіла пад праграму развіцця вёскі. І таму мы сталі ствараць годныя ўмовы для вучняў пры дапамозе гаспадарчага спосабу, які некалькі гадоў назад атрымаў шырокую папулярнасць у нашым раёне, – расказвае Сяргей Анатольевіч, праводзячы для нас экскурсію па ўтульных школьных кабінетах. – За тры гады мы зрасходавалі 960 мільёнаў дзяржаўных сродкаў, 50 мільёнаў – з пазабюджэтнай дзейнасці і 20 мільёнаў – спонсарскай дапамогі.


Апошні раз мне даводзілася быць у Альхоўскай школе якраз падчас рамонтных работ у сталовай і на харчблоку – і тыя змяненні, якія тут адбыліся, уразілі. Новая, прыгожая плітка, сталы і крэслы, тэхналагічнае а сталяванне харчблока – усё блішчыць ад чысціні. А ўлічваючы, што ўсё гэта было зроблена школьнымі настаўнікамі і работнікамі, хочацца сказаць толькі “Брава!”.
Дарэчы, не толькі рамонтам можа пахваліцца школа. Яна вядома сваім удзелам у інавацыйнай дзейнасці, дзякуючы якой мінулагоднія выпускнікі паказалі высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, радуе і ўдзел школьнікаў у творчых конкурсах.


Словам, жыццё ў Альхоўцы віруе. Гэтаму садзейнічае і тое, што з пасёлка два разы на дзень можна дабрацца ў Астравец і вярнуцца назад.


Наступным пунктам маршруту стала вёска Падкасцёлак, вядомая не толькі тым, што размясцілася яна на беразе аднаго з азёр Сарачанскай групы, але і аграсядзібай, якую трымае сям’я Вайцяховічаў.
– Пачалося ўсё больш за дзесяць гадоў назад, – расказвае гаспадар Эдуард Антонавіч Вайцяховіч. – У 2003 годзе мы з жонкай выдалі кнігу “Вясковаму турызму – шырокі прастор”. А сёння адпачынак у нашай аграсядзібе можна заказаць ужо і праз інтэрнэт.
Па праўдзе кажучы, сядзіба сапраўды заслугоўвае ўвагі: драўляны зруб, у якім размясцілася самаробная мэбля, а таксама чыстае лясное паветра, роўная гладзь вады возера садзейнічаюць добраму адпачынку. Вайцяховічы таксама прапаноўваюць веламаршруты і байдарачныя спускі па вадзе. Словам, калі вы хочаце адпачыць на ўлонні прыроды, – калі ласка, у Падкасцёлак.


Калі ж гаварыць пра кантынгент адпачываючых тут, то гэта людзі ад Каліфорніі да Камчаткі. Ганаровым госцем сядзібы быў і Ёзас Будрайціс, падчас здымкаў новай версіі “Белыя Росы”.


А тым часам аўтобус імчыць нас у Міхалішкі. Праз цэнтр вёскі пралягае міжнародная траса – і задача ўлады не толькі задаволіць попыт мясцовага насельніцтва, але і тых грамадзян,
якія праязджаюць праз аграгарадок. Менавіта таму кіраўніцтва Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства надае вялікае значэнне напаўненню магазіна асартыментам розных тавараў. У тым, што паліцы магазіна сапраўды запоўнены таварам, удзельнікі семінара ў той дзень змаглі ўпэўніцца на свае вочы, а таксама пачуць ад мясцовых жыхароў, якія дзякавалі кіраўніцтву за добрую работу прадаўцоў.исполком5
Падчас наведвання магазіна ў старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук узніклі пытанні па добраўпарадкаванні яго тэрыторыі – хочацца спадзявацца, што гэтая праблема ў хуткім часе будзе вырашана.


У абноўленым выглядзе сустракала ўдзельнікаў дня сельвыканкама і Міхалішкаўская ўчастковая бальніца. Сёння тут размяшчаецца 65 стацыянарных ложкаў, працуюць урачы агульнай практыкі, педыятр і стаматолаг.исполком6
– За два гады на набыццё абсталявання і мэблі, а таксама правядзенне рамонтных работ было затрачана каля пяці мільярдаў рублёў, – расказвае галоўны ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Валянцін Ігнатавіч Тачоны. – Сёлета мы працягваем рабіць рамонт за пазабюджэтныя сродкі, каб стварыць адпаведныя ўмовы для нашых пацыентаў, большасць з якіх знаходзяцца на сацыяльных ложках.


Сустракалі нас і ў Міхалішкаўскім касцёле святога Міхала Арханёла, экскурсію па якім правёў яго пробашч Анатоль Захарэўскі. Просты будынак, здаецца нічым не выдзяляецца на фоне астатніх. Затое ўражвае ўнутраны інтэр’ер. І гэты кантраст простага вонкавага аблічча і пышнага віленскага барочнага аздаблення інтэр’ера, багатага скульптурным упрыгожваннем, кранае ўсіх, хто ўваходзіць сюды. Прыемны настрой стварыла арганная музыка і цікавая экскурсія па святыні.


Яшчэ адным пунктам наведвання стаў аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі, які ўзначальвае Надзея Іванаўна Вайцяховіч. Сёння пад дахам аднаго аддзела аб’яднаны чатыры Дамы культуры: Міхалішкі, Альхоўка, Страча і Страчанка. І яго загадчыцы сапраўды ёсць чым пахваліцца: работнікі аддзела актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых конкурсах і мерапрыемствах, выконваюць план аказання платных паслуг, а мясцовыя жыхары з задавальненнем наведваюць аддзел, бібліятэку і філіял музычнай школы.


За некалькі апошніх гадоў змяніўся і цэнтр Міхалішак. Помніцца, калі тут пачыналася добраўпарадкаванне, з’явіліся незадаволеныя абрэзкай дрэў у парку. Напачатку яны і сапраўды псавалі выгляд вёскі, сёння ж па парку прыемна прагуляцца.
– На тэрыторыю парка было завезена 80 машын грунта – яго разраўнялі, засеялі газон- най травой, пасадзілі новыя дрэўцы і кусты, – расказвае старшыня сельвыканкама Віталь Іванавіч Івашкевіч. – Не абышлося тады і без негатыўных момантаў: некалькі туй выкапалі – ад іх засталіся толькі пустыя яміны. Але тое, што ў выніку атрымалася, сёння задавальняе ўсіх.


За тры гады работы ў Міхалішкаўскім сельсавеце зроблена нямала. Прыемна, што мяне заўсёды падтрымлівае старшыня мясцовага сельгаскааператыву Алякандр Іванавіч Чаплінскі.


Дарэчы, пра сельгаскааператыў. Гэта арганізацыя таксама працуе над стварэннем годных умоў для вяскоўцаў – нядаўна ў вёсцы быў адрэстаўраваны будынак сталовай.
– У раёне працуюць пяць сельскіх Саветаў – усе яны вялікія па тэрыторыі і работы ў супрацоўнікаў вельмі шмат, – адзначыла падчас падвядзення вынікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Сёння мы наведалі некалькі важных аб’ектаў Міхалішкаўскага сельсавета, якія забяспечваюць годнае жыццё для вяскоўцаў. Справа засталася за галоўным – працягваць работу ў выбраным накірунку.


Практыка правядзення дзён сельвыканкамаў за некалькі гадоў апраўдала сябе – час тут не губляюць дарма: можна паглядзець на сябе чужымі вачыма і змяніць уклад жыцця і працы на сваёй тэрыторыі ў лепшы бок.

Алена ЯРАШЭВІЧ