О работе в "Астравецкай праўдзе" вспоминают ветераны

10:12 / 29.05.2016
к ветеранам АПЦяжка падлічыць, колькі людзей за мінуўшыя 75 гадоў працавалі ў штаце рэдакцыі раённай газеты – такіх не адзін дзясятак. Адны з іх прайшлі, што называецца, транзітам, не пакінуўшы прыкметнага следу ў газеце і ўспамінаў у калектыве. Іншыя ж, наадварот, сталі знакавымі асобамі для станаўлення нашага выдання і запомніліся не толькі тым, з кім працавалі, – расповеды пра іх перадаюцца сённяшнім маладым супрацоўнікам.

Сёння мы папрасілі некаторых з ветэранаў, хто аддаў “Астравецкай праўдзе” доўгія гады жыцця, падзяліцца ўспамінамі аб працы ў рэдакцыі.

Таіса СЯМЁНАВА

Пажоўклыя гартаючы старонкі…


Доўга думала, чым падзяліцца з чытачамі ў юбілейны для роднай газеты год. І вырашыла: сваім, асабістым, пражытым і перажытым.

Адлік дваццаці трох гадоў майго жыцця і працы ў калектыве і сценах “Астравецкай праўды” пачаўся 6 ліпеня 1988 года, калі ў працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: “Прынята на прасаду намесніка рэдактара”… Чым памятныя для мяне гэтыя гады, чым дарагія?

Калі ўдумацца – многім. Цікавымі знаёмствамі, сустрэчамі, паездкамі, пазнаваннем новага, невядомага. З'яўленнем блізкіх па духу людзей, аднадумцаў. Увогуле, журналістыка – дабрадатная справа, найперш тым, што героі тваіх публікацый часам становяцца сябрамі на ўсё жыццё…

Назапашванне архіваў – неабходная ўласцівасць журналісцкай “кухні”. Шкада, што не было магчымасці захоўваць гадавыя падшыўкі “раёнкі” ці хаця б асобных яе нумароў. Гэта ж стосы паперы! Таму вырашыла абмежавацца папкай выразак – тых, якія палічыла больш-менш удалымі (ох, гэтая вечная незадаволенасць плёнам сваёй працы! Хто з прадстаўнікоў творчых прафесій яе не адчуваў!?). Дастала папку з камоды, гартаю. Вось публікацыя ад 23 жніўня 1988 года “Пераступіць парог”. Спроба рэцэнзіі на спектакль Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Купалаўцы прыязджалі на Астравеччыну з дзвюмя гастрольнымі пастаноўкамі – па п’есах А. Макаёнка “Верачка” і А. Дударава “Па рог”, паказалі іх на вясковых сцэнах у Кямелішках, Міхалішках, Дайлідках, Варнянах, Вароне, Падольцах і на раённай. Разам з астравецкімі гледачамі сачыла за перыпетыямі лёсаў дудараўскіх герояў і я. Гартаючы пажоўклыя старонкі, зноў перажыла тагачасныя пачуцці і ўражанні…

Абнавіла ў памяці перадгісторыю публікацыі аб сям’і, у якой бацькі беспрабудным п’янствам абяздолілі ўласных дзяцей. У бацькі хапіла сіл і розуму спыніцца, азірнуцца, вярнуцца да нармальнага жыцця і вярнуць, сабраць пад родным дахам сваіх крывінак. Адному, без жонкі-маці…

Чытаю матэрыялы, пагружаюся ў атмасферу канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. На цяперашні розум нешта напісалася б інакш, нешта пакінула б без увагі… Жыццёвы вопыт карысны абачлівасцю і прадбачаннем, разумным падыходам.

“Лук моцны цецівою”… Гэты радок з “Песні аб Гаяваце” амерыканскага паэта Генры Лангфела для мяне ўжо не проста загаловак публікацыі ад 11 чэрвеня 1990 года, а жыццёвае правіла, неаднойчы пацверджанае:

Муж с женой подобен луку,

Луку с крепкой тетивою.

Хоть она его сгибает,

Но ему она послушна.

Хоть она его и тянет,

Но сама с ним неразлучна.

Порознь оба бесполезны.

Глыбінны сэнс гэтых радкоў мае героі зразумелі, прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні. Упаўшы з абледзянелых будаўнічых рыштаванняў, Вацлаў Кіткевіч моцна пашкодзіў пазваночнік, зламаў абедзве нагі… І пачалася для сям’і Кіткевічаў паласа фізічных і маральных выпрабаванняў, аднолькава цяжкіх і для Вацлава, і для яго жонкі Лілі. Траіх малых сыноў яна адвезла да сваіх бацькоў, па суботах ездзіла іх абмыць-абіходзіць, а ў нядзелю імчалася ў Мінск да мужа. Так працягвалася больш за паўгода. Цяпер Ліля і сама не можа зразумець, як хапіла ёй моцы перанесці ўсе нягоды. Здараліся моманты крайняга адчаю, але Бог даваў сілы…

Вацлаў паправіўся. Спачатку стаў на мыліцы, затым навучыўся хадзіць. Сям’я вытрымала пасланыя лёсам выпрабаванні. Да трох хлапчукоў дабавіліся яшчэ сястрычка і брацік… Зараз усе пяцёра маюць уласныя сем’і, падарылі дзядулю і бабулі дзевяцёра ўнукаў. А для мяне Ліля і Вацлаў сталі шчырымі, сардэчнымі сябрамі, у іх вялікай дружнай сям’і адаграюся душой ад жыццёвых халадоў…

Лічу, журналісцкі лёс быў да мяне літасцівы: дарыў запамінальныя знаёмствы з яркімі, ненардынарнымі людзьмі. Заўсёды помню адданых зберагальнікаў лясных багаццяў Багдана Васільевіча Бушчыка, Мікалая Пятровіча Кажамякіна, колішняга дырэктара раённай бібліятэкі Веру Сцяпанаўну Тумаш – чалавека вялікай і шчырай душы (вечная ім памяць). Ганаруся знаёмствам з фізікам-ядзершчыкам з Обнінска, ураджэнцам Астравеччыны Рычардам Сідаравічам Памецькам… А на завяршэнне кар’еры Гасподзь паслаў сустрэчу з цудоўным святаром і цікавым суразмоўцам протаіерэем Дзімітрыем Тараракам: заўсёды прыемна чуць яго віншаванні да святаў і адказваць на тэлефанаванні.

За многія гады працы ў “раёнцы” было напісана шмат газетных радкоў. На яе старонках убачылі свет мае апавяданні і вершы. Дык дзякуй табе, юбілярка-“астраўчанка” за шчасце быць тваёй адданай супрацоўніцай і шчырай прыхільніцай!

Людміла СЦЯФАНЧЫК

Мой другі дом і другая сям'я


Пачатак 70-ых гадоў мінулага стагоддзя… Мне – 18 гадоў, пачатак самастойнага жыцця. Шмат пытанняў: куды пайсці, якую справу выбраць? Выпадкова даведалася, што рэдакцыі раённай газеты патрэбен лінатыпіст. Што гэта такое, нават прыблізнага ўяўлення не мела, але вырашыла на ўсялякі выпадак пацікавіцца.

Мяне прыязна сустрэў тагачасны рэдактар газеты Аляксандр Пятровіч Сыч, адвёў у друкарскі цэх, расказаў, як робіцца газета, паказаў лінатып, друкарскія машыны… Мне спадабалася. Вырашыла: паспрабую, а там будзе відаць. І так вось аказалася, што зусім выпадкова я выбрала справу свайго жыцця.

Сёння ўжо мала хто ведае, што такое лінатып – а некалі гэтая машына з’яўлялася флагманам у тэхналогіі друкарскага набору: з яе з’яўленнем ужо не трэба было кожную літару браць з касы ручнога набору і складваць слова. Лінатыпіст на клавіятуры, падобнай да звычайнай друкарскай машынкі, набіраў журналісцкія тэксты – а ў чэраве машыны на вузкіх свінцовых пласцінках адбіваліся набраныя ім літары. І калі ён дапусціў нейкую памылку, то вярнуцца назад, як зараз на камп’ютары, і адным націскам клавішы выправіць, было немагчыма – трэба было перабіраць увесь радок. А калі памылак некалькі, то і ўвесь абзац.

Затым гэтыя свінцовыя пласцінкі, кожная – газетны радок, адбіты на расплаўленым метале, састаўляліся ў калонкі. Потым метранпаж (так называлі вярстальшчыка) уручную састаўляў іх у суцэльны тэкст, устаўляў нарэзаныя на цынкавых пласцінах на спецыяльнай машыне фотаілюстрацыі, набіраў ручным наборам загалоўкі, рабіў адбіткі для карэктуры… Калі ўсе памылкі былі выпраўлены – здаралася, што адзін радок ці абзац даводзілася пераліваць некалькі разоў, – гатовыя газетныя старонкі падпісваў рэдактар “У друк” – і рабочыя друкавалі тыраж.

Работа была цяжкая. Асноўнай задачай друкарні быў выпуск газеты, хоць друкавалі яшчэ і бланачную прадукцыю. У дзень выхаду газеты працаваць даводзілася дапазна, а то і да ранку, – і ні ў каго нават думкі не ўзнікала сказаць: мой рабочы дзень закончыўся, я пайшоў дахаты: што б ні здарылася, а газета павінна была тры разы на тыдзень – у аўторак, чацвер і суботу – прыйсці да чытача.

З цягам часу я асвоіла ўсе друкарскія спецыяльнасці: работу на лінатыпе, ручны набор, вёрстку, ды і за друкарскую машыну магла, калі трэба, стаць. Сама стала вучыць моладзь: да мяне часта прыязджалі калегі з Ашмян і Смаргоні, мы ўсе ўваходзілі ў склад брыгад Ашмянскай узбуйненай друкарні. За сваю работу я нават была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Жылі мы тады дружна, адной сям’ёй – і рэдакцыя, і друкарня. У калектыве газеты на той час працавалі ветэраны вайны Іван Сцяпанавіч Мельнікаў і Леанід Іосіфавіч Ламека, сельгасаддзел узначальваў Васіль Аляксеевіч Бондар, адказным сакратаром быў Яўген Мікалаевіч Кулакоў – светлая памяць ім усім. Майстрам друкарні з’яўлялася Марыя Кувалдзіна – жонка рэдакцыйнага фотакарэспандэнта Уладзіміра Кувалдзіна. І гэта была не адзіная сямейная пара ў нашым калектыве: у рэдакцыі карэктарам працаваў Іван Сафонавіч Странчанка, а яго жонка Паліна друкавала газету. Таксама працавалі ў друкарні Сабіна і Альберт Сысы, Галіна Бунчук, Яніна Сяржанава.

Мы заўсёды былі разам – і ў будні, і ў святы. Памятаю, як на суботніках дапамагалі ў будаўніцтве сённяшняй СШ№1, ездзілі у калгасы вясной збіраць камяні, увосень – падымаць лён.

Асаблівым святам заўсёды быў Дзень друку, які адзначаўся 5 мая – ён супадаў з днём нараджэння рэдактара газеты Аляксандра Пятровіча Сыча. У гэты дзень нашы заўзятыя рыбакі Васіль Бондар І Яўген Кулакоў зранку выпраўляліся на рыбалку і гатавалі юшку – а пасля работы ў вызначанае месца падцягваўся ўвесь калектыў…

Тэхналогіі не стаялі на месцы – і неўзабаве раённую газету сталі друкаваць афсетным спосабам ў маладзечанскай друкарні “Перамога”. Нашу брыгаду ўзбуйненай друкарні ліквідавалі, а я стала працаваць карэктарам. Затым вярнулася да сваёй звыклай працы – набору і вёрсткі газеты, толькі ўжо на нямецкай машыне “Тыпа-Тайпер” – гэта быў своеасаблівы прататып капм’ютара. І зноў да нас прыязджалі вучыцца з іншых раёнаў, нават такіх аддаленых, як Ваўкавыскі.

А затым, калі рэдакцыя набыла камп’ютары, давялося ўжо ў сталым узросце асвоіць і гэты цуд тэхнікі: вучыцца я заўсёды любіла і новай справы не баялася.

Так вось атрымалася, што ў рэдакцыю я прыйшла выпадкова – і выбрала сабе прафесію на ўсё жыццё, якое непарыўна звязана з “Астравецкай праўдай”: рэдакцыя стала маім другім домам, а яе калектыў – другой сям’ёй.

Людміла ЯРМАЛОВІЧ

Чвэрць стагоддзя ў рэдакцыі


Бухгалтарам у рэдакцыі я адпрацавала роўна чвэрць стагоддзя: прыйшла на працу 28 жніўня 1984-га, а звольнілася 1 верасня 2009 года.

У пачатку 80-ых я працавала ў бухгалтэрыі МПМК разам з жонкай рэдактара газеты Тамарай Сцяпанаўнай Сыч. А ў рэдакцыі бухгалтары чамусьці “не вяліся”: то ў дэкрэт сыходзілі, то звальняліся. Вось і прапанаваў мне рэдактар, Аляксандр Пятровіч Сыч, змяніць месца працы – я пагадзілася.

Рэдакцыя і друкарня тады размяшчаліся ў будынку сённяшняй раённай бібліятэкі: у аддзеле абслугоўвання знаходзілася друкарня. Там, дзе зараз абанемент, газету друкавалі, а ў цяперашняй чытальнай зале – набіралі і вярсталі. А рэдакцыйныя кабінеты былі там, дзе зараз знаходзіцца адміністрацыя бібліятэкі. Гэты тыповы будынак быў узведзены за сродкі абласнога ўпраўлення. Акрамя яго, ва ўласнасці рэдакцыі было яшчэ чатыры гаражы і вялікія складскія памяшканні – тыя,

дзе зараз знаходзіцца пральня Дома быту: трэба ж было і газетную паперу захоўваць, і іншыя матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці.

Мы сядзелі ў кабінеце ўтраіх: я, карэктар Іван Странчанка і машыністка Тамара Даўляш. Увогуле большасць журналістаў самі друкавалі свае артыкулы, а галоўнай задачай рэдакцыйнай машыністкі было прымаць выпускі навін БелТА. На стале ў Тамары Даўляш стаяў радыёпрыёмнік. У 11 гадзін усе ў кабінеце заміралі: пачынаўся спецыяльны выпуск навін для раённых газет – дыктар павольна, з інтанацыяй, чытаў паведамленні Беларускага тэлеграфнага агенцтва, а машыністка павінна была паспець за ім усё гэта, слова ў слова, надрукаваць: Не так і лёгка, асабліва, калі хто ў гэты момант адцягне ўвагу – таму і памылкі здараліся, і недакладнасці.

Яшчэ ў нас быў свой “жылы фонд” – будынак, дзе раней размяшчалася рэдакцыя: ён знаходзіўся “за спіной” кінатэатра, яго ўжо знеслі. Там было дзве кватэры: у адной жыў наш фотакарэспандэнт Уладзімір Кувалдзін са сваёй жонкай Марыяй, якая працавала майстрам друкарні, а ў другой палове – загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Васіль Бондар.

У бухгалтэрыі работы тады было няшмат: калектыў невялікі, падпіска ішла адразу на год, рэкламы – аб’яў, віншаванняў, спачуванняў – не было. Гэта ўжо калі я пачала працаваць, мы сталі “ўводзіць у моду” на газетныя віншаванні: бралі ў калгасе спіс работнікаў з днямі нараджэння, самі адсочвалі, у каго набліжаецца юбілей, удакладнялі, ці жывы чалавек, ці працуе на сваім месцы – і віншавалі яго з днём нраджэння. А потым калгасы аплочвалі – яны тады добра жылі, мелі сродкі. Ужо пазней для папулярызацыі газеты сталі праводзіць латарэі сярод падпісчыкаў: парасят разыгрывалі, муку, бульбу – у 90-ыя гады, калі ўсё было ў дэфіцыце, любы падарунак быў у радасць.

Зараз, канешне, і ў грамадстве, і ў рэдакцыі ўсё інакш. Я некалі марыла, што наша газета стане каляровай, тоўстай – і тады гэтыя мары здаваліся фантастычнымі – а цяпер “Астравецкая” ў колеры выходзіць і “газету ў газеце” друкуе. А рэклама цэлымі старонкамі падаецца, самая розная.

Час не стаіць на месцы – цяжка нават уявіць, якой будзе “Астравецкая праўда” гадоў праз дзесяць. Бог дасць – прычакаем, пабачым.

Іван ПЕТРЫК

Прафесія не адпускае


Гэта толькі ў казках падарожнік стаіць перад трыма дарогамі, з якіх ён павінен выбраць адну – а надпіс на камені падказвае, што будзе, калі… У жыцці ўсё больш складана.

Першая спроба выбару прафесіі была ў мяне пасля выпускных экзаменаў: мы, дружная школьная “тройца”, сабраліся штурмаваць Мінскае лётнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі – гэта скончылася правалам на медыцынскай камісіі.

Потым я ўжо ў адзіночку спрабаваў паступіць у Ленінградскі тэатральны інстытут – таксама безвынікова.

Прызвалі ў армію. Служыць давялося ў Маскве. Апранулі ў форму, абулі ў боты, навучылі хадзіць страявым. А яшчэ – друкаваць на машынцы і пісаць артыкулы ў газету Маскоўскай ваеннай акругі “На баявым пасту” – там і адбылася мая першая “спроба пяра”.

Валянціна Іванаўна, жонка начальніка штаба, параіла мне паступаць у самы прэстыжны на той час інстытут міжнародных зносін – і пасля дэмабілізацыі я падаў туды дакументы.

Чэрвень… Я пішу ўступнае сачыненне ў актавай зале інстытута. Дзень выдаўся душны, усе вокны раскрыты насцеж, вецер ганяе іх створкі – а мне камфортна, бо я сяджу ля самага акна. І раптам ад парыву ветру адна створка адрываецца і падае мне на галаву. Звон разбітага шкла, крык перапалоханых абітурыентаў! Да мяне падбягаюць выкладчыкі, вызваляюць “з абдымкаў” рамы, выводзяць з аўдыторыі… Так закончылася спроба стаць дыпламатам.

На наступны год я паступіў у Маскоўскі універсітэт імя Ламаносава на факультэт журналістыкі – на гэты раз без прыгод: відаць, лёс праз выпрабаванні вёў мяне да свайго прызвання.

Практыку я праходзіў таксама ў газеце “На баявым пасту” – але ўжо МУС СССР: яе рэдакцыя знаходзілася на знакамітай Пятроўцы, 38. Там стаў працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта.

За дзесяць гадоў работы ў міліцэйскай газеце давялося спазнаць шмат сталічных таямніц, паездзіць у розныя рэйды, аблазіць начное метро, пабываць госцем на розных сакрэтных аб’ектах.

Але па сямейных абставінах давялося пакінуць сталіцу і пераехаць на радзіму, у Астравец. Сябры прапанавалі пасаду мастака-афарміцеля ў раённым Доме культуры. Але хутка новы рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Аляксееўна Рыбік пераманіла мяне ў рэдакцыю: там якраз з’явілася вакансія фотакарэспандэнта. Калектыў рэдакцыі быў амаль цалкам жаночы, акрамя адказнага сакратара Яўгенія Мікалаевіча Кулакова і вадзіцеля Івана Сенюця. Працаваць было весела: нашага нешматлікага брата стараліся асабліва не загружаць.

Тым не менш увесь раён давялося аб’ездзіць уздоўж і поперак, і не толькі на рэдакцыйнай машыне, але і на веласіпедзе, асабліва падчас жніва. А што заставалася рабіць, калі тэрмінова патрабавалася фота ў нумар? Гэта цяпер няма праблем зрабіць здымак: шчоўкнуў затворам, перакінуў на камп’ютар – ёсць! А раней, як у той казцы пра лёгкі хлеб, спачатку трэба было сфатаграфаваць – і без права на памылку, бо дрэнны здымак не сатрэш потым і ў фоташопе не падправіш. А затым прыгатаваць раствор, праявіць плёнку, прамыць яе і высушыць. Затым надрукаваць фотаздымак, адглянцаваць яго – і толькі потым аднесці ў рэдакцыю. Калі азірнуцца назад, то значная частка майго жыцця прайшла ў асветленай чырвоным святлом фоталабараторыі…

Быў час, калі мне прапанавалі работу і перспектыўную – ды адмовіўся: прафесія не адпускала.

За апошнія гады тэхналогіі ў фатаграфіі пайшлі далёка ўперад: ад плёнкі да лічбы. Кардынальна змянілася і праца фатографа. Узгадваю, як адзін з распрацоўшчыкаў так званай “мыльніцы” сказаў: “Хутка для таго, каб зрабіць фота, вам трэба будзе толькі націснуць кнопку фотаапарата – усё астатняе зробім мы”. І гэты час настаў.

Але творцу ніхто і нішто не заменіць – таму я і зараз не разлучаюся са сваім верным сябрам фотаапаратам.