Адам Мальдис посетил Островетчину

17:10 / 01.05.2016
3
Мальдис на ОстроветчинеЯк напісалі б у афіцыйных дакументах, напрыканцы мінулага тыдня ў Астравецкім раёне два дні з рабочым візітам знаходзіўся наш знакаміты зямляк, прафесар Адам Мальдзіс. Візіт і сапраўды быў рабочым: Адам Восіпавіч правёў шэраг сустрэч, паўдзельнічаў у некалькіх мерапрыемствах, выказаў мноства цікавых ідэй і зрабіў першыя крокі для іх ажыццяўлення.

Мальдис на Островетчине1Сімвалічна, што першай сустракала Адама Мальдзіса Гудагайскай школа. Менавіта яна была першай у яго жыцці: сюды пасля вайны Адам са стрыечным братам Эўгеніюшам Мальдзісам, пазней – вядомым польскім мастаком-графікам, прыйшлі вучыцца. Хлопцаў, якія да гэтага “адукоўваліся” дома, чытаючы кніжкі, адразу залічылі ў чацвёрты клас, дзе яны правучыліся ўсяго адзін дзень – назаўтра братоў, праэкзаменаваўшы па чытанні, арыфметыцы і пісьму, перавялі ў пяты клас. А ўжо пачынаючы з шостага, Адам Мальдзіс вучыўся ў Астраўцы – і можна толькі падзівіцца мудрасці яго вясковых бацькоў, якія не пашкадавалі грошай, каб здымаць сыну на зіму кватэру: дабірацца з Расолаў у Астравец за 9 кіламетраў было цяжкавата, а пра падвоз вучняў тады ніхто нават не гаварыў… І хоць наўздагон, са спазненнем, падзякаваць ім за гэтую празарлівасць: калі б яны ў свой час вырашылі, як многія іншыя, што з “грамаці хлеба не гамаці”, калі б не было ў нас прафесара Мальдзіса – колькі б страціла не толькі Астравеччына, а ўся Беларусь.

Пра свае першыя “школьныя ўніверсітэты” Адам Восіпавіч расказаў вучням падчас сустрэчы ў абноўленым музеі Гудагайскай школы, дзе ён, дарэчы, быў упершыню і высока ацаніў яго экспазіцыю.

– Ваш музей варты таго, каб яго ўключыць у спіс для наведвання экскурсій, у тым ліку і замежных, – такую выснову зрабіў прафесар пасля знаёмства з экспанатамі і экскурсіі, якую правялі для высокага госця вучні.

Закрануў ён – і не толькі падчас сустрэчы ў Гудагаі – і тэму шматпакутнага раённага музея:

– Калі пакуль няма магчымасці стварыць у райцэнтры паўнацэнны музей, то, магчыма, ёсць сэнс давесці да ладу ўжо існуючыя і зрабіць некалькі музейных экспазіцый па розных напрамках: у Гудагаі няхай будзе “Зямля гудагайская”, у Малях – музей, прысвечаны нашаму слыннаму земляку, першаму расійскаму консулу ў Японіі Іосіфу Гашкевічу, у Бабраўніках – этнаграфічны музей, у Трокеніках, на радзіме “мастака стагоддзя” Мар’яна Богуша-Шышкі – мастацкі, у Баранях, у доме Казіміра Сваяка, – літаратурны, у  Міхалішках, якія найбольш пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – ваенны.

Мальдис на Островетчине2Па даўняй, заведзенай ім жа самім, традыцыі Адам Восіпавіч прыехаў у школу не толькі з ідэямі, але і з падарункамі. Думаецца, неўзабаве дастойнае месца ў школьным музеі займе цудоўная графічная карціна аднаго з колішніх вучняў Эўгеніюша Мальдзіса. На ёй, дарэчы, адлюстравана няздзейсненая мара Адама Мальдзіса, які ў дзяцінстве хацеў стаць астраномам: арыгінальны партрэт польскага астранома Каперніка.

І Адама Восіпавіча не адпусцілі са школы з пустымі рукамі: яму падарылі высокай вартасці мастацкія работы вучняў і настаўнікаў.

Заканамерна, што наступнай сустрэчай у насычаным двухдзённым графіку вандровак Адама Мальдзіса па Астравеччыне стала СШ №1, якая, як высветліў нядаўна прафесар, і стала правапераемніцай той, самай першай, на той час – адзінай Астравецкай школы, якую ён закончыў у 1951 годзе. Цяпер Адам Восіпавіч хоча дапамагчы СШ №1 стварыць свой унікальны музей, прысвечаны выпускнікам школы, і актыўна збірае экспанаты для будучай экспазіцыі. Вось і падчас гэтага візіту ён прывёз у школу ажно чатыры пакеты цікавых і ўнікальных дакументаў, кніг і іншых адметных рэчаў.

Не абмінуў сваёй увагай прафесар Мальдзіс і абедзве  Рымдзюнскія школы – да Літвы продкі Адама Мальдзіса таксама мелі пэўнае дачыненне, пра гэта сведчыць нават яго прозвішча: “malda” у перакладзе з літоўскай мовы – малітва. У бібліятэцы літоўскага Цэнтра ён сустрэўся з вучнямі і настаўнікамі абедзвюх школ, наведаў цікавы музей “Дарога ільну”, які дзенічае ў Доме культуры і таксама мае права заняць дастойнае месца ў суквецці вясковых музеяў Астравеччыны.

Цікавая размова адбылася і ў Міхалішкаўскай школе: вучні задавалі прафесару шмат пытанняў, расказвалі пра сваю даследчыцкую краязнаўчую дзейнасць. І зноў жа апагеем візіту стала пазнавальная экскурсія ў школьным музеі.

Мальдис на Островетчине3Падчас усіх сустрэч са школьнікамі і педагогамі Адам Мальдзіс не стамляўся паўтараць свой наказ маладым: шануйце, зберагайце сваю спадчыну, не лянуйцеся распытаць сваіх дзядуль і бабуль пра іх колішняе жыццё, не шкадуйце часу, каб злазіць на старое гарышча: у пыле і павуціне закінутага дома можна знайсці шмат цікавага, што прыадкрые новыя старонкі гісторыі сям’і, рода, паселішча, раёна ці нават краіны.

Наведаў Адам Восіпавіч і іншыя мясціны Астравеччыны, у прыватнасці, вёску Ізабеліна, дзе, як не так даўно высветлілася, знаходзіўся адзін з маёнткаў вядомага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з радзімай”. Не абмінуў ён і Варняны – унікальнае, адзінае ў Беларусі мястэчка, дзе захаваліся не толькі помнікі архітэктуры 18-га стагоддзя – касцёл, дом аптэкара, плябанія, але і тыповыя цагляныя пабудовы для сялян, у якіх, дарэчы, і зараз жывуць вяскоўцы. Пабываў Адам Восіпавіч і ў Дубніках – і ўзрадаваўся, што ў палаца Мінэйкаў, у якім некалі працаваў легендарны польскі пісьменнік Генрык Сенкевіч, нарэшце з’явіўся гаспадар.

А напрыканцы Адама Восіпавіча чакалі ў Малях. Тут планавалася правесці адразу дзве імпрэзы. Першай з іх стала прэзентацыя кнігі “Успаміны і рэфлексіі з памежжа”, аўтар якой ураджэнец Філіпан, а цяпер жыхар польскага горада Гданьска Чэслаў Мекін, аднакласнік і сябар Адама Мальдзіса – не дзіўна, што і двухмоўную прадмову да гэтай кнігі напісаў Адам Восіпавіч.

Мальдис на Островетчине4Перад пачаткам мерапрыемства загадчык Мальскага Дома культуры Аляксандр Марозаў прапанаваў шаноўнаму госцю стаць пачынальнікам добрай традыцыі і пасадзіць дрэўца каля памятнага знака ў гонар Іосіфа Гашкевіча.

А ў зале вясковай бібліятэкі Адама Восіпавіча прывіталі вясёлымі і шчымліва-кранальнымі песнямі ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца”.

Далей размова пайшла пра Чэслава Мекіна і яго кнігу, якая, як шаноўная госця, святочна прыбраная, стаяла тут жа. Родныя, суседзі, тыя, каму ўжо ўдалося пазнаёміцца з кнігай, і Адам Восіпавіч Мальдзіс расказвалі пра аўтара, яго жыццё, пра сям’ю, гісторыя якой і стала асновай гэтай кнігі. Разам з тым выданне адлюстроўвае звычайнае жыццё вяскоўцаў тут, на Астравеччыне, у нашым шматнацыянальным сумежжы. Адно шкада: кніга ў нашым раёне пакуль толькі адна – гэта экземпляр, падораны аўтарам сям’і свайго брата Зянона, які нядаўна пайшоў з жыцця. Таму не тое, што пачытаць, але нават пазнаёміцца з ёй – пагартаць старонкі, праглядзець фотаздымкі – праблематычна. Выданне настолькі зацікавіла ўсіх, хто прысутнічаў на прэзентацыі, што ўзнікла нават прапанова арганізаваць у бібліятэцы гучныя чытанні: гэта стала б яшчэ і нагодай для дадатковага вывучэння польскай мовы.

Родзічы паабяцалі пасадзейнічаць таму, каб хоць у раённай бібліятэцы з’явілася некалькі экзэмпляраў гэтай кнігі. Адам Восіпавіч выказаў слушную прапанову, што яе трэба перакласці на беларускую мову, бо выданне гэта цікавае не столькі як гісторыя адной сям’і, сколькі як своеасаблівая энцыклапедыя жыцця тутэйшых жыхароў у пасляваенны час. Яшчэ Адам Мальдзіс сказаў аб тым, што ў будучым музеі слынных выпускнікоў СШ №1 абавязкова павінен быць стэнд, прысвечаны Чэславу Мекіну. А пасля Адам Восіпавіч павёў размову пра захаванне і адраджэнне спадчыны ўнікальнага чалавека, які сваім жыццём і асветніцкай дзейнасцю злучыў тры краіны, – Беларусь, Расію і Японію: першага консула Расіі ў Японіі, складальніка першага руска-японскага слоўніка, аўтара многіх іншых даследаванняў і работ з прыстаўкай “першы” – Іосіфа Гашкевіча. Апошнія гады яго жыцця прайшлі ў маёнтку Малі – на шчасце, да нашага часу захавалася ліпавая алея, якая, хутчэй за ўсё, вяла да сядзібы вучонага і дыпламата. Адам Восіпавіч упэўнены, што трэба аднавіць дзейнасць некалі існаваўшага фонду Іосіфа Гашкевіча, з дапамогай якога можна было б зрабіць шмат цікавых і карысных спраў па захаванні памяці слыннага земляка. Старшынёй фонду прапанавалі абраць Мікалая Іванавіча Люцко, які раней з’яўляўся намеснікам кіраўніка, добра знаёмы са спадчынай Іосіфа Гашкевіча і зацікаўлены ў яе захаванні – пярэчанняў гэтая прапанова не выклікала.

Ніна РЫБІК, фота аўтара.