Когда в Островецкой районной больнице можно будет сделать УЗИ сердца?

14:08 / 29.04.2016
DSC_2236Мар’ян Вянгроўскі з Дравянік падчас званка ў рэдакцыю ўзняў праблему правядзення  ўльтрагукавога  даследавання сэрца ў раённай бальніцы.

У гэтым годзе яго дзіця ідзе ў школу,  і ўрачы пры праходжанні медыцынскай камісіі рэкамендавалі прайсці ўльтрагукавое даследаванне сэрца, якое ў Астраўцы не робяць. Калі гэтую працэдуру можна будзе зрабіць у  Астравецкай бальніцы? – цікавіўся мужчына.

Адказаць на пытанне мы папрасілі намесніка галоўнага ўрача Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Часлававіча Мажэйку:

– Пакуль што зрабіць ультрагукавое даследаванне сэрца ў нашай бальніцы немагчыма. Гэта адна з найбольш складаных працэдур. І каб зрабіць усё правільна,  а  заключэнне было дакладным, неабходна сур’ёзная падрыхтоўка ўрача-спецыяліста адпаведнага профілю. Малады спецыяліст нашай бальніцы ўжо прайшла навучанне на кафедры ўльтрагукавой дыягностыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, затым – падрыхтоўку ў абласной бальніцы. Пасля праходжання яшчэ адной практычнай падрыхтоўкі ўрач зможа аказваць медыцынскія паслугі па ўльтрагукавым даследаванні сэрца. Плануецца, што такая магчымасць з’явіцца ў астраўчан ужо ў гэтым годзе. Зрабіць ультрагукавое даследаванне сэрца пры паказаннях урача можна будзе на бясплатнай аснове, а пры самастойным жаданні пацыента і па-за чаргой – за грошы.

– Хацеў бы адзначыць, што калі ў вашага дзіцяці не будзе пройдзена ўльтрагукавое даследаванне сэрца, – гэта зусім не азначае, што ўрач не падпіша яму медыцынскую камісію для паступлення ў школу. Усе пытанні будуць вырашацца ў індывідуальным парадку, – зазначыў Уладзімір Часлававіч.

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.