Уроженец Ворнян Денис Зуев, выступая на рейтинговом поединке в Таиланде, одержал победу

17:00 / 28.03.2016
снова ЗуевУраджэнец Варнян Дзяніс Зуеў, вядомы ў спартыўным свеце пад байцоўскім прозвішчам Зуёнг, атрымаў чарговую перамогу ў рэйтынгавым паядынку ў тайскім горадзе Паттая. Паядынак праводзіўся ў рамках турніру па кікбоксінгу прамоўтарскай кітайскай арганізацыяй “Kunlun Fight”. Удзельнікамі былі байцы з Беларусі, Расіі, Тайланда, Кітая, Францыі і іншых краін.

Гэта ўжо трэцяя вікторыя Дзяніса з пачатку гэтага года. Яго сапернікі, як правіла, больш вопытныя, на іх рахунку да сотні баёў – аднак хлопца гэта не бянтэжыць.
– Я заўсёды настроены на перамогу, – расказвае Дзяніс аб апошніх спаборніцтвах. – Да таго ж, вельмі спрыяла атмасфера. Складанай была акліматызацыя – тэмпература 35-40 градусаў. Таму толькі праз два тыдні “ўвайшоў у каляіну”. Трэніроўкі праходзілі два разы на дзень.
Рыхтуючыся да важнага бою, Дзяніс трэніраваўся ў легендарнага байца Буакхава Банчамека. Таец з’яўляецца неаднаразовым чэмпіёнам свету па розных версіях і першым у гісторыі двухразовым пераможцам гран-пры К-1 World МАХ. Сёння Буакхаў з'яўляецца адным з самых вядомых прафесійных тайскіх баксёраў у свеце ў першай сярэдняй вазе. Да таго ж ён зняўся ў фільме, дзе бліскуча сыграў ролю воіна Муай-Тай. Дзяніс трэніраваўся ў Буакхава два тыдні.
– Дагэтуль я выступаў пераважна ў Кітаі. Але вельмі хацеў выйсці на спаборніцтвы ў Тайландзе – гэта ж радзіма тайскага боксу! Да таго ж, тайцы вельмі моцныя, у такіх і трэба вучыцца. Асабліва прыемна было трапіць у спартыўны клуб да легендарнага Банчамека! У гэты ж час там знаходзіўся на зборах цяперашні чэмпіён Глоры Сайман Маркус, з якім мне пашчасціла спарынгаваць.
Чарговы бой Дзяніса пройдзе ў красавіку. Гэта будзе адбор на ўдзел у фінальным туры, дзе будзе разыгрывацца пояс чэмпіёна. Дарэчы Дзяніс ад свайго самага першага сур’ёзнага бою на рынг выходзіць у крапавым берэце і мяняць гэтую традыцыю не збіраецца.
– Калі перамагаеш моцных сапернікаў – гэта вельмі прыемна. Кожны бой – гэта барацьба, у тым ліку і з самім сабой. Расслабляцца нельга, бо наперадзе – яшчэ цяжэй. Галоўнае не спыняцца, ісці да сваёй мэты. Мяне падтрымліваюць мама, родныя і мая дзяўчына – ведаю, што яны заўсёды перажываць за мяне і “трымаюць кулакі”. Яны – маё натхненне і матывацыя, – гаворыць Дзяніс.
У турніры пад байцоўскім прозвішчам Барбі ўдзельнічала і вядомая беларуская кікбаксёрка Кацярына Вандар'ева. Дзяўчына з’яўляецца неаднаразовай чэмпіёнкай свету і Еўропы. Кацю лічаць адной з самых прыгожых спартсменак у гэтым відзе спорту. Свой бой яна таксама выйграла.
Тое, што беларускія байцы адзіныя, хто можа скласці канкурэнцыю тайцам у іх відзе спорту, – агульнавядомы факт. Дзякуючы нашым чэмпіёнам Беларусь становіцца вядомай на сусветнай спартыўнай арэне. І асабліва прыемна, што сярод іх ёсць і наш зямляк!

----------------------------
Эмілія КОМАР.
Фота з уласнага архіва Дзяніса Зуева.