Школьник из Ворнян получил Диплом III степени на областном этапе конкурса "Энергомарафон"

16:00 / 19.02.2016
энергомарафонВучань 10 класа Варнянскага НПК Антон Юркойць атрымаў Дыплом ІІІ ступені на абласным этапе ІХ рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2015”.

Юны эколаг з Варнян Антон Юркойць у сваім праекце “Салома сельскагаспадарчых культур як крыніца цеплавой энергіі” вырашыў аспрэчыць словы дацкага эксперта Гуннара Бое Ольсэна, які сцвярджаў, што ў Беларусі амаль не выкарыстоўваецца патэнцыял цвёрдай біямасы (драўніна, салома) нягледзячы на тое, што гэта самы просты і танны спосаб “зялёнай” энергетыкі.
На працягу некалькіх месяцаў вучань пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы біялогіі і хіміі Варнянскага НПК Алены Іванаўны Юркойць працаваў над сваім праектам, у якім спачатку вывучаў тэарэтычныя напрацоўкі ў галіне энергаэфектыўнасці альтэрнатыўных крыніц цяпла, а пасля працаваў над спецыяльнымі разлікамі.
– Мы жывём у сельскай мясцовасці, таму ідэя вызначыць параметры цяпла пры выкарыстанні ў якасці паліва розных відаў саломы падалася цікавай, а галоўнае – яе можна праверыць на практыцы. Тым больш што кіраўніцтва СВК “Варняны” заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы, – гаворыць Алена Іванаўна Юркойць. – Мы даследавалі віды саломы розных сельскагаспадарчых культур: пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, гароху і іншыя, – а таксама эксперыментальна вызначылі разнастайныя параметры цепланасіцеляў. Аказваецца, выкарыстанне ў прамысловых маштабах саломы ў якасці паліва з улікам затрат на яе вываз, мадэрнізацыю абсталявання, акупіцца праз тры гады. Мінус такой альтэрнатыўнай “зялёнай” энергіі толькі ў тым, што салома – сезонны прадукт.
Напрыканцы студзеня ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў Гродне Антон абараняў свой праект.
У выніку юны эколаг з Варнянскага НПК са сваёй работай здабыў Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі”, у якім, дарэчы, было заяўлена ажно 86 работ школьнікаў з усёй Беларусі.

-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.