"Среда размышления". Полюбить себя... Или ближнего?

13:00 / 25.11.2015
2
палюбіць сябе ці бліжняга“Сціпласць упрыгожвае чалавека”, “Не хвалі сябе, пакуль людзі не пахваляць”, – сцвярджалі некалі ў адзін голас нашы настаўнікі, бацькі, знаёмыя і ўсе іншыя, хто ў савецкія часы замяняў амаль не існуючых тады псіхолагаў. І заганялі тым самым у людзей дрэнна выкарчоўваемыя комплексы непаўнацэннасці. Маўляў, я павінен быць сціплым – і тым прыгожым! І тыя, хто побач, павінны гэтую маю сціплую прыгажосць разгледзець і ацаніць… Не заўважылі? Ах, якія ж яны блізарукія… А падумаць пра сябе – не кажучы ўжо пра тое, каб уголас сказаць! – добра ўвогуле недапушчальна: людзі ж яшчэ не пахвалілі…
Час змяніўся – змяніліся і стэрэатыпы, якія ўбіваюцца ў галовы людзям цяпер ужо прафесійнымі псіхолагамі – зараз іх хоць гаць гаці. І ўсе яны ў адзін голас сцвярджаюць: трэба любіць сябе! Бо хто ж цябе палюбіць, калі ты сам сябе не любіш?
Калі па шчырасці, то мне больш даспадобы другое сцвярджэнне. Мо таму, што тыя дзіцяча-юнацкія комплексы вельмі перашкаджалі, ды і зараз перашкаджаюць жыць? Я шчыра захаплялася людзьмі, якія ўмелі сябе любіць, шанаваць, берагчы. І нават зайздросціла ім, марыла навучыцца жыць так, як яны. Словам, з усіх сіл імкнулася палюбіць сябе… Да пары, да часу. Пакуль не прыйшло пераасэнсаванне каштоўнасцей. Ці, дакладней, іх канкрэтызацыя.
Не так даўно я сустрэла дзяўчыну, якая вельмі ж любіць сябе! Не ведаю, з дзяцінства яна такая самаўлюбёная ці ўжо пазней жаночых часопісаў з парадамі псіхолагаў начыталася…
І ўсё б нічога, калі б пры гэтым яна любіла яшчэ каго-небудзь. Ці хоць бы заўважала…
Сустрэча нашая адбылася пры не вельмі вясёлых абставінах – у бальнічнай палаце. Сямёра жанчын пасля аперацыі змагаліся з болем, хваробай, цяжкімі думкамі, дрэнным настроем, імкнучыся пры гэтым дапамагаць адна адной і падтрымліваць новых знаёмых: расказвалі анекдоты і смешныя гісторыі з жыцця, дзяліліся пазітыўнымі ці проста карыснымі кніжкамі, частавалі прысмакамі, што прывозілі адведвальнікі… На нейкі час мы сталі адной сям’ёй.
І тут у нас з’явілася Аксана. З такім жа дыягназам, што і ва ўсіх нас, пасля такой жа аперацыі… Толькі нашмат маладзейшая.
І пачалося! Бясконцыя істэрыкі, слёзы, роспач...
Больш за ўсё было шкада яе маці, якая прыехала з іншага горада, не адыходзіла ад дачкі ні на крок, знерваваная, стомленая ўшчэнт. А дачушка плакала і крычала: “Забіце мяне, мне баліць!”, – даводзячы маці да сардэчнага прыступу. Доктар, якога выклікалі для экстранай дапамогі, агледзеўшы хворую, спрабаваў растлумачыць матулі, што баліць яе дзіцяці не больш і не менш, чым усім астатнім хворым у палаце, якія з-за яе паводзін не могуць заснуць, і ўсе істэрыкі спыняцца, як толькі маці выйдзе за дзверы…
На самой справе так і было – дзяўчына, нібы капрызлівае дзіця, супакойвалася адразу, як толькі знікалі гледачы яе “сольнага выступлення”. Але ж збалелае матуліна сэрца зноў несла яе да ложка дачушкі – і зноў пачынаўся “канцэрт па заяўках”.
Усе нашы спробы супакоіць дзяўчыну, дапамагчы ёй справіцца з дэпрэсіўным настроем натыкаліся на безапеляцыйнае “Што вы мяне вучыце? У вас такая ж хвароба, такая ж аперацыя… Дык вы ж усе старыя, вам час паміраць, а я маладая, мне трэба жыць!”
А калі Аксане нагадалі, што ў палаце яна не адна і астатнія тут знаходзяцца зусім не для таго, каб быць гледачамі і слухачамі яе “канцэртаў”, што трэба ўлічваць інтарэсы і патрэбы іншых людзей, яна заявіла:
– А мне пляваць на вас на ўсіх!
І дадала словы, якія з’яўляюцца жыццёвым дэвізам многіх паспяховых і пры гэтым вельмі прыстойных жанчын:
– Я ў сябе адна! І я сябе люблю!
…Пасля гэтага я зразумела, што гіпертрафіраванае сябелюбства, як і гіпертрафіраваная сціпласць – два бакі аднаго і таго ж медаля.
Можна – і, напэўна, трэба! – быць сціплым – пакуль гэта не перашкаджае заставацца самім сабой, рабіць тое, што ўмееш, дасягаць тых вышынь, на якія ты здатны. Бо варта памятаць, што закапаны ў зямлю талент – вялікі грэх перад Тым, хто яго табе даў.
Трэба любіць сябе – да той мяжы, пакуль гэтая любоў не стане прычыняць боль ці непрыемнасці іншым людзям.
І трэба ведаць мяжу аднаму і другому…
Хоць, зрэшты, што гэта я? Усё даўно сказана ў Кнізе Кніг: “Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе…”

-------------------
Ніна РЫБІК.