В Гродно обсудили демографическую ситуацию в области

07:37 / 30.07.2015
28 ліпеня ў Гродна прайшло пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы Гродзенскай вобласці, якое ўзначаліў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Андрэевіч Лісковіч.

Асноўная праблема,  якая падымалася на пасяджэнні,  датычылася прымаемых мер па выкананні паказчыкаў па зніжэнні смяротнасці насельніцтва і павелічэнні працягласці жыцця  людзей у  Гродзенскай вобласці.

– Сёння дэмаграфічным праблемам у нашай краіне надаецца вялікая ўвага. З кожным годам расце ўзровень і якасць медыцынскага абслугоўвання, у краіне працуюць праграмы па абароне мацярынства і дзяцінства, па вырашэнні праблем сацыяльнага сіротства, растуць тэмпы будаўніцтва жылля для  маладых сем’яў на льготных умовах, –  расказаў пасля пасяджэння намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. –  І неабходна адзначыць, што ў нашым раёне дэмаграфічная сітуацыя таксама знаходзіцца пад кантролем. Так, нягледзячы на тое, што за 6 месяцаў бягучага года ў нашым раёне памерла 207 чалавек –  а гэта  на 14 чалавек больш чым за такі ж перыяд мінулага года – нам удалося знізіць смяротнасць сярод насельніцтва працоўнага ўзросту.

Калі ж аналізаваць асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі па зонах абслугоўвання, то найбольш спрыяльная сітуацыя складваецца ў горадзе – тут зарэгістравана найменшая колькасць памерлых і найвышэйшая нараджальнасць. Сярод сельскіх населенных пунктаў больш за ўсё дзяцей нарадзілася на ўчастку  Кямелішкаўскай амбулаторыі, тут жа зарэгістраваны і найменшы паказчык смяротнасці сярод насельніцтва працоўнага ўзросту.

– Задавальняе нас і той факт, што людзі сталі жыць даўжэй. Так, працягласць жыцця вырасла на пяць гадоў у параўнанні з мінулым перыядам. Пры гэтым працягласць жыцця ў мужчын павялічылася, а вось у жанчын, на жаль, паменшылася, –  працягвае Віктар Збігневіч. –  Аднак нягледзячы на  тое, што за шэсць месяцаў бягучага года ў нас нарадзілася 145 дзяцей, што  на сем дзяцей больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, натуральны прырост насельніцтва склаў  мінус 5,3.

На пасяджэнні была разгледжана таксама праблема траўматызма і гібелі насельніцтва ад знешніх прычын. І тут у нашым раёне  назіраецца станоўчая дынаміка: за 6 месяцаў бягучага года колькасць памерлых паменшылася на 7 чалавек.

–  Аднак смяротнасць ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і анкалагічных захворванняў займае ў нашым раёне першае і другое месцы  адпаведна. І таму сёння ўся ўвага будзе накіравана менавіта на гэтыя праблемы, –  падвёў вынік размовы Віктар Збігневіч Свіла.

Алена ЯРАШЭВІЧ.