Островец отметил День молодёжи

08:00 / 02.07.2015
Канцэрты і конкурсы, спаборніцтвы і гульні, выстава-парад арыгінальнай тэхнікі, забаўляльная праграма і нават паветраны шар – весела, разнастайна, насычана і ўрачыста прайшоў на Астравеччыне Дзень моладзі.


Варта адзначыць, што свята сабрала не толькі маладых людзей, але і астраўчан самага рознага ўзросту. Ды і як магчыма было ўседзець дома, калі ўжо з самай раніцы з лесапаркавай зоны гучала музыка? Аднак не толькі гэта зацікавіла ўсіх, хто быў не ў “тэме” маладзёжнага свята.

А палове адзінаццатай з цэнтральных вуліц горада пачалі даносіцца цікавыя гукі: рычалі магутныя маторы, на розныя галасы пераклікаліся аўтамабільныя сігналы, іграла музыка – ды так, што нават самыя раўнадушныя павыходзілі, каб паглядзець, што адбываецца. А гэта па вуліцах ехаў парад тэхнікі – незвычайнай, арыгінальнай і прыгожай, дзе побач з бліскучай “Інфініці” па-сяброўску прымасціўся акуратны і галантны старэнькі “Масквіч”, а грозны “байк” з павагай прапускаў наперад савецкую “Яву”. Яны праехалі па вуліцах – узрушыўшы і заінтрыгаваўшы – і гэтак жа эфектна зніклі ў накірунку лесапарку, як быццам запрашаючы адправіцца ўслед.

Менавіта ў лесапаркавай зоне і распачалося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Дня моладзі, якое адкрыла ў нашым раёне Тыдзень культуры. На сцэне летняга амфітэатра гледачоў сустракалі песнямі і танцамі. Прывітальным словам адкрыў урачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.

– Усе вы ведаеце, што 2015 год аб’яўлены Годам моладзі, а сёння мы святкуем і Дзень моладзі. І мне вельмі прыемна прывітаць і павіншаваць са святам хлопцаў і дзяўчат Астравеччыны, – распачаў сваё выступленне Віктар Збігневіч. – У нашым раёне ў розных сферах працуе шмат таленавітай, здольнай, перспектыўнай моладзі – і гэта радуе, бо менавіта ад іх працавітасці, энтузіязму і прафесіяналізму залежыць развіццё нашага раёна. Набліжаюцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вельмі важна, каб моладзь не заставалася ўбаку ад гэтай палітычнай падзеі і прыняла ў ёй актыўны ўдзел, бо ад нашага з вамі выбару залежыць будучыня цэлай краіны.

Шчыра павіншавала моладзь і першы сакратар раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аксана Паўлаўна Лазарава.

– Самае яскравае юнацкае свята ў календары – Дзень моладзі. Гэта свята новых надзей і спадзяванняў. І мне хочацца пажадаць усім маладым людзям, якія ўпэўненна глядзяць наперад, памятаць, што з лёсу кожнага з нас пішыцца гісторыя роднага краю, а значыць, і гісторыя краіны. Хай ваш жыццёвы шлях стане трыўмфальным шэсцем да шчырасцi, дабрынi, захавання сямейных і агульначалавечых каштоўнасцей, каб  сваёй штодзённай працай і добрымi справамi мы рабiлi ўсё магчымае дзеля ўслаўлення i росквiту сваёй Радзiмы.

Да агульных віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Францаўна Каспяровіч, якая са сцэны назвала прозвішчы лепшых маладых аграрыяў, якія ў гэты час шчыруюць на палях і сваёй добрасумленнай і стараннай працай могуць паслужыць добрым прыкладам іншым.

Пакуль на сцэне летняга амфітэатра цёплыя віншаванні ў адрас моладзі чаргаваліся з прыгожымі і мілагучнымі музычнымі нумарамі таленавітых артыстаў Астравеччыны, непадалёк праходзілі не менш цікавыя і насычаныя падзеі. “Хлеба і відовішчаў” патрабавалі ў дрэўнасці рымляне – і таго, і другога ў гэты дзень для астраўчан было дастаткова.

І першае, на што хочацца звярнуць увагу, гэта, канешне ж, выстава цікавага і арыгінальнага транспарту, якая адразу сабрала вакол сябе шмат прыхільнікаў. Гэта і не дзіўна, бо адно – у захапленні праводзіць позіркам знікаючы за паваротам прыгожы аўтамабіль, не ведаючы нават яго марку, і зусім іншае – атрымаць эстэтычнае задавальненне ад блізкага знаёмства. Яны стаялі ў радочак: паблісквалі вочкамі фар, какетліва перадзёргвалі дзверцай, пагрозліва рычалі маторам – розныя, але аб’яднаныя адной мэтай: да апошняга націску педаляў прыносіць асалоду і карысць уладальнікам. “Пабеда, “Масквіч”, ВАЗ , “Мэрседэс”, “Волга”, “Інфініці”… На адной пляцоўцы гарманічна красаваліся і дапаўнялі адзін аднаго аўтамабілі 80-ых і 2000-ых. А гледачы ацэньвалі і абмяркоўвалі іх непаўторнасць і асаблівы шык.

Крыху далей за аўтамабілямі размясціліся іх двухколавыя таварышы – матацыклы. Ганарыстыя, бы неаб’езджаныя мустангі, бліскучыя, модныя, сучасныя “байкі” і іх больш сціплыя, але ў бездакорным стане, продкі з мінулага стагоддзя.

Дарэчы, на выстаўленую тэхніку можна было не толькі паглядзець, але і адчуць сябе ў ролі вадзіцеля, крыху “паруліць” на месцы і сфатаграфавацца, пагэтаму выстава ўвесь час карысталася вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. Цікава, але чорныя, велічныя і грозныя байкерскія матацыклы, да якіх не кожны дарослы ведаў, як падступіцца, проста магнітам прыцягвалі дзяцей – у гэты дзень група байкераў папоўнілася не адным дзясяткам юных прыхільнікаў. Магчыма, праз некалькі гадоў, у Дзень моладзі, яны таксама  парадуюць астраўчан арыгінальнай выставай сваіх прыгажуноў.

Не засталіся ўбаку ад святкавання Дня моладзі і спартсмены Астравеччыны – адначасова праходзілі спаборніцтвы па футболе і пляжным валейболе.

У таварысцкім матчы на стадыёне сустрэліся футбольныя каманды Астраўца і Ашмян. І калі першы тайм прайшоў больш-менш спакойна і скончыўся ўнічыю 0:0, у другім сітуацыя на полі прыкметна абвастрылася. Раптоўныя атакі чаргаваліся з крыўднымі промахамі і небяспечныя моманты ўзнікалі ля варот абедзвюх каманд. І ўсё ж фартуна была на баку гаспадароў: першы гол забіў Аляксандр Арлоўскі, а праз некаторы час яго прадубліраваў Павел Расамацкі. У выніку матч скончыўся з лікам 2:0 на карысць астраўчан.

Непадалёк высвятлялі адносіны аматары пляжнага валейбола. Пагуляць басанож на пяску вырашылі чатыры каманды: “Астравец”, “НІАЭП”, “Юнацтва” і “Вар’яты”. Традыцыйна яны гулялі па кругавой сістэме – кожная гульня атрымалася цікавай і ўпартай. У выніку ж перамогу святкавалі “Вар’яты”, другое месца заняла каманда “Астравец”, на трэцім апынуліся валейбалісты з “НІАЭПа”.

Дарэчы, адчуць сябе спартсменам мог кожны жадаючы: праверыць трапнасць і пастраляць з рознай зброі можна было ў ціры, а адчуць адрэналін і паказаць уменне гуляць камандай запрашаў пэйнтбол.

…Навушнік у вушах, балончык у руках, пустая сцяна перад вачыма і эскізы малюнкаў у галаве. Імгненне – і з’яўляецца першы штрых, затым – яшчэ адзін, праз хвіліну – вобраз, які пакуль нябачны іншым, але ўжо нарадзіўся ў галаве. Людзі назавуць яго яшчэ адным малюнкам графіці. Для аўтара ж – гэта нашмат большае: яго свядомасць, яго думкі, яго філасофія, яго душа…

Сёлета падчас Дня моладзі ў Астраўцы прайшоў пленэр райтараў, на які прыехалі прадстаўнікі гэтага своеасаблівага мастацтва з розных гарадоў Беларусі. Некалькі гадзін яны “шаманілі” балончыкамі з фарбамі ля сцяны насупраць уваходу ў лесапарк. Што ў выніку атрымалася – зараз можа паглядзець кожны. І ў чарговы раз упэўніцца, што таленавітай і неардынарнай моладзі ў Беларусі хапае.

Дзень моладзі ў Астраўцы атрымаўся, безумоўна, цікавым і настолькі насычаным, што проста немагчыма пра ўсё расказаць – варта было кожнаму ўбачыць на свае вочы. Не менш захапляючым атрымаўся і вечар: на сцэне летняга амфітэатра спявалі, танцавалі, забаўлялі астраўчан і віншавалі іх са святам вясёлыя артысты з групы “Тяни-Толкай”. І яны настолькі “расштурхалі” гледачоў, што большасць проста не ўседзела на месцы і рванула на танцпляцоўку. Нашы землякі дружна пляскалі ў далоні і хорам падпявалі, а рэха ад сумеснага вокліча “Астравец – сіла!” яшчэ доўга лунала над лесапаркам.

Разагрэтая групай “Тяни-Толкай” моладзь далей адправілася “адрывацца” на дыскатэку “Галактыка”, дзе “Белай ноччу” запальвалі дзі-джэі з Гродна. А побач на стадыёне на некалькі хвілін адчуць сябе птушкай запрашаў вялікі паветраны шар.

...Высока ў небе лунаў выпушчаны на волю дзіцячай рукой паветраны конік – і быццам махаў на развітанне абрыўкам ніткі: “Да пабачэння, Астравец! Дзень моладзі прайшоў цудоўна – магчыма, праз год сустрэнемся зноў!”


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.

Фота аўтара і А. МАЛЬШЭЎСКАГА.