Семья Лебедевич из Островца стала победителем областной спартакиады

15:00 / 29.06.2015
1
Пераможцамі ў агульнакамандным і некаторых асабістых заліках стала сям’я Лебядзевіч на абласной спартакіядзе “Тата, мама, я – здаровая сям’я”.


Сямейнае спаборніцтва сабрала 26 удзельнікаў з 9 раёнаў Гродзеншчыны. Сем’і былі падзелены на тры ўзроставыя катэгорыі: з дзецьмі 6-8 гадоў, у якой удзельнічалі 11 сем’яў, 9-11 гадоў (9 сем’яў) і 12-14 гадоў (6 сем’яў). Пры гэтым не было абмежаванняў паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі – усе ішлі ў агульным заліку.

Астраўчане ўдзельнічалі ў двух узроставых групах. У катэгорыі 6-8 гадоў Аліна Лебядзевіч аказалася самай трапнай і заняла першае месца ў дартсе.

Аднак асноўныя спартыўныя жарсці кіпелі ў дзіцячай катэгорыі 9-11 гадоў, дзе ўдзельнічалі тата Вадзім, мама Святлана і іх сын Мікіта Лебядзевічы. У спаборніцтве па дартсе хлопчык падтрымаў сястру і таксама стаў першым. Трэцяе месца астраўчане занялі ў хакеі – трэба было абводзіць фішкі клюшкай з мячом. На “чацвёрку” выступіла ў скачках праз скакалку мама Святлана, а Мікіта стаў сёмым у кідках у баскетбольнае кальцо. Крыху да прызавога месца не хапіла тату Вадзіму ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – ён заняў чацвёртае месца. А ў камбінаванай эстафеце дружнае трыа астраўчан стала сярэбранымі прызёрамі.

У выніку сям’я Лебядзевіч у агульнакамандным заліку стала пераможцам абласной спартакіяды і вярнулася дадому з дыпломамі, кубкам і грашовай прэміяй.

Віншуем спартыўную сям’ю!



-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.