Островецкая команда молодых людей с инвалидностью заняла первое место на слете в Гродно

20:44 / 11.06.2015
2

Яны паехалі ўдзельнікамі – а вярнуліся пераможцамі.


Старанна рыхтаваліся – і апраўдалі спадзяванні. Гулялі дружнай камандай – і дасягнулі “залатога” выніку. Астравецкая каманда маладых людзей з інваліднасцю заняла першае месца на злёце ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Перамогі.



Аляксандр і Таццяна Лянкевічы, Віталь Дамуць, Міхаіл Падарэцкі, Іосіф Жукоўскі і Вольга Віткоўская прадэманстравалі ўменне гуляць камандай і паасобку. Акрамя астравецкай шасцёркі, на злёт прыехалі каманды з амаль усёй Гродзеншчыны і дзве каманды з Мінскай вобласці і горада Мінска.


Удзельнікі з энтузіязмам дэманстравалі трапнасць кідкоў у дартсе, гарадках, па баскетбольным кальцы і ў боўлінгу, жвавасць і спрыт – у настольным тэнісе і фігурным ваджэнні калясак, моц і вытрымку – у армрэстлінгу.


Спаборніцтвы праводзіліся ў камандным і асабістым заліках. Астраўчане хутка вырваліся ў лідары: яны сталі пераможцамі ў такіх відах, як кідкі ў баскетбольнае кальцо, дартс і гарадкі. У асабістым заліку Віталь Дамуць заняў другое месца ў кідках па баскетбольнаму кальцу і трэцяе – у дартсе; Аляксандр Лянкевіч “здаў” фігурнае ваджэнне каляскі на “серабро”, другім  ён стаў і ў гарадках; а Іосіф Жукоўскі заняў трэцяе месца адразу ў трох відах: армрэстлінгу, настольным тэнісе і гарадках.


У выніку ўдалыя выступленні прынеслі нашай камандзе агульнакаманднае першае месца – дадому астраўчане вярнуліся з кубкам і залатымі медалямі. Старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Юрый Іосіфавіч Ждановіч ад імя ўсёй каманды выказвае падзяку раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму і Віталю Спірыдону за дапамогу ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў злёце.


Віншуем з перамогай!


----------------------------------------------------


Падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.