«Среда размышления». Дворик детства островецких детишек...

13:15 / 10.06.2015
2

Нядаўна сустрэла суседку – маладую маці, якая ішла ў лесапарк прагульвацца з маленькім сынам. Перакінуліся парай слоў пра тое-сёе. І яна між іншым задала пытанне (чамусьці апошнім часам да мяне не толькі знаёмыя – нават радня звяртаюцца выключна як да рэдактара раённай газеты: маўляў, “ты напішы” – нібы менавіта ад гэтага залежыць вырашэнне любой праблемы):


– Скажыце, чаму ў нашым горадзе няма дзе пагуляць мамам з малышамі? Ды і большым дзецям, якіх ужо можна выпусціць на вуліцу, – таксама? Ну вось хіба ў лесапарку сярод дрэў паблукаць – прыгожа і паветра свежае. Але ж дзіцяці там сумна… Дзякуй, што скверык у цэнтры зрабілі прыгожы – і пасядзець ёсць дзе: мамы там любяць “тусавацца”. Але зноў-жа – таго каменнага хлопчыка-дубочка дзеці ўжо зашмальцавалі… А больш – куды пайсці?


– Ну як жа! – не пагадзілася я. – Зараз па выхадных ў лесапарку горкі працуюць, машынкі, іншыя атракцыёны, прысмакі розныя прадаюць…


– Усё гэта цудоўна, – парыравала маладая мама. – Але, па-першае, гэта не кожны дзень, па-другое, каштуе грошай, якіх у маладой сям’і не так і шмат, па-трэцяе, адно дзіця туды не пусціш… Так, згодна: раз ці два на тыдзень можна выбрацца, а вось дзе пагуляць з малым кожны дзень?


І я задумалася: дзе ж сапраўды могуць бавіць час – бяспечна і пажадана з карысцю – дзеці, малышы і большыя, якія па розных прычынах летам вымушаны адпачываць у горадзе?


Успомніла, як некалі ў Мазыры мне паказвалі спецыяльны дзіцячы казачны гарадок, дзе дзетвара можа бегаць хоць цэлы дзень па розных лабірынтах, скачвацца з розных казачных горак, калыхацца на арэлях, заходзіць у хацінку да Бабы-Ягі ці Лісы Патрыкееўны… Я ўжо маўчу пра Андэрсэнград у нашых пабрацімаў-сасноваборцаў – пра такі, як у іх, дзіцячы гарадок – дарэчы, пабудаваны па ініцыятыве саміх гараджан метадам “народнай будоўлі” – можна толькі марыць…


А што ў нас?  Паблукала па астравецкіх дварах, паглядзела на іх поглядам той сваёй суседкі ды іншых маладых матуль. І ўражанне засталося невясёлае… Двары нашы запаланілі аўтамабілі – шыкоўныя і трошкі горшыя. Яны не толькі на спецыяльных стаянках, але і на дарозе, у праездах, на тратуарах – хутка, здаецца, з’явяцца нават на лесвічных пляцоўках – бо, як жартуе адзін мой знаёмы вадзіцель, беларусы жывуць усё горш, і ў іх дзве асноўныя праблемы: як пахудзець і дзе прыпаркаваць машыну? А вось дзецям у гэтым аўтамабільным царстве пагуляць няма дзе…


Праўда, у новым горадзе, ля нядаўна пабудаваных дамоў – усё ў парадку, ва ўсякім выпадку, адносным. Машын там, можа і не менш – але ж і дзіцячыя пляцоўкі ёсць, ды такія, што “старажылы” могуць толькі пазайздросціць: вабяць вока малышоў і іх матуль рознакаляровыя дзіцячыя гарадкі, розныя там арэлькі-гушкалкі, лесвічкі-турнікі, столікі-лавачкі, альтанкі ды горкі. Ёсць дзе пабегаць-пагарэзнічаць дзецям, прысесці матулям, каб, не зводзячы вачэй з “чадаў”, палапатаць “аб сваім, жаночым” з каляжанкамі.


І нездарма туды імкнуцца з усіх навакольных і нават аддаленых двароў! Бо ў большасці, якія не маюць спакуслівага азначэння “новы”, так званы “дзіцячы гарадок” у літаральным значэнні слова “так званы”, бо прадстаўлены ён у лепшым выпадку пясочніцай – і добра яшчэ, калі там захаваліся рэшткі пяску.


Ёсць, канешне, выключэнні: да прыкладу, у двары дамоў №№ 44-45 па вуліцы Валадарскага захаваліся зробленыя некалі жыхарамі пад кіраўніцтвам нястомнай і энергічнай Ліліі Уладзіміраўны Янкоўскай баскетбольныя кольцы (хоць і яны патрабуюць рамонту), турнікі, арэлі,


гушкалкі – нездарма ж там дзетвара, і не толькі “мясцовая”, з гэтых дамоў”, “тусуецца” з ранку да позняга вечара. У іншых дварах у лепшым выпадку дзе-нідзе ля пясочніцы ўбачыш якую лесвічку ці лавачку-пянёк… У большасці ж двароў-“старажылаў” дзецям заняцца няма чым – хіба што гуляцца ў хованкі ў няскошанай траве. І як пасля гэтага наракаць, што ад ранку да вечара яны сядзяць у камп’ютары – а чым яшчэ заняцца, калі на рэчку – нельга, на веласіпедзе – нельга, на стадыёне і ў двары заняцца няма чым?


Днямі я даведалася, што не толькі ў мяне склалася такое ўражанне. Аказваецца, становішча з дзіцячымі пляцоўкамі ў горадзе зацікавіла нават пракуратуру. І старшы памочнік пракурора Анастасія Грабоўская таксама правяла пэўнае даследаванне гэтай праблемы – ужо не з эмацыянальнай, як я, а з юрыдычнай кропкі гледжання. І высновы ў нас атрымаліся падобныя.


Так, у спецыяльным прадпісанні, якое раённая пракуратура накіравала РУП ЖКГ як арганізацыі, якая абавязана падтрымліваць у належных умовах дзіцячыя пляцоўкі ў дварах жылых дамоў, канстатуецца, што ў двары дома №48 па вуліцы Валадарскага ў драўлянай альтанцы згніла адна з нясучых бэлек – а гэта ўжо ўяўляе прамую пагрозу жыццю і здароўю дзяцей. Няўжо варта чакаць бяды, каб замянціць ці адрамантаваць альтанку? Патрабуе рамонту і драўляны мосцік у двары дома №19 па  той жа вуліцы Валадарскага: бэлька, што трымае драўлянае перакрыццё, зламаная. І ўжо зусім незразумелая сітуацыя, калі ў прыгожых, яркіх, новенькіх пясочніцах у дварах новых дамоў першага мікрараёна па вуліцах Усходняй, Берагавой, Казіміра Сваяка няма пяску!


“Гэтыя парушэнні заканадаўства не толькі не ствараюць належных умоў для паўнацэннага фізічнага развіцця дзіцяці, але і ўяўляюць пагрозу іх жыццю і здароўю”, – робяць заключэнне супрацоўнікі пракуратуры – і ў сваім прадпісанні патрабуюць неадкладна прыняць меры па ўхіленні парушэнняў заканадаўства, накіраванага на папярэджанне дзіцячага траўматызму, рамонту ўмацаванняў дзіцячых гульнявых і мяжуючых з імі збудаванняў.


З пракуратурай цяжка не пагадзіцца (хацела б я паглядзець на таго, хто асмеліцца гэта зрабіць). І закон канкрэтна вызначае адказных за адпачынак нашых дзяцей – у дадзеным выпадку РУП ЖКГ, які і павінен паклапаціцца пра той адпачынак.


Але мне чамусьці ўзгадваецца той залаты час, калі мы, амаль сто сямей, пасля пераезду з Хойнікшчыны засяліліся ў новыя так званыя “чарнобыльскія”, спехам пабудаваныя ў “беззаконныя” 90-я гады дамы – і ні пра якое добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый тады ніхто і не марыў.  І як хлапчукі-падлеткі – Паша Назаранка, Ігар Марчанка, Дзяніс Данчанка і іншыя – самі ладзілі для сябе і сваіх суседзяў, дзяцей і дарослых, утульнасць і адпачынак: садзілі ў нашым двары каштаны, ліпы і рабінкі, якія і сёння цешаць вока і ратуюць у спякотны дзень, рабілі арэлі, альтанку, ставілі баскетбольныя шчыты, турнікі… Хлопцы выраслі, стварылі свае сем’і – і з’ехалі з нашага двара. Услед за імі знікла альтанка, якую ніхто не схацеў рамантаваць, потым – арэлі, потым разламаўся баскетбольны шчыт… Зараз галоўнае ўпрыгожанне – раскапаная траншэя, у якой ужо месяц збіраюцца, ды ніяк не збяруцца памяняць трубы.


Можа, варта зноў аб’яднаць ініцыятыву – жылкамунгаса, жыхароў шматкватэрных дамоў, далучыць да агульнай карыснай справы дзяцей – тады ўжо яны дакладна не стануць ламаць і нішчыць зробленае сваімі рукамі! – і разам ператварыць нашыя двары ў прыгожыя, утульныя, зручныя і карысныя месцы для адпачынку дзяцей і дарослых?


------------------


Ніна РЫБІК.