Что заинтересовало островчан в Послании Президента?

14:00 / 06.05.2015
12
Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, якое стане праграмай развіцця нашай дзяржавы, яе ўнутранай і знешняй палітыкі як мінімум на бліжэйшы год, былі закрануты ўсе бакі жыцця грамадства. У апошні час Пасланне беларускага лідара стала тэмай нумар адзін размоў у афіцыйных установах, у працоўных калектывах, на кухнях…
Мы пацікавіліся ў некаторых астраўчан, што іх найбольш закранула ў Пасланні кіраўніка дзяржавы, якія думкі і пачуцці яно выклікала.

Рыгор Мечыслававіч ДОЛГІ, дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
– У Пасланні Прэзідэнта мяне, як гаспадарніка, вядома, найбольш зацікавіла тэма эканомікі, развіцця яе ў сённяшняй няпростай сітуацыі. Канешне ж, тая сітуацыя, якая зараз склалася ў Расіі: дэвальвацыя расійскага рубля, эканамічныя санкцыі ў адносінах паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам – не могуць не ўплываць на эканоміку нашай краіны як удзельніка Еўразійскага саюза, з аднаго боку, і краіны, якая імкнецца да дыверсіфікацыі свайго экспарту і ўзаемавыгадных стасункаў з усімі краінамі свету, – з другога. Хацелася даведацца, як ацэньвае кіраўнік дзяржавы сённяшні стан эканомікі, якія бачыць шляхі выхаду з крызісу.
Мяне ўсцешыла, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка разумее ўсю складанасць узнікшай сітуацыі, што ўрад мае праграму развіцця эканомікі краіны. Значыць, можна спадзявацца, што крызісныя з’явы неўзабаве будуць пераадолены.
Яшчэ мне вельмі блізкія словы Прэзідэнта аб тым, што кожнаму кіраўніку належыць быць гаспадаром на даручаным яму прадпрыемстве ці ў арганізацыі і даказваць за стан спраў, а правяраючыя, якіх зараз шмат, не павінны ўмешвацца ў вытворчы працэс: ім належыць кантраляваць не бягучыя справы, а канчатковы вынік. Скажу шчыра: часам шматлікія праверкі, якія незразумела каму і навошта патрэбныя, адымаюць шмат часу: аднаму дай такія звесткі, другому – гэткую інфармацыю, і ўсё тэрмінова, і ўсё ў поўным аб’ёме, і за невыкананне ўсіх гэтых патрабаванняў пагражаюць сур’ёзнымі санкцыямі, і за ўсё кіраўнік адказвае асабіста, нібы ў яго дзесяць пар рук і вачэй і няма іншых клопатаў, чым задаволіць цікавасць правяраючых. Усё гэта перашкаджае працаваць, часам складваецца ўражанне, што важней не тое, што мы робім, а справаздачы, якія складаем аб сваёй працы і перадаём ва ўсе інстанцыі па першым запатрабаванні.


Расціслаў Іванавіч БРАЗІНСКІ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Для мяне асноўным момантам Паслання было тое, што кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз падкрэсліў: у нашай краіне ўсё робіцца для чалавека – без гэтага ніякая прадукцыя, ніякія поспехі ў вытворчасці не маюць значэння.
Думаю, усе, хто слухаў ці чытаў Пасланне, звярнулі ўвагу на патрабаванне Прэзідэнта, што цэны на камунальныя паслугі, электраэнергію расці не павінны – гэта тое, што закранае кожнага жыхара краіны.
Яшчэ для мяне вельмі блізкімі сталі словы аб незалежнасці нашай краіны. Так, апошнім часам з расійскага боку чуюцца абвінавачванні: маўляў, Беларусь стала паглядваць на Захад... Прэзідэнт без усялякай двухсэнсоўнасці заявіў, што Расія – наш галоўны стратэгічны партнёр, брацкая для Беларусі краіна. Але разам з тым вельмі вобразна нагадаў, што нават родныя браты, жывучы ў адным доме, хочуць мець свой кут, сваю кватэру і весці самастойную гаспадарку, мець сваю кропку гледжання на тое, што адбываецца ў свеце. Беларусь таксама не павінна глядзець у рот “старэйшаму брату”: у нас – свая дзяржава і ўласная палітыка, як унутраная, так і знешняя. Аляксандр Рыгоравіч гаварыў аб гэтым ужо неаднойчы, і такая паслядоўная пазіцыя кіраўніка дзяржавы, думаю, падтрымліваецца ўсімі сапраўднымі патрыётамі Беларусі.


Наталля Іванаўна ІВАШКА, маці, урач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы:
– Канешне ж, мяне найбольш закранула тая частка Паслання, дзе Прэзідэнт гаворыць пра дэмаграфічную сітуацыю, пра ролю сям’і ў фарміраванні здаровага грамадства, таму што самая галоўная і самая святая місія жанчыны – быць каханай, жаданай, мець самую моцную крэпасць у свеце – сваю сям’ю, і самой быць апорай для сваіх дзяцей. А другім складнікам жаночага шчасця, па майму меркаванню, з’яўляецца любімая работа, якая дае магчымасць быць патрэбнай людзям.
Я – шчаслівая жанчына! У нашай сям’і выхоўваецца трое дзяцей, і я цудоўна ведаю, якое гэта шчасце – быць маці: любіць, клапаціцца, часам ахвяраваць нечым, дапамагаць, вучыць, выхоўваць, быць заўсёды мудрай і цікавай сваім дзецям. А яшчэ я займаюся любімай справай і шчаслівая ад таго, што маю магчымасць дапамагаць іншым жанчынам зведаць гэтае ўсёабдымнае шчасце мацярынства.
Цудоўна, што ў нашай краіне так многа робіцца для падтрымкі сем’яў, у якіх нараджаюць дзяцей – мне, як і кожнай жанчыне-маці, хочацца верыць, што яны будуць расці ў мірнай, прыгожай, суверэннай, моцнай краіне, якую некалі праславяць сваёй працай, дасягненнямі і перамогамі.


Леанід Уладзіміравіч БАТУРА, былы загадчык аддзела адукацыі, зараз на заслужаным адпачынку:
– Я вельмі ўважліва слухаў Пасланне Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу – і быў уражаны, як кіраўнік дзяржавы грунтоўна ахапіў усе бакі жыцця грамадства, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы сацыяльнымі пытаннямі. Аляксандр Рыгоравіч адкрыта гаварыў не толькі аб поспехах і дасягненнях, але і аб існуючых праблемах у галіне эканомікі, аб неабходнасці праводзіць рэформы, нарошчваць вытворчасць і галоўнае – выгадна прадаваць выпушчаную прадукцыю: менавіта ў гэтым крыніца дабрабыту краіны – а значыць, і ўсяго беларускага народа.
Канешне, мяне, як былога настаўніка, найбольш цікавілі тыя моманты ў Пасланні, дзе размова ішла пра развіццё адукацыі – гэтай тэме Прэзідэнт удзяліў нямала ўвагі. Я цалкам падтрымліваю думку кіраўніка дзяржавы, што ўстановы адукацыі павінны быць для дзяцей у крокавай даступнасці. Апошнім часам у нас вельмі ўжо захапіліся закрыццём школ і дашкольных устаноў – і назвалі гэты разбуральны працэс хітрым словам “аптымізацыя”. Мы ў свой час будавалі, набывалі памяшканні для ўстаноў адукацыі – за час, калі я ўзначальваў раённы аддзел адукацыі, было пабудавана, набыта, пераабсталявана 10 школ, 20 дзіцячых садкоў, 2 вучэбна-вытворчыя комплексы, 60 кватэр для сямей настаўнікаў, 5 інтэрнатаў. А зараз усё толькі закрываюць… А потым бядуем, што вёскі пусцеюць і паміраюць. Даўно вядома заканамернасць: няма школы – не будзе і вёскі. І падвоз школьнікаў за 20-30 кіламетраў сітауцыю не ўратуюць: ні адзін бацька не захоча, каб яго шасцігадовае дзіця падымалася ў шэсць гадзін раніцы, каб паспець у школу ў час…
Асобная размова – пра бюракратызм, які, як іржа, раз’ядае нашы школы. Ад настаўнікаў зараз патрабуюць не ведаў, не выхавання, а бясконцых справаздач, даведак, іх загрузілі непатрэбнай папяровай работай. Зразумела, што пры такіх адносінах, ды яшчэ з той зарплатай, якую сёння маюць настаўнікі, яны стараюцца пакінуць школу… А хто ад гэтага пакутуе? Вядома ж, у першую чаргу наша будучыня – дзеці…