В Островце прошла "Ярмарка профессий"

12:00 / 27.03.2015
Традыцыйнае раённае прафарыентацыйнае мерапрыемства «Кірмаш прафесій» прайшло ў актавай зале сярэдняй школы №2.


Нягледзячы на ўсюдыісны інтэрнэт і мноства друкаваных дапаможнікаў па выбару прафесіі, школьнікі нярэдка сутыкаюцца з праблемай: якую сцежку ў будучае выбраць?

Дапамагчы школьнікам у гэтым вырашылі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія арганізавалі своеасаблівы кірмаш прафесій, галоўнымі ўдзельнікамі якога сталі прадстаўнікі прафесійна-навучальных устаноў Гродзенскай вобласці рознага профілю.

Сапраўдны дэсант навучэнцаў і педагогаў Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя «высадзіўся» ў той дзень у астравецкай школе №2.

– Пры выбары прафесіі галоўнае на дапусціць памылкі. Каб гэтага не адбылося, выбар трэба рабіць усвядомлена, – упэўнены сённяшнія выпускнікі Смаргонскага ліцэя. Яны расказалі школьнікам аб прафесіях, якія можна атрымаць у гэтай установе.

І не толькі расказалі, але і наглядна прадэманстравалі: дзяўчаты тэатра моды «Фантазія» вынеслі на суд астравецкіх школьнікаў вячэрнія ўборы з поліэтыленавых пакетаў. І адразу ж успомніліся радкі з дзіцячага верша: «Чырвоны, сіні, блакітны – выбірай сабе любы». Маю на ўвазе не толькі ўбор, але і прафесію па душы. А выбар тут вялікі: муляры, электразваршчыкі, аддзелачнікі-тынкоўшчыкі, маляры, плітачнікі, швачкі, цырульнікі.

Не меншы пералік прафесій у Іўеўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, які мае 35-гадовую гісторыю і рыхтуе кадры для сельскай гаспадаркі. Слесар па рамонту аўтамабіля, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С», машыніст-трактарыст катэгорый «А», «Б», «Д», машыніст халадзільных установак, электраманцёр па абслугоўванні абсталявання – гэтыя спецыяльнасці карыстаюцца папулярнасцю сярод юнакоў. Прычым адначасова тут можна атрымаць да трох прафесій – а гэта залог стабільнага даходу і надзейнай будучыні.

Прэзентаваў сваю навучальную ўстанову і Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці. Хоць з усіх пералічаных устаноў ён найбольш аддалены ад Астраўца, штогод юнакі і дзяўчаты з нашага раёна вырашаюць атрымаць менавіта тут прафесіі прадаўца і швачкі, электраманцёра па рамонту і абслугоўванні электраабсталявання і тэхніка-электрыка, трактарыста катэгорый «А», «Б», «С», «Д», вадзіцеля катэгорыі «С» і слесара. У гэтым годзе папулярнасцю сярод выпускнікоў каледжа карыстаецца завочнае аддзяленне – тут можна пашырыць веды па ўжо атрыманай спецыяльнасці – такой магчымасцю таксама карыстаецца некалькі чалавек з Астравецкага раёна, якія працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС.

Адметнай асаблівасцю гэтай установы з'яўляецца і тое, што тут прымаюць на вучобу выпускнікоў школ, якія навучаліся ў карэкцыйных класах, дзеці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця могуць атрымаць прафесію тынкоўшчыка-маляра.

Словам, выбар рабочых спецыяльнасцей, якія прапаноўваюць ліцэі і каледжы, шырокі – менавіта гэтыя прафесіі сёння запатрабаваны ў сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Таму, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», даведаўшыся больш падрабязна пра навучальныя ўстановы з буклетаў, якія атрымалі школьнікі, яны маюць магчымасць і час зрабіць правільны выбар.


------------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.